Выбрать главу

– Бо, можа, гэта сапраўды нядобра…

– Так, нядобра!.. Дэкальтэ да пояса – добра, браць урокі спеваў у нейкага італьянца, які не чысціць пазногці…

– Але бачыць пан… Каб маладыя панны заставаліся сам-насам з маладымі людзьмі, дык нейкая з іх магла б і закахацца…

– І што? Няхай кахае. Ці лепш, каб не закахалася і засталася дурніцаю?.. Пані – дзікая кабета, пані Феліцыя…

– О, пане…

– І няхай пані не дурыць мне галавы сваімі воклічамі. Альбо пані хоча вучыцца метэаралогіі, у такім выпадку хадзем наверх…

– Але з Эвелінкаю або з пані Вансоўскаю.

– Добра, добра… Лепш забудземся на гэта, – скончыў Ахоцкі і, каб паказаць, як ён раззлаваўся, запхнуў рукі ў кішэні.

Маладая пара раскрычалася на ўвесь парк, што вельмі цешыла пані Вансоўскую, якая рагатала. Калі тыя сцішыліся, да вушэй Вакульскага данёсся шэпт барона і пані Эвеліны.

– Ці не праўда, – казаў барон, – колькі гэты Старскі страчвае?.. Кожны дзень, пані, адны страты. Пані Вансоўская насміхаецца з яго, панна Ізабэла зусім ігнаруе, нават не цікавіцца ім панна Феліцыя. Заўважыла пані?..

– Так, – ціха адказала нарачоная.

– Гэта адзін з тых маладых людзей, уся аздоба якіх – надзея на добрую спадчыну. Хіба я не маю рацыі?..

– Так.

– А калі знікла надзея на старшынёву, Старскі перастаў быць цікавы. Праўда?..

– Так, – адказала панна Эвеліна і цяжка ўздыхнула. – Я пасяджу тут, – дадала яна гучна, – а пан, можа, прынясе мне шаль з пакоя? Перапрашаю…

Вакульскі павярнуў галаву. Панна Эвеліна ўпала на лаўку бледная і знясіленая, а барон замітусіўся над ёю.

– Я ўжо іду, – сказаў ён. – Пане Вакульскі… можа, пан згодзіцца заступіць мяне… Я пабягу і праз хвіліну вярнуся…

Ён пацалаваў нарачоную ў руку і пайшоў да палаца.

Вакульскі заўважыў раптам, што ногі ў барона, як трэскі, і не надта яго слухаюцца.

– Пан даўно знаёмы з баронам? – спытала панна Эвеліна ў Вакульскага. – Пройдземся крыху да альтанкі…

– Гэтымі днямі якраз меў прыемнасць зблізіцца з ім.

– Ён вялікі прыхільнік пана… Ён кажа, што першы раз спаткаў чалавека, з якім гэтак прыемна пагутарыць.

Вакульскі ўсміхнуўся.

– Вядома, – прамовіў ён, – гэта толькі таму, што ўсе яго размовы толькі пра пані.

Панна Эвеліна моцна пачырванела.

– Так, гэта вельмі высакародны чалавек, ён мяне вельмі кахае… Праўда, паміж намі ёсць розніца ва ўзросце, але гэта не шкодзіць. Дасведчаныя пані сцвярджаюць, што чым муж старэйшы, тым ён больш верны, а для кабеты прывязанасць мужа гэта ўсё, праўда? Кожная з нас шукае ў жыцці кахання, а хто мне можа гарантаваць, што я спаткаю другое, падобнае да гэтага?.. Ёсць людзі і маладзейшыя за яго, і прыгажэйшыя, можа, нават больш здольныя, але ніводзін з іх не сказаў мне, аднак, з гэткаю сардэчнасцю, што шчасце ягонага жыцця – у маіх руках. Ці можна гэтаму супраціўляцца, каб нават гэта і вымагала пэўнае ахвяры? Няхай мне пан скажа.

Яна затрымалася ў алеі і з непакоем пазірала яму ў вочы, чакаючы адказу.

– Я не ведаю, пані. Гэта справа асабістых пачуццяў, – адказаў ён.

– Гэта нядобра, што пан мне гэтак адказвае. Бабуля кажа, што ў пана моцны характар. Я да гэтага ніколі не сустракала людзей з моцным характарам, а сама я маю вельмі слабы. Я не магу супраціўляцца, баюся адмовіць… Можа, я кепска раблю, прынамсі, некаторыя даюць мне зразумець, што я кепска раблю, бо выходжу за барона. І пан так думае? Ці здолеў бы пан унікаць некага, хто б сказаў, што кахае пана больш за ўласную душу, што без узаемнасці рэшта жыцця, якая яму засталася, міне ў самотнасці і роспачы? Каб нехта на вачах пана ляцеў у прорву і маліў аб паратунку, ці не падаў бы пан яму рукі і гэткім чынам не прывязаўся б да яго, пакуль не падышла б дапамога?

– Я не кабета, і ніколі ніхто не прасіў мяне, каб я ахвяраваў дзеля некага свабодаю, дык не ведаю, што б я зрабіў, – незадаволена адказаў Вакульскі. – Але як мужчына, я ведаю, што не стаў бы жабраваць, нават кахання.

– І яшчэ я скажу пані, – дадаў ён (яна глядзела на яго з адкрытым ротам), – я не толькі не прасіў бы, але і не прыняў бы нажабраваную ахвяру сэрца. Гэткія дары бываюць звычайна нясталыя…

Бакавою сцяжынаю да іх бег Старскі. Ён быў моцна заклапочаны і гукаў:

– Пане Вакульскі, дамы шукаюць пана ў ліпавай алеі… Там мая бабуля, пані Вансоўская…

Вакульскі завагаўся, не ведаючы, што яму рабіць.

– О, няхай пан не турбуецца за мяне, – прамовіла панна Эвеліна і пачырванела мацней, чым звычайна. – Зрэшты, зараз прыйдзе барон, і мы ўтраіх далучымся да панства…

Вакульскі развітаўся з імі і пайшоў.