Выбрать главу

“Нішто сабе! – думаў ён. – Панна Эвеліна з літасці выходзіць за барона і, пэўна, з літасці заводзіць раман са Старскім… Я разумею кабету, якая выходзіць замуж з-за грошай, хоць гэта неразумны спосаб заробку… Я разумею нават маладзіцу, якая пасля шчаслівага замужжа раптам закахаецца і падманвае мужа… Яна баіцца скандалу, у яе дзеці, мноства сувязяў… Але панна, якая падманвае нарачонага, гэта нешта новае…”

– Панна Эвеліна!.. Панна Эвеліна!.. – гукаў барон, які набліжаўся да месца, дзе быў Вакульскі.

Той хутка збочыў са сцяжыны і стаў за куст.

“Цікава, – падумаў ён, – што я скажу, калі ён мяне ўбачыць?.. Якога д’ябла было мне ўлазіць ў гэты бруд?..”

– Панна Эвеліна!.. Панна Эвеліна!.. – гукаў барон ужо далей.

“Салавейка вабіць самачку, – думаў Вакульскі. – Аднак, сапраўды, ці можна рашуча асуджаць гэту кабету?.. Яна прызнаецца ўголас, што не мае характару, а ціхенька – што ёй трэба грошы, якіх у яе няма і без якіх яна, як рыба без вады, жыць не можа. Дык што ёй рабіць?.. Выходзіць яна, бедачына, замуж за багатага. Але і сэрца ў яе азываецца, каханак угаворвае ісці замуж, і абое лічаць, што пяшчота старога мужа не сапсуе ім смаку, дык яны робяць вынаходніцтва: здрада перад шлюбам, і нават пра патэнт не стараюцца. Зрэшты, можа, яны гэткія цнатлівыя, што дамовіліся здрадзіць толькі пасля шлюбу… Цудоўная кампанія!.. Грамадства часам прадукуе цікавыя рэчы… І падумаць толькі: кожнаму з нас можа трапіцца падобны прысмак!.. Сапраўды, не варта гэтак давяраць паэтам, калі яны расхвальваюць каханне, як найвышэйшае шчасце…”

– Панна Эвеліна!.. Панна Эвеліна!.. – енчыў барон.

“Якая ж у яго паганая роля, – падумаў Вакульскі. – Я лепш у лоб стрэліў бы сабе, абы не зрабіцца падобным блазнам”.

У бакавой алеі ён спаткаў паняў разам са старшынёваю і яе пакаёўкаю з кошыкам.

– А вось і ты, – звярнулася старая да Вакульскага, – вельмі добра. Пачакай тут Эвелінку з баронам. Можа, ён ўжо знойдзе яе, нарэшце, – дадала яна і злёгку спахмурнела. – А мы з Казяю пойдзем да коней.

– Пан Вакульскі таксама мог бы пачаставаць цукрам свайго каня, які гэтак добра яго насіў сёння, – крыху капрызліва прамовіла пані Вансоўская.

– Не чапай яго, – спыніла яе старшынёва. – Мужчыны любяць толькі язду, а не пяшчоты.

– Няўдзячныя! – ціха сказала пані Вансоўская і падала руку старшынёвай.

Яны пайшлі і хутка зніклі за брамкаю. Пані Вансоўская азірнулася і, убачыўшы, што Вакульскі пазірае на яе, адвярнулася.

– Ці будзем мы шукаць нарачоных? – спытала панна Ізабэла.

– Як пані загадае, – адказаў Вакульскі.

– Дык, можа, лепш не будзем ім назаляць. Падобна, шчаслівыя не любяць сведак.

– Пані ніколі не была шчаслівая?..

– Ах, я?.. Чаму ж не?.. Але не так, як Эвелінка і барон.

Вакульскі ўважліва паглядзеў на яе.

Яна была задуменная і спакойная, як скульптура грэцкае багіні.

“Ну, ужо гэта не будзе ашукваць,” – падумаў Вакульскі.

Яны нейкі час ішлі моўчкі ў бок найбольш здзічэлае часткі парку. Часам між старымі дрэвамі блішчэла ў чырвані сонечнага заходу акно палаца.

– Пан першы раз быў у Парыжы? – спытала панна Ізабэла.

– Першы.

– Які цудоўны горад, праўда?!.. – выгукнула яна, зазіраючы яму ў вочы. – Няхай кажуць, што хочуць, але Парыж, нават пераможаны, не перастаў быць сталіцаю свету. І на пана ён зрабіў гэткае ўражанне?..

– Імпануючае. Мне здаецца, што за некалькі тыдняў знаходжання там дадалося мне сілы і адвагі. Сапраўды, толькі там я навучыўся адчуваць гонар за сваю працу.

– Няхай пан растлумачыць мне гэта.

– Вельмі лёгка. У нас чалавечая праца дае слабыя вынікі: мы ўбогія і занядбаныя. А там праца яснее, як сонца. Якія там гмахі, пакрытыя аздобамі ад дахаў да ходнікаў, нібы каштоўныя шкатулкі! А цэлыя гушчары скульптур ды карцін, цэлыя пушчы машын, а тая прорва фабрычных і рамесніцкіх вырабаў!.. У Парыжы я зразумеў, што чалавек толькі з выгляду істота дробная і слабая. У сапраўднасці гэта геніяльны і бессмяротны волат, які з аднолькавай лёгкасцю варочае скалы і выточвае з іх нешта больш тонкае за карункі.

– Так, – згадзілася панна Ізабэла. – Французская арыстакратыя мела магчымасць і час ствараць гэтыя творы мастацтва.

– Арыстакратыя?.. – перапытаў Вакульскі.

Панна Ізабэла спынілася.

– Пан, хіба, не будзе сцвярджаць, што галерэі Луўру стварыла Канвенцыя або прадстаўнікі Парыжскіх цэхаў?

– Вядома, не, але не стварылі іх і магнаты. Гэта агульная справа французскіх будаўнікоў, муляраў, цесляроў, нарэшце, мастакоў і скульптараў з усяго свету, якія нічога агульнага не маюць з арыстакратыяй. Хіба можна ўвянчаць лайдакоў за працу і заслугі іншых людзей – геніяльных, нават няхай толькі працавітых.