– Ён мае рацыю, – ціха прамовіў Вакульскі.
– Як? Дык і пан у гэта верыць? Дык, паводле пана, гэты лес не прызначаны на карысць людзям, а мае нейкі свой уласны інтарэс, не горшы за наш?..
– Я бачыў пушчы, у якіх чалавек не з’яўляўся гадамі, аднак яны буялі…
– Ах, няхай пан гэтак не кажа!.. Гэта прыніжэнне чалавечае вартасці, неадпаведнае нават Святому Пісанню. Бог жа аддаў людзям зямлю, каб яны на ёй жылі, а расліны і жывёл – на спажыванне…
– Карацей кажучы, паводле пані, прырода павінна служыць людзям, а людзі – класам прывілеяваным і тытулаваным?.. Не, пані. І прырода, і людзі жывуць сваім жыццём, і толькі тыя маюць права валодаць імі, хто мае больш сілы і больш працуе. Сіла і праца з’яўляюцца адзінымі прывілеямі на свеце. Часта бывае, што тысячагадовыя, але спарахнелыя дрэвы падаюць пад сякерамі каланістаў, але, нягледзячы на гэта, у прыродзе не здараецца ніякага перавароту. Сіла і праца, пані. Не тытул і не паходжанне…
Панна Ізабэла была незадаволеная.
– Тут пан можа мне гаварыць, што хоча, – сказала яна. – Тут я паверу ва ўсё, бо навокал бачу толькі панскіх хаўруснікаў.
– Ці яны ніколі не стануць хаўруснікамі пані?!
– Не ведаю… можа… Я гэтак часта цяпер чую пра іх, што некалі здолею паверыць у іх сілу.
Яны выйшлі на паляну перад пагоркам, парослым крывымі хвоямі. Пана Ізабэла села на пень ссечанага дрэва, а Вакульскі – непадалёк ад яе на зямлю.
У гэты момант на ўскрайку паляны з’явілася пані Вансоўская са Старскім.
– Ці не хочаш, Бэля, – закрычала яна, – узяць сабе гэтага кавалера?
– Пратэстую! – азваўся Старскі. – Панна Ізабэла цалкам задаволеная сваім таварышам, а я – сваёй таварышкай…
– Гэта так, Бэля?
– Так, так! – закрычаў Старскі.
– Няхай будзе так… – паўтарыла панна Ізабэла, гледзячы ў зямлю і нешта крэслячы парасонам.
Пані Вансоўская і Старскі зніклі на ўзгорку, панна Ізабэла ўсё больш нецярпліва круціла парасонам. У Вакульскага кроў пульсавала ў скронях, як звон. Маўчанне ўжо зацягнулася, першая азвалася панна Ізабэла:
– Амаль год таму былі мы ў гэтым месцы ў верасні на маёўцы… Было каля трыццаці чалавек з суседства… Вось там палілі вогнішча…
– Пані было весялей, чым сёння?
– Не. Я сядзела на гэтым самым пні, і было мне неяк сумна… Нечага мне бракавала… І, што са мною вельмі рэдка здараецца, думала: што ж будзе праз год?..
– Дзіўна!.. – ціха прамовіў Вакульскі. – Я таксама прыблізна год таму стаяў з абозам у лесе, але ў Балгарыі… Я думаў, ці буду жывы праз год і…
– І пра што яшчэ?
– Пра пані.
Панна Ізабэла неспакойна паварушылася і крыху збляднела.
– Пра мяне?.. – перапытала яна. – Хіба ж пан мяне ведаў?..
– Так. Я ведаю пані ўжо некалькі гадоў, але здавалася мне часам, што ведаю пані цэлыя стагоддзі… Час моцна расцягваецца, калі мы пра некага думаем няспынна, наяве і ў сне…
Яна паднялася з пня, нібы жадаючы ўцякаць. Вакульскі таксама падняўся.
– Няхай пані прабачыць, калі я міжвольна пакрыўдзіў пані. Можа, паводле пані, такія, як я, не маюць права думаць пра пані?.. Нават гэткая забарона магчымая ў вашым свеце. Але я належу да іншага… У маім свеце папараць і мох гэтак жа маюць права глядзець на сонца, як хвоі або… грыбы. Таму няхай мне пані проста скажа, можна або няможна мне думаць пра пані? На сёння не жадаю я нічога болей.
– Я пана амаль не ведаю, – прамовіла відавочна заклапочаная панна Ізабэла.
– Я таксама сёння нічога не ведаю. Пытаюся толькі, ці не лічыць пані за абразу для сябе, што я думаю пра пані, нічога іншага – толькі думаю. Я ведаю меркаванне класа, у якім выхавалася пані, пра такіх людзей, як я, і разумею: тое, што я кажу ў гэты момант, можна назваць залішняй смеласцю. Дык няхай мне пані скажа наўпрост, калі аж такая існуе паміж намі няроўнасць, я пакіну свае старанні спадабацца пані… Паеду сёння або заўтра без ценю прэтэнзіі, наадварот, цалкам вылечаны.
– Кожны чалавек мае права думаць… – адказала панна Ізабэла, якая бянтэжылася ўсё больш.
– Дзякую пані. Гэтымі словамі дала мне пані зразумець, што ў яе вачах я не стаю ніжэй за Старскіх, маршалкаў ды ім падобных… Я разумею, што нават пры такой умове магу яшчэ не заслужыць прыхільнасці пані… Да гэтага вельмі далёка… Але я ведаю, прынамсі, што ўжо маю чалавечыя правы, і што пані будзе з гэтага часу ацэньваць мае ўчынкі, а не тытулы, якіх у мяне няма.
– Пан жа, прынамсі, шляхціц і, як кажа старшынёва, не горшы за Старскіх ды Заслаўскіх…
– Так, калі пані жадае, я шляхціц, нават лепшы за шмат каго з тых, якіх я сустракаю ў салонах. На бяду, я яшчэ і купец.