У пакоі ён убачыў усё таварыства і, галоўнае, панну Ізабэлу, якая размаўляла са Старскім. Яна глядзела на яго тым самым позіркам, а ў яго была гэткая ж іранічная ўсмешка, як тады ў Варшаве…
Імгнення хапіла, каб Вакульскі адчуў, як вярнулася сіла, як яго накрывае хваляю гневу. Ён увайшоў з узнятаю галавою, павітаўся са старшынёвай і пакланіўся панне Ізабэле, якая пачырванела і працягнула яму руку.
– Вітаю пані. Як маецца пан Ленцкі?
– Тата крыху акрыяў. Загадаў кланяцца пану…
– Вельмі прыемна, што ён памятае пра мяне. А пані графіня?
– У цёткі ўсё добра.
Старшынёва села ў фатэль. Прысутныя пачалі займаць месцы пры стале.
– Пан Вакульскі, няхай пан садзіцца побач са мною, – паклікала пані Вансоўская.
– З найвялікшаю ахвотаю, калі жаўнер мае права сесці ў прысутнасці свайго камандзіра.
– Яна ўжо ўзяла над табою ўладу, пане Станіславе? – з усмешкаю спытала старшынёва.
– Але ж так! Рэдка здараецца падобная муштроўка…
– Ён мне помсціць, што заблудзіўся са мною, – заўважыла пані Вансоўская.
– Калі заблукаеш, дык шпацыр робіцца больш прыемным, – адказаў Вакульскі.
– Я быў упэўнены, што так і будзе, але не думаў, што гэтак хутка… – азваўся барон, паказваючы прыгожы набор сваіх штучных зубоў.
– Прашу кузіна перадаць мне соль, – звярнулася панна Ізабэла да Старскага.
– Калі ласка… Ах, рассыпаў!.. Пасварымся.
– Нам ужо, хіба, гэта не пагражае, – з камічнаю сур’ёзнасцю адказала панна Ізабэла.
– Вы дамовіліся ніколі больш не сварыцца? – спытала пані Вансоўская.
– Не маем намеру выбачаць, – адказала панна Ізабэла.
– Цудоўна! – прамовіла пані Вансоўская. – На месцы пана, пане Казіміру, я ўжо пакінула б усе надзеі.
– Хіба ж мне можна было некалі іх мець! – уздыхнуў Старскі.
– Сапраўднае шчасце для нас абаіх… – ціха сказала панна Ізабэла.
Вакульскі слухаў і глядзеў. Панна Ізабэла падтрымлівала гутарку нязмушана і спакойна, пасмейваючыся са Старскага, якога зусім гэта не хвалявала. Крадком, праўда, той кідаў позіркі на панну Эвеліну Яноцкую, якая, ціха размаўляючы з баронам, то румянілася, то бляднела.
Вакульскі адчуў, як з душы ў яго зваліўся камень.
“Відавочна, – думаў ён, – калі ў гэтым таварыстве Старскі і заняты некім, дык толькі паннаю Эвелінаю, а яна – ім…”
У гэты момант абудзілася ў ім радасць і вялікае спачуванне да ашуканага барона.
“Але я перасцерагаць яго не буду! – вырашыў ён. – Хоць радавацца чужой бядзе – нягоднае пачуццё”.
Абед скончыўся, панна Ізабэла падышла да Вакульскага.
– Ці ведае пан, што я адчула, калі ўбачыла пана? – спытала яна. – Засмучэнне. Я прыгадала, як мы ўтрох збіраліся ехаць у Парыж: я, бацька і пан. І з нашае тройцы лёс быў ласкавы толькі да пана. Пан добра бавіўся?.. За ўсіх нас?.. Павінен пан падзяліцца са мною трацінаю сваіх уражанняў.
– А калі яны не былі вясёлыя?
– Чаму?
– Хоць бы таму, што пані не было там, дзе планавалася быць разам.
– Наколькі мне вядома, пан умее добра бавіцца і там, дзе мяне няма, – адказала панна Ізабэла і адышла.
– Пане Вакульскі, – паклікала пані Вансоўская.
Але яна зірнула на яго, на панну Ізабэлу і неахвотна прамовіла:
– Альбо не… ужо не трэба… Даю пану на сёння адпачынак. Хадземце, панства, у парк. Пане Ахоцкі…
– Пан Ахоцкі будзе сёння вучыць мяне метэаралогіі, – азвалася панна Феліцыя.
– Метэаралогіі?.. – перапытала пані Вансоўская.
– Так… Мы якраз ідзем у абсерваторыю…
– Ці пан толькі метэаралогію мае намер выкладаць? – запыталася пані Вансоўская. – На ўсялякі выпадак я параіла б запытацца ў бабулі, што яна думае пра гэту метэаралогію…
– Пані заўсёды робіць мне нейкі скандал! – абурыўся Ахоцкі. – Пані можа ездзіць са мною па хмызняках, а панне Феліцыі нельга нават зазірнуць у абсерваторыю.
– Але ж зазірайце сабе, каханыя мае, а мы пайшлі ўжо ў парк. Барон… Бэла…
Яны выйшлі. У першай пары – пані Вансоўская з паннай Ізабэлай, за імі Вакульскі, далей – барон з нарачонаю, апошнімі – панна Феліцыя з Ахоцкім, які махаў рукамі і даводзіў:
– Нічога ніколі не даведаецца пані новага, адно што – пра чарговы дзівачны капялюш або сёмую ці восьмую фігуру кантрдансу, калі нейкі разумнік яе выдумае. Ніколі і нічога!.. – дадаў ён з драматычнай інтанацыяй у голасе. – Бо заўсёды знойдзецца нейкая баба…
– Фі! Пане Юльяне, хто ж гэтак гаворыць?..
– Так, нязносная баба, якая будзе лічыць непрыстойным, што пані пойдзе са мною ў лабараторыю…