“Ах, глупства, – думаў ён, – навошта ёй мяне ашукваць!.. Ёй – мяне! Калі я нават не нарачоны”.
Ён пастараўся пазбавіцца сваіх падазрэнняў, і толькі прыкра яму было, што Старскі сядзіць побач з паннаю Ізабэлаю. Але толькі крыху…
“Ну, прынамсі, не забараню ж я ёй, – думаў ён, – сядаць з тым, з кім яна хоча. І не буду прыніжацца да рэўнасці, бо, як бы там ні было, а гэта подлае пачуццё, і часцей за ўсё неабгрунтаванае… Зрэшты, каб яны са Старскім хацелі абменьвацца чулымі позіркамі, дык не рабілі б гэтага так яўна. Вар’ят з мяне…”
Праз пару гадзін яны былі ўжо на месцы.
Заслаўле, некалі мястэчка, а цяпер ціхая вёска, стаіць у нізіне сярод заліўных лугоў. Апроч касцёла і даўняе ратушы, усе будынкі аднапавярховыя, драўляныя і старыя. Пасярод рынку, а хутчэй, пляца ў выбоінах ды калдобінах, высозная гара смецця і студня пад дзіравым дахам, які падтрымліваюць чатыры слупы.
З нагоды шабасу рынак быў пусты, а ўсе крамкі замкнёныя.
У паўднёвым баку за вярсту ад мястэчка ўздымаліся ўзгоркі. На адным з іх стаялі руіны замка: дзве шасцікутныя вежы, на адной з якіх буяла пустазелле, а на другой вырасла купа дубоў.
Калі падарожнікі спыніліся на рынку, Вакульскі выйшаў, каб пабачыцца з пробашчам, а Старскі пачаў камандаваць.
– Дык мы, – сказаў ён, – паедзем брычкаю да тых дубоў і з’ядзім тое, што Бог даў, а кухары прыгатавалі. Брычка вернецца сюды па пана Вакульскага.
– Дзякуй, – адказаў Вакульскі. – Я не ведаю, колькі тут давядзецца затрымацца, дык лепш прайдуся пешкі. Зрэшты, мне яшчэ трэба падыйсці да руін…
– І я з панам, – азвалася панна Ізабэла. – Я хачу зірнуць на любімы камень старшынёвай… – дадала яна ціха. – Прашу даць мне знак, як пан там будзе.
Брычка ад’ехала, Вакульскі зайшоў на плябань і за чвэрць гадзіны вырашыў справу. Пробашч запэўніў яго, што ніхто ў горадзе не будзе мець прэтэнзій, калі на замкавым камені з’явіцца нейкі надпіс, абы не быў ён блюзнерскім або бязбожным… А калі пробашч даведаўся, што гаворка пра памятку па нябожчыку капітане Вакульскім, якога ён ведаў асабіста, дык паабяцаў, што сам зоймецца гэтым.
– Ёсць тут нейкі Венгелек, рукасты, прайдзісвет: і каваль крыху, і цясляр, дык, можа, ён здолее выбіць на камені тое, што трэба. Зараз я па яго пашлю.
Хвілін праз пятнаццаць з’явіўся Венгелек, хлопец гадоў дваццаці з лішкам. Твар у яго быў вясёлы і кемлівы. Калі ён пачуў ад слугі ксяндза, што ёсць магчымасць зарабіць, дык прыбраўся ў шарачковы сурдут з кароткім станам і поламі да зямлі ды шчодра намазаў сабе валасы лоем.
Вакульскі спяшаўся скончыць справу, таму ён развітаўся з пробашчам і пайшоў з Венгелькам да руін.
Калі яны зайшлі ўжо за рагатку, зачыненую ў той дзень, Вакульскі спытаў у хлопца:
– Ці добра ты ўмееш пісаць, браце?
– Авой! Мне з суду не раз давалі перапісваць, хоць почырк у мяне і не надта. А тыя вершы, што пан эканом з Атроча пісаў дачцэ лесніка, гэта мая работа. Ён толькі купляў паперу і яшчэ не заплаціў мне сорак грошай за пісанне. А на вензелі не забываўся…
– І на камені здолееш напісаць?
– Калі не выпуклыя літары, а выбітыя… Што тут не здолець? Я нават на жалезе напісаў бы, нават на шкле, ды літарамі, якімі хочаш: прапіснымі, друкаванымі, нямецкімі, жыдоўскімі… Гэта ж я тут, не хвалячыся, усе шыльды намаляваў у мястэчку.
– І таго кракавяка, што вісіць над шынком?
– Няўжо ж.
– І дзе ж ты бачыў гэткага кракавяка?
– У пана Звольскага ёсць фурман з кракаўскіх, дык я на яго глядзеў.
– І ўбачыў, што ён мае абедзве нагі левыя?
– Прашу прабачэння, але людзі з правінцыі глядзяць не на ногі, а на бутэльку. Як убачыць хто з іх бутэльку ды кілішак, дык ужо не схібіць – проста да Шмуля трапіць.
Увішны хлопец усё больш падабаўся Вакульскаму.
– Ты не жанаты яшчэ? – спытаў ён.
– Не. З такою, што ходзіць у хустцы, я не ажанюся, а тая, што ў капелюшы, мяне не захоча.
– А што ж ты робіш, калі няма шыльдаў для малявання?
– О, пане, то тое, то сёе, а ўвогуле – нічога. Раней займаўся цяслярствам, не ўгнацца было за мною. За нейкіх пару гадоў адклаў тысячу рублёў. Але пагарэў летась, і з таго часу не магу ачомацца. Дрэва, варштаты – дымам пайшло. Быў гэткі пажар, што самыя цвёрдыя напільнікі расплавіліся, як смала. Калі ўбачыў я пажарышча, дык аж плюнуў ад злосці, а сёння мне і сліны той шкада…