У панне Ізабэле азвалася даўняя горыч.
– Можа, цётка не лічыць адпаведным паказваць столькі спагады купцу, – адказала яна і пачырванела.
– Купец!.. Купец!.. – выбухнула старшынёва. – Вакульскі гэткая ж добрая шляхта, як і Старскія, і нават Заслаўскія… А што тычыцца купецтва… Мая Бэля, Вакульскі не прадаваў таго, што дзед твае цёткі… Можаш сказаць ёй гэта пры нагодзе. Мне лепш пачцівы купец, чым дзесяць аўстрыйскіх графоў. Добра мне вядомая вартасць тых тытулаў.
– Згодзіцца, пані, аднак, што нараджэнне…
Старшынёва іранічна засмяялася.
– Павер мне, Бэля, што нараджэнне – найменшая заслуга тых, хто нараджаецца. А што да чысціні крыві… Ах, Божа! Сапраўднае шчасце, што не надта клапоцімся мы, каб спраўджваць гэтыя рэчы. Кажу табе, пра нараджэнні не варта размаўляць з людзьмі такімі старымі, як я. Бо яны памятаюць і дзядоў, і бацькоў, дык часта толькі дзівяцца, чаму ўнук падобны не да бацькі, а да камердынера. Ну, але заўсёды можна выкарыстаць зручнае тлумачэнне, нібы той увесь час быў перад вачыма.
– Пані, аднак, вельмі падабаецца пан Вакульскі, – ціха прамовіла панна Ізабэла.
– Так, вельмі! – пацвердзіла старая. – Я кахала ягонага дзядзьку і ўсё жыццё была няшчасная, бо адарвалі мяне ад яго, якраз з тае самае прычыны, з-за якое твая цётка старанна пазбягае Вакульскага. Але ён не дасць сябе ў крыўду, не!.. – працягвала старшынёва. – Хто з гэткае галечы здолеў вылезці, хто без ценю заганы зарабіў маёнтак, вывучыўся, як ён, той можа не дбаць пра меркаванне ў салонах. Ты, хіба, ведаеш, якую ён іграе сёння ролю, чаго ён ездзіў у Парыж… Вось, запэўніваю цябе: не ён да салонаў, а салоны да яго прыйдуць, а першая будзе твая цётка, пры першай нагодзе. Я ведаю салоны лепш за цябе, дзіця, і павер мне, яны хутка будуць абіваць парогі ў Вакульскага. Гэта не такі лайдак, як Старскі, і не такі летуценнік, як князь, ані такі безгаловы, як Кшэшоўскі… Гэта чалавек дзеяння… Шчаслівая будзе кабета, якую ён абярэ ў жонкі… На бяду, у нашых паннаў больш запатрабаванняў, чым розуму ды сардэчнасці. Хоць, не ва ўсіх… Ну, але перапрашаю цябе, калі зляцела з языка ў мяне вострае слова. Зараз будзе абед.
З гэтым старшынёва выйшла і пакінула панну Ізабэлу ў глыбокім роздуме.
“Вядома, ён мог бы заняць месца барона, ды яшчэ як… – думала панна Ізабэла. – Той ужо нікуды не варты і дзівакаваты, а гэтага, прынамсі, шануюць людзі. Казя Вансоўская на гэтым знаецца, вось жа – узяла яго на шпацыр… Дык паглядзім, ці пан Вакульскі здолее быць верным… Добрая вернасць, ездзіць з іншаю кабетаю на прагулкі!.. Вельмі па-рыцарску…”
Якраз у гэты час Вакульскі вяртаўся з пані Вансоўскаю са шпацыру і на дзядзінцы фальварка ўбачыў каляску, з якое выпрагалі коней. Нарадзілася ў яго нясмелая здагадка, але ён баяўся запытацца, нават зрабіў выгляд, што не бачыць каляску.
Перад палацам ён аддаў каня хлопцу і загадаў прынесці вады ў свой пакой. І якраз тады, калі збіраўся ўжо спытаць, хто прыехаў, нешта сціснула яму горла, і ён не здолеў прамовіць ані слова.
“Глупства! – думаў ён. – Нават, каб і яна, дык што?.. Гэткая ж кабета, як панна Феліцыя, панна Эвеліна… Але я не такі, як барон…”
Думаючы гэта, ён адчуваў, аднак, што яна для яго не такая, як іншыя кабеты, і каб пажадала, ён паклаў бы ёй да ног увесь маёнтак і ўсё жыццё.
“Глупства! Глупства!.. – ціха паўтараў ён і хадзіў па пакоі. – Тут яе паклоннік, пан Старскі, з якім яна дамаўлялася весела прабавіць вакацыі… Я памятаю тыя позіркі, ах…”
Гнеў закіпаў у ім.
“Пабачым, панна Ізабэла, хто ты такая і чаго ты вартая. Цяпер я буду твой суддзя…” – вырашыў ён.
Пастукаліся ў дзверы, увайшоў стары лёкай. Ён агледзеўся і ціха сказаў:
– Ясная пані загадала паведаміць, што прыехала панна Ленцкая. Калі пан гатовы, дык просіць на абед…
– Скажы, што я ўжо іду, – адказаў Вакульскі.
Калі слуга выйшаў, ён хвіліну пастаяў ля акна, гледзячы ў парк, асветлены касымі промнямі сонца, і на бэзавы куст, на якім весела шчабяталі птушкі. Глядзеў, але на сэрцы ў яго было трывожна ад думкі, як ён сустрэнецца з паннай Ізабэлай…
“Што я ёй скажу, і які ў мяне будзе выгляд?”
Яму здавалася, што ўсе вочы будуць скіраваныя на іх, і што ён скампраметуе сябе нечым.
“Я ж сказаў ёй, што я верны слуга ім… як сабака!.. Але трэба ісці туды…”
Ён выйшаў, вярнуўся, зноў выйшаў на калідор. Да дзвярэй ён падыходзіў марудна, адчуваючы, што губляе сілы і ператвараецца ў прасцяка, які павінен стаць перад каралём.
Ён узяўся за клямку, але спыніўся… У сталовым пакоі гучаў смех кабет. У яго пацямнела ў вачах, ён хацеў уцячы і перадаць праз слугу, што захварэў. Раптам ён пачуў за сабою крокі і штурхануў дзверы.