Выбрать главу

“Якія розныя кабеты!.. І ці ж не меў я рацыі, калі выбраў гэту…”

– Магу я задаць пану нетактоўнае пытанне? – азвалася раптам панна Ізабэла мяккім тонам.

– Любое, самае нетактоўнае.

– Праўда, што паехаў пан у Парыж вельмі абражаны на мяне?..

Ён хацеў сказаць, што яшчэ горш за абразу было падазрэнне ў крывадушнасці, але маўчаў.

– Я вінаватая перад панам… Падазравала пана…

– Ці не ў крадзяжы з пасярэдніцтвам жыдоў падчас пакупкі дома? – запытаўся, усміхаючыся, Вакульскі.

– О, не! – жвава адгукнулася яна. – Наадварот, я падазравала пана ва ўчынку вельмі хрысціянскім, якога, аднак, нікому б не магла дараваць. Нават думала, што наш дом купіў пан… занадта дорага…

– Цяпер, хіба, пані ўжо супакоілася.

– Так. Я даведалася, што баранеса Кшэшоўская хоча даць за яго дзевяноста тысяч.

– Праўда? Яна нічога мне не казала, хоць я і чакаў гэтага.

– Я вельмі ўсцешаная, што гэтак сталася, што пан не страціць, бо… толькі цяпер я магу пану падзякаваць ад усяго сэрца, – казала панна Ізабэла, падаючы яму руку. – Я разумею высакароднасць панскае паслугі. Майго бацьку баранеса магла пакрыўдзіць, нават абабраць, а пан выратаваў яго ад банкруцтва, можа, ад смерці… Такія рэчы не забываюцца…

Вакульскі пацалаваў ёй руку.

– Ужо вечар, – прамовіла яна няўпэўнена. – Пойдзем дадому… Усё таварыства ўжо, напэўна, вярнулася з парку…

“Калі яна не анёл, дык я сабака!..” – падумаў Вакульскі.

Усе былі ўжо ў палацы, дзе неўзабаве падалі вячэру. Вечар мінуў весела. Аб адзінаццатай Ахоцкі пайшоў разам з Вакульскім да яго пакоя.

– Што ж? – запытаўся Ахоцкі. – Я чуў, што вы размаўлялі з кузінаю пра арыстакратыю?.. Пераканаў яе пан, што гэта зброд?..

– Не! Панна Ізабэла надта добра бароніць свае ідэі. Як яна хораша гаварыла!.. – адказаў Вакульскі, стараючыся схаваць сваё хваляванне.

– Яна, мусіць, казала пану, што арыстакратыя клапоціцца пра навуку і мастацтва, што без яе не было б добрых манер, а яе становішча – тая мэта, да якой імкнуцца дэмакраты і гэткім чынам робяцца шляхетнымі… Скрозь я чую гэтыя аргументы. Хоць вушы затыкай.

– Пан сам, аднак, верыць у чысціню крыві, – адказаў Вакульскі, якому зрабілася прыкра.

– Вядома… Але тую чыстую кроў трэба няспынна асвяжаць, бо іначай яна хутка псуецца, – адказаў Ахоцкі. – Ну, але дабранач пану. Пабачу, што там кажа анероід, бо ў барона ломіць косці, дык заўтра можа быць вільготнае надвор’е.

Ледзь выйшаў Ахоцкі, як у пакоі Вакульскага з’явіўся барон. Ён кашляў, быў узрушаны, але ўсміхаўся.

– А… цудоўна! – прамовіў ён, але павекі ў яго нервова задрыжалі. – А… цудоўна… здрадзіў мне пан… пакінуў пан маю нарачоную ў парку адну… Я жартую… жартую, – дадаў ён, паціскаючы Вакульскаму руку. – Але… Праўда, мог мець да пана прэтэнзіі, але вярнуўся я досыць хутка і… акурат сутыкнуўся з панам Старскім, які ішоў з іншага канца алеі…

Вакульскі ўжо другі раз за гэты вечар пачырванеў, як падлетак.

“Чаго я ўблытаўся ў гэтыя інтрыгі ды хлусню!” – падумаў ён, усё яшчэ раздражнёны словамі Ахоцкага.

Барон адкашляўся і правіў далей прыцішаным голасам:

– Няхай пан, аднак, не думае, што я раўную нарачоную… Было б гэта вельмі нізка з майго боку… Гэта не кабета, гэта анёл, якому ў любы момант даверыў бы я ўвесь маёнтак, жыццё… Што я кажу, жыццё?.. Склаў бы ў яе рукі жыццё вечнае, і быў бы спакойны ды ўпэўнены, як у тым, што заўтра сонца ўзыдзе… Сонца я магу і не ўбачыць, Божа мой, кожны з нас смяротны, але… Але ў ёй я не сумняюся. Няма ў мяне і ценю сумневу, даю пану слова, пане Вакульскі… Уласным вачам бы не верыў, а не толькі падазрэнням каго б там ні было або намёкам… – скончыў ён гучней.

– Але, бачыць пан, – пачаў ён зноў пасля паўзы, – гэты Старскі – мярзотная фігура. Нікому б я таго не сказаў, але… бачыць пан, як ён абыходзіцца з кабетамі?.. Думае пан, што ён усяго толькі ўздыхае, заляцаецца, моліць пра ласкавае слова і поціск рукі?.. Не, ён іх трактуе як самак самым брутальным чынам… Уздзейнічае ім на нервы сваімі размовамі, сваімі позіркамі…

Барон папярхнуўся, вочы яго наліліся крывёю. Вакульскі слухаў яго і раптам з’едлівым тонам сказаў:

– Хто ведае, бароне, можа, Старскі і мае рацыю. Нас вучылі бачыць у кабетах анёлаў, і мы гэтак да іх ставімся. А калі яны, у першую чаргу, самкі, дык мы ў іх вачах выглядаем большымі дурнямі і недарэкамі, чым ёсць, а Старскі мусіць трыумфаваць. Той з’яўляецца гаспадаром касы, хто мае патрэбны ключ да замка, бароне! – скончыў ён і зарагатаў.

– Пан гэта кажа, пане Вакульскі?..