Выбрать главу

“Няхай прыгледзяцца адзін да аднаго на свежым паветры, – думала старая, – і будзе, што Бог дасць. Ён брыльянт сярод мужчын, яна таксама добрае дзіцятка, дык, можа, яны і паразумеюцца. Бо гатовая закласціся, ён мае да яе слабасць”.

А праз некалькі дзён непрыемныя ўражанні панны Ізабэлы развеяліся, і яна пашкадавала, што загаварыла са старшынёвай пра Вакульскага.

“Яшчэ падумае, што я б выйшла за яго…” – сказала яна сабе.

Тым часам старшынёва прызналася пані Вансоўскай, якая ў яе гасціла, што ў Заславак прыедзе Вакульскі, вельмі багаты ўдавец, чалавек вельмі неардынарны, якога яна хацела б ажаніць і які, хто ведае, ці не закаханы ў панну Ізабэлу…

Пані Вансоўская вельмі абыякава слухала пра багацце, пра ўдаўство і матрыманіяльныя памкненні Вакульскага. Але, калі старшынёва назвала яго чалавекам незвычайным, яна зацікавілася, а як толькі пачула, што ён, магчыма, закаханы ў панну Ізабэлу, дык уздыбілася, як чыстакроўны конь, якога кранулі шпорамі.

Пані Вансоўская была сапраўдная кабета, яна і ў думках не мела другі раз выходзіць замуж, а пагатоў адбіваць кавалераў у паннаў. Але, пакуль жыла на свеце, яна не магла дазволіць, каб гэткі мужчына мог кахаць нейкую іншую кабету, а не яе. Выгадна ажаніцца ён меў права, пані Вансоўская гатова была яму нават дапамагаць, але кахаць можна было толькі яе. Не таму нават, што яна лічыла сябе самай прыгожай, але з-за таго… гэткую ўжо яна мела натуру.

Пачуўшы, што панна Ізабэла прыязджае сёння, пані Вансоўская гвалтам забрала на прагулку Вакульскага. А калі на гасцінцы пад лесам угледзела воблачка пылу, паднятага каляскаю яе суперніцы, яна павярнула на лугавіну і там наладзіла грандыёзную сцэну з сядлом, якая ў яе не атрымалася.

Тым часам панна Ізабэла прыехала ў двор. Усё таварыства сустрэла яе на ганку, расказваючы на павітанне амаль тыя самыя навіны.

– Ведаеш, – ціха сказала ёй старшынёва, – прыехаў Вакульскі.

– Толькі пані нам не хапала, – выгукнуў барон, – каб Заславак стаў падобны на рай. Бо ўжо маем мы тут вельмі прыемнага таварыша і цудоўнага госця…

Панна Феліцыя Яноцкая адвяла панну Ізабэлу ў бок і са слязьмі ў голасе пачала ёй апавядаць:

– Ведаеш, прыехаў сюды пан Вакульскі… Ах, каб ты ведала, што гэта за чалавек!.. Але лепш я нічога табе не буду казаць, бо ты яшчэ падумаеш, што ён мяне цікавіць… Ну, і ўяві сабе, пані Вансоўская загадала яму ехаць з сабою на прагулку. Удваіх… Каб ты ведала, як ён, бедны, чырванеў… І я разам з ім. Бо і я хадзіла з ім на рыбалку, але тут паблізу, на сажалку, ды яшчэ быў з намі пан Юльян. Але каб я адна з ім паехала конна?.. Ніколі ў жыцці!.. Лепш памерці…

Панна Ізабэла вызвалілася ад іх і пайшла ў прызначаны ёй пакой. “Надакучыў мне гэты Вакульскі,” – падумала яна.

Насамрэч, гэта было не раздражненне, а нешта іншае. Дарогаю панна Ізабэла адчувала непрыязь да старшынёвай за яе неадкладнае запрашэнне, да цёткі – за тое, што тая загадала адразу ж ехаць, а больш за ўсё – да Вакульскага.

“Дык яны, і праўда, хочуць аддаць мяне гэтаму нуварышу? Пабачым, што з гэтага выйдзе!..”

Яна не сумнявалася, што першым чалавекам, які яе прывітае, будзе Вакульскі, і пастанавіла трактаваць яго ганарліва.

Тым часам, Вакульскі не толькі не выбег ёй насустрач, але быў на шпацыры з пані Вансоўскаю.

Гэта прыкра закранула панну Ізабэлу, і яна падумала:

“Якая была з яе какетка, такая і засталася, хоць гадоў трыццаць ужо мае!..”

Калі барон назваў Вакульскага цудоўным госцем, панна Ізабэла адчула нешта падобнае на гонар, але гэта доўжылася не не больш за імгненне. А калі панна Феліцыя адкрыта прызналася ёй у рэўнасці да Вакульскага, дык панна Ізабэла занепакоілася, праўда, толькі на момант.

“Наіўная гэта Феліцыя,” – сказала яна сама сабе.

Карацей, пагарду ў стаўленні да Вакульскага, якую яна планавала дарогаю, затапіла мешаніна такіх пачуццяў, як гнеў, лёгкае задавальненне і трывога. У гэты момант Вакульскі бачыўся панне Ізабэле ўжо іначай, чым раней. Гэта ўжо быў не нейкі там галантарэйны купец, а чалавек, што вярнуўся з Парыжу, быў вельмі багаты і меў сувязі, ім захапляўся барон, з ім какетнічала Вансоўская…

Ледзьве панна Ізабэла паспела пераапрануцца, як у яе пакой прыйшла старшынёва.

– Мая Бэля, – сказала старая, калі пацалавала яе яшчэ раз, – чаму ж Яанна не захацела прыехаць да мяне?

– Тата нездаровы, дык яна не хоча пакідаць яго.

– Прашу цябе… прашу цябе, не варта гэта казаць. Яна не прыедзе, бо не хоча спаткацца тут з Вакульскім, вось і ўвесь сакрэт… – крыху незадаволена адказала старшынёва. – Ён для яе тады добры, калі сыпле грошы на яе прытулак… Скажу табе, Бэля, твая цётка ніколі ўжо не нажыве розуму….