Выбрать главу

– Я, пане. І не раз узнікала ў мяне пытанне: ці не занадта мы абагаўляем кабет, ці, наогул, не ставімся мы да іх занадта сур’ёзна. Больш сур’ёзна і ўрачыста, чым да саміх сябе…

– Панна Эвеліна выключэнне!.. – закрычаў барон.

– Што існуюць выключэнні, я пярэчыць не буду. Хто ведае, аднак, ці не адкрыў гэты Старскі агульнага правіла.

– Можа быць, – адказаў раззлаваны барон, – але гэта правіла не стасуецца да панны Эвеліны. І калі я аберагаю яе… а хутчэй не жадаю, каб яна мела стасункі са Старскім, бо яна сама не жадае, дык гэта толькі дзеля таго, каб падобны чалавек не скаламуціў яе чыстыя думкі нейкім словам… Ну, але пан стомлены… Перапрашаю за візіт у гэткі неадпаведны час.

Барон выйшаў і ціха зачыніў за сабою дзверы. Вакульскі застаўся адзін, паглыблены ў свае невясёлыя думы.

“Што той Ахоцкі казаў? Нібы ад аргументаў панны Ізабэлы ўжо хоць вушы затыкай? Дык тое, што я чуў, было ў яе не ад узрушанасці, а даўно вывучаным урокам?.. Дык яе довады, захапленне, нават хваляванне – гэта толькі спосаб, з дапамогаю якога добра выхаваныя панны зачароўваюць гэткіх прасцякоў, як я?..

А можа, ён проста закаханы і хоча дыскрэдытаваць яе ў маіх вачах?.. Ну, калі кахае, дык навошта яму дыскрэдытаваць, няхай скажа, а яна няхай абірае… Вядома, Ахоцкі мае болей шанцаў, чым я. Так, я не страціў яшчэ розуму і бачу гэта… Малады, прыгожы, геніяльны… Што ж, няхай абірае: слава ці панна Ізабэла.

Зрэшты, – снаваліся далей яго думкі, – ці мне гэтак важна, што панна Ізабэла ўжывае, часам, тыя самыя аргументы ў дыспутах. Яна не Дух Святы, каб кожны раз казаць нешта новае, і я не аж гэткая асоба, дзеля якой трэба высільвацца на арыгінальнасць. Няхай гаворыць, як хоча…

Галоўнае, што да яе, хіба, не стасуецца агульнае правіла пра кабет… Пані Вансоўская – гэта перадусім прыгожая самка, а яна – не…

Ці не тое самае казаў барон пра сваю панну Эвеліну?..”

Лямпа пачала куродыміць. Вакульскі задзьмуў яе і ўпаў на ложак.

Два наступныя дні ішоў дождж, і госці Заслаўка не выходзілі з дому. Ахоцкі абклаўся кніжкамі і амаль не паказваўся, панна Эвеліна хварэла на мігрэнь, панны Ізабэла і Феліцыя гарталі французскія ілюстраваныя часопісы, а рэшта таварыства на чале са старшынёвай засела за віст.

Пры гэтым Вакульскі заўважыў, што пані Вансоўская замест таго, каб какетнічаць з ім, хоць і былі ўсе ўмовы, паводзіць сябе вельмі абыякава. І яшчэ яго здзівіла, калі яна вырвала руку ў Старскага, які хацеў яе пацалаваць, абразілася ды запатрабавала, каб ён ніколі больш не наважваўся гэтага рабіць. Яе гнеў быў такі шчыры, што Старскі і сам здзівіўся ды збянтэжыўся, а барон, хоць яму і не ішла карта, быў потым у дасканалым гуморы.

– Ці мне таксама не дазволіць пані пацалаваць сваю руку?.. – запытаўся барон праз нейкі час.

– Пану можна, – адказала яна і падала руку.

Барон прыклаўся да яе, як да рэліквіі, з трыумфам пазіраючы на Вакульскага, які падумаў, што яго тытулаванаму прыяцелю, магчыма, рана яшчэ цешыцца.

Старскі гэтак засяроджана глядзеў у свае карты, што, здавалася, не заўважыў таго, што адбылося.

На трэці дзень распагодзілася, а на чацвёрты было ўжо гэтак цёпла і суха, што панна Феліцыя прапанавала пайсці ў грыбы.

Старшынёва загадала ў гэты дзень раней падаць другі сняданак, а абед – пазней. Каля паловы на першую перад палацам стаяла ўжо брычка, і пані Вансоўская дала сігнал сядаць.

– Варта паспяшацца, бо шкада часу… Дзе твой шаль, Эвелінка? Слугі няхай садзяцца ў воз і бяруць кошыкі. А цяпер, – дадала яна і слізганула позіркам па Вакульскім, – кожны з паноў няхай абірае сабе даму…

Панна Феліцыя хацела пратэставаць, але ў гэты момант барон падскочыў да панны Эвеліны, а Старскі – да панны Вансоўскае, якая прыкусіла вусны і прамовіла:

– Я ўжо думала, што пан ніколі мяне не абярэ.

І яна з гневам зірнула на Вакульскага.

– Дык мы, кузінка, будзем трымацца разам, – звярнуўся Ахоцкі да панны Ізабэлы. – Але ў такім разе пані павінна сесці паблізу козлаў, бо я буду правіць.

– Пані Вансоўская не дазваляе, бо пан нас выверне, – закрычала панна Феліцыя, якой лёс прызначыў Вакульскага.

– Чаму не? Няхай правіць, няхай выварочвае… – прамовіла пані Вансоўская. – Я сёння ў такім настроі, што згодная, каб паламалі нам ногі… Бедны той рыжык, што трапіцца мне ў рукі!..

– Я першы з іх, – азваўся Старскі, – калі гаворка пра тое, каб з’есці.

– Чаму не? Калі згодзіцца пан на адсячэнне спачатку галавы, – адказала пані Вансоўская.

– У мяне яе даўно ўжо няма…

– Не даўней, чым я гэта заўважыла… Але сядайма і паехалі.

XXVII. ЛЯСЫ, РУІНЫ І ЧАРЫ