Яны рушылі.
Барон, як звычайна, шаптаўся з нарачонаю. Старскі нястрымна заляцаўся да Вансоўскае, якая, што дзівіла Вакульскага, прымала гэта досыць зычліва, а Ахоцкі правіў чацверыком. Тым разам, аднак, яго фурманскаму энтузіязму перашкаджала суседства панны Ізабэлы, да якое ён штохвіліны паварочваўся.
“Забаўны птах гэты Ахоцкі! – думаў Вакульскі. – Мне кажа, што ад аргументаў паны Ізабэлы яму хоць вушы затыкай, а цяпер толькі з ёю і размаўляе… Вядома, ён хацеў мяне знеахвоціць…”
І настрой у яго зрабіўся вельмі змрочны, бо ён быў ужо амаль пэўны, што Ахоцкі закаханы ў панну Ізабэлу, і што з гэтакім канкурэнтам няма чаго і змагацца.
“Малады, прыгожы, здольны… – думаў ён. – Яна б не мела вачэй, хіба, або розуму, каб, абіраючы паміж ім і мною, не аддала перавагі яму… Але і ў такім выпадку я мусіў бы прызнаць яе высакародную натуру, бо ёй падабаецца Ахоцкі, а не Старскі. Бедны барон, а яшчэ больш бедная яго нарачоная, якая гэтак відавочна зачараваная Старскім. Трэба мець зусім пустую галаву і сэрца…”
Ён глядзеў на восеньскае сонца, шэрую пожню ды на валоў, запрэжаных у плугі, якія аралі на ўзгорку, і поўны глыбокага смутку ў душы ўяўляў сабе хвіліну, калі зусім ужо страціць надзею і саступіць месца пры панне Ізабэле Ахоцкаму.
“Што ж рабіць?.. Што ж рабіць, каля яна яго абрала… На сваю бяду ўбачыў яе…”
Яны заехалі на ўзгорак, перад імі адкрыўся далягляд – некалькі вёсак, лес, рака і мястэчка з касцёлам.
Брычка хісталася.
– Цудоўны краявід! – выгукнула пані Вансоўская.
– Як з паветранага балону, якім кіруе пан Ахоцкі, – дадаў Старскі, трымаючыся за парэнчы.
– Пан лятаў на балоне? – запыталася панна Феліцыя.
– На балоне пана Ахоцкага?..
– Не, на сапраўдным…
– На жаль, не! Ні на якім я не лятаў, – уздыхнуў Старскі. – Але зараз мне здаецца, што лячу і на вельмі кепскім.
– Пан Вакульскі, пэўна, лятаў, – прамовіла тонам глыбокага пераканання панна Феліцыя.
– Але, Фэля, у чым ты яшчэ пачнеш падазраваць пана Вакульскага! – папракнула яе пані Вансоўская.
– Сапраўды, я лятаў… – адказаў Вакульскі.
– Пан лятаў?... Ах, як добра! – закрычала панна Феліцыя. – Няхай нам пан раскажа…
– Лятаў пан?.. – азваўся з козлаў Ахоцкі. – Тпру!.. Няхай пан пачакае з апавяданнем, я зараз.
Ён кінуў лейцы фурману, хоць яны ў гэты момант якраз з’язджалі з гары, саскочыў з козлаў і праз момант сеў у брычку насупраць Вакульскага.
– Лятаў пан?.. – паўтарыў ён. – Дзе?.. Калі?..
– У Парыжы, але на прывязаным балоне. Паўвярсты ўгару, якое гэта падарожжа, – адказаў крыху збянтэжаны Вакульскі.
– Няхай пан працягвае… Павінна быць досыць грандыёзнае відовішча?.. Што пан адчуваў?.. – пытаўся Ахоцкі. Ён дзіўна змяніўся, вочы ў яго пашырыліся, твар пачырванеў. Гледзячы на яго, цяжка было сумнявацца, што ў гэты момант яму не ў галаве панна Ізабэла.
– Гэта павінна быць неверагодна прыемна… Кажы, пан… – упарта прасіў ён і трос Вакульскага за калена.
– Краявід, сапраўды, цудоўны, – адказаў Вакульскі. – Бо далягляд аддаляецца на некалькі дзясяткаў вёрст, і ўвесь Парыж з ваколіцамі выглядае, як рэльефная мапа. Але падарожжа нецікавае, можа, першы раз, хіба…
– А ўражанні якія?..
– Дзіўныя. Чалавек мяркуе, што ён сам паляціць угару, і раптам бачыць, што не ён, а зямля хутка аддаляецца ў яго з-пад ног. Гэты падман такі нечаканы і прыкры, што… хочацца выскачыць…
– Што ж яшчэ?... – налягаў Ахоцкі.
– Другое дзіва – далягляд, які пастаянна застаецца на вышыні вачэй. У выніку зямля выглядае ўвагнутай, як вялізная глыбокая міса.
– А людзі?.. Дамы?..
– Дамы бачацца, як скрыначкі, трамваі – як вялікія мухі, а людзі – як чорныя кроплі, што хутка бягуць у розных кірунках, цягнучы за сабою доўгія цені. Наогул, гэта падарожжа поўнае неспадзяванак.
Яны даехалі ўжо да лесу, а за імі – і воз з дзвюма служанкамі. Пані ўзялі сабе па кошыку.
– А цяпер дамы разам са сваімі кавалерамі – усе ў розныя бакі! – скамандавала пані Вансоўская. – Пане Старскі, папярэджваю, настрой у мяне сёння выключны. А што гэта значыць, калі ў мяне выключны настрой, ведае пан Вакульскі, – дадала яна з нервовым смяшком. – Пан Ахоцкі, Бэля, калі ласка, у лес, і не паказвайцеся, пакуль… не назбіраеце поўныя кошыкі рыжыкаў… Фэля!..
– Я пайду з Міхалінкаю ды Асяю! – хутка адказала панна Феліцыя, пазіраючы на Вакульскага, нібы ён быў ворагам, супраць якога неабходна ўзброіцца двума служанкамі.
– Ну, хадзем жа, кузіне, – звярнулася да Ахоцкага панна Ізабэла, бо ўсё таварыства рушыла ўжо ў лес. – Але вазьмі мой кошычак і сам збірай рыжыкі, бо мне, прынамсі, гэта не цікава.