Выбрать главу

Ахоцкі ўзяў у яе кошык і кінуў яго на воз.

– Нашто мне вашы рыжыкі! – адказаў ён пахмурна. – Я страціў два месяцы на рыбалцы, на грыбах, забаўленнем дам ды на падобнай лухце… Іншыя гэтым часам ляталі на балоне… Я збіраўся ў Парыж, але старшынёва гэтак настойвала, каб я ў яе адпачыў… І добра адпачыў… Здурнеў дарэшты… Ужо нават і думаць перастаў пра нешта сур’ёзнае… страціў здольнасці… Гэх! Не чапляйцеся вы да мяне з вашымі рыжыкамі… Аж зла не хапае!..

Ён махнуў рукою, потым запхнуў рукі ў кішэні і пайшоў у лес са звешанаю галавою, нешта мармычучы сабе пад нос.

– Добры таварыш! – азвалася з усмешкаю панна Ізабэла да Вакульскага. – Гэтак будзе ўжо з ім да канца вакацыяў… Я была ўпэўненая, што сапсуецца ў яго настрой, як толькі Старскі згадаў балон…

“Дабраславёныя балоны! – падумаў Вакульскі. – Такі канкурэнт не з’яўляецца небяспечным…”

У гэты момант ён адчуў, што любіць Ахоцкага.

– Я перакананы, – звярнуўся ён да панны Ізабэлы, – што кузін пані зробіць вялікае адкрыццё. Хто ведае, ці не станецца гэта эпохаю ў гісторыі чалавецтва… – дадаў ён, думаючы пра праекты Гейста.

– Пан гэтак мяркуе? – досыць абыякава запыталася панна Ізабэла. – Можа быць… Кузін часам дэманструе нявыхаванасць, бывае, гэта яму пасуе, але часам ён нудны, і гэта не пасуе нават вынаходнікам. Калі я гляджу на яго, дык прыгадваецца мне адна гісторыйка пра Ньютона. Быў гэта, падобна, вельмі вялікі чалавек, праўда, пане?.. Але што ж, калі аднойчы, седзячы з паненкаю, ён узяў яе за руку і… ці пан паверыць?.. пачаў чысціць сваю люльку яе малым пальцам!.. Ну, калі да гэтага даводзіць геніяльнасць, дзякуй, але я не жадаю геніяльнага мужа!.. Пройдземся крыху па лесе, добра, пане?

Кожнае слова панны Ізабэлы лагодзіла сэрца Вакульскага, як кропля мёду.

“Дык ёй падабаецца Ахоцкі (бо каму ж ён не падабаецца), але яна не выйдзе за яго!..”

Яны ішлі вузкай сцежкай паміж двух узлескаў: направа былі дубы і букі, а злева – хвоі.

Паміж хвоямі час ад часу мільгаў чырвоны шалік пані Вансоўскае або белая накідка панны Эвеліны. У адным месцы дарога раздвойвалася, і Вакульскі хацеў збочыць, але панна Ізабэла стрымала яго:

– Не, не, – сказала яна, – туды мы не пойдзем, бо страцім з вачэй усю кампанію, а для мяне лес толькі тады прыгожы, калі я бачу ў ім людзей. Тады я разумею яго… Няхай пан зірне… Праўда, гэта частка падобная на вялізны касцёл?.. Гэты шэраг хвояў – калоны, там – бакавы неф, а тут – вялікі алтар. Бачыць пан, бачыць?.. Вось засвяціла сонца з-за галінаў, як у гатычным акне. Якая разнастайнасць! Тут мае пан дамскі будуар, а гэтыя нізкія кусцікі – гэта зэдлікі. Нават люстра ёсць, якое засталося пасля нядаўняга дажджу… А тут вуліца, праўда?.. Крыху крывая, але вуліца… А там ужо рынак або пляц… Ці бачыць пан усё гэта?

– Бачу, калі мне пані паказвае, – з усмешкаю адказаў Вакульскі. – Трэба, аднак, мець вельмі паэтычную фантазію, каб заўважыць гэтае падабенства.

– Праўда?.. А я заўсёды думала, што я празаічная…

– Можа, пані яшчэ не мела магчымасці адкрыць усе свае таленты, – адказаў Вакульскі, незадаволены набліжэннем панны Феліцыі.

– Што гэта? Панства не збірае рыжыкі? – здзівілася панна Феліцыя. – Цудоўныя рыжыкі, іх гэтак шмат, што нам не хопіць кошыкаў і давядзецца сыпаць проста ў брычку. Даць табе, Бэля, кошык?..

– Дзякуй, не!

– А пану?

– Не ведаю, ці здолеў бы я адрозніць рыжык ад мухамора?

– Цудоўна! – закрычала панна Фэля. – Не спадзявалася я ад пана гэткага адказу… Усё скажу бабулі і папрашу, каб не дазволіла есці рыжыкі, прынамсі, тыя, што я назбірала.

Яна кіўнула галавою і адышла.

– Абразіў пан Феліцыю, – сказала панна Ізабэла. – Гэта нядобра… Яна да пана гэткая спагадлівая.

– Панне Феліцыі падабаецца збіраць рыжыкі, а мне цікавей слухаць лекцыю пані пра лес.

– Мяне гэта вельмі цешыць, – адказала злёгку зачырванелая панна Ізабэла, – але я ўпэўненая, што хутка надакучыць пану мая лекцыя. Бо для мяне не заўсёды лес прыгожы, часам ён здаецца мне жахлівым. Каб я тут апынулася адна – дакладна, не бачыла б ані вуліц, ані касцёлаў, ані будуараў. Адну мяне лес палохае. Ён перастае быць дэкарацыяй, а пачынае быць нечым такім, чаго я не разумею і чаго баюся. Галасы птушак нейкія дзікія, часам падобныя да раптоўнага балеснага крыку, а часам да рогату, нібыта я насмелілася прыйсці да монстраў. Тады кожнае дрэва падаецца мне жывою істотаю, якая хоча схапіць мяне сваімі галінамі і задушыць, кожная зёлка здрадліва стараецца аплесці мне ногі, каб ужо не выпусціць… А ва ўсім вінаваты кузін Ахоцкі, які тлумачыў мне, што прырода створаная не для чалавека… Паводле ягонай тэорыі, усё кругом жывое і ўсё жыве дзеля сябе…