Я быў раз’юшаны. Як-ніяк, а я – экс-паручнік венгерскае пяхоты, аднак не магу зразумець: чым нямецкі паркалік лепшы за маскоўскі? Але з маім купцом гаворкі не было. Ён, злыдзень, гэтак варушыў брывамі, гэтак паціскаў плячыма і раскладаў рукі, што я ўжо падумаў быў, нібы ён – вялікі патрыёт, а сам я – лайдак, хоць у той час, калі ён набіваў кішэні рублямі ды імперыяламі, безліч куляў ляцела ў мяне над галавою.
Вядома, я распавёў пра гэта Стаху, які паслухаў і сказаў:
– Супакойся, мой каханы. Тыя самыя людзі, якія мяне папярэджваюць, што Сузін – шэльма, месяц таму пісалі Сузіну, што я банкрут, махляр, былы бунтаўнік.
Пасля размовы з тым пачцівым купцом, прозвішча якога нават называць не хочацца, і пасля ўсіх атрыманых ананімак, пастанавіў я запісваць, што кажуць добрыя людзі пра Вакульскага.
Вось першая порцыя: Стах – кепскі патрыёт, бо танным паркалем зашкодзіў крыху лодзьскім фабрыкантам. Bene!.. Пабачым, што будзе далей.
У кастрычніку, дзесьці ў той час, калі Матэйка скончыў маляваць Грунвальдскую бітву (вялізная гэта карціна і велічная, толькі не трэба яе паказваць жаўнерам, якія бралі ўдзел у бітвах), забягае ў склеп Марушэвіч, той сябра пані баранесы Кшэшоўскае. Гляджу на яго – магнат з магнатаў! На пузе, а хутчэй на тым месцы, дзе ў людзей пуза, залаты ланцуг, тоўсты – на паўпальца, а доўгі, хоць ты сабак на ім вадзі. На гальштуку – брыльянтавая шпілька, на руках – новыя пальчаткі, на нагах – новыя чаравікі, а на ўсім целе (лядашчае гэта цела, змілуйся, Божа!) – новы гарнітур. І твар пры гэтым, нібы аніводнае ніткі на ім у крэдыт, а ўсё – за гатоўку. (Пазней Клейн, які жыве з ім у адным доме, прасвяціў мяне, што Марушэвіч гуляе ў карты і апошнім часам яму шанцуе.)
Дык залятае гэты франт у краму ў капелюшы на галаве ды з эбенавым кійком у руцэ, неспакойна азіраецца навокал (у яго звычайна бегаюць вочы) і пытаецца:
– Пан Вакульскі тут?.. А, пан Жэцкі!.. На пару слоў…
Вышлі мы з ім за шафы.
– Я з цудоўнаю навіною, – пачаў ён, пяшчотна паціскаючы мне руку. – Можаце, панове, прадаць сваю камяніцу, тую, былую Ленцкага… Баранеса Кшэшоўская яе купіць. Яна ўжо адсудзіла ў мужа свае капіталы і, калі здолееце дамовіцца, дасць дзевяноста тысяч рублёў, можа, нават і адступнога…
Ён мусіў заўважыць задавальненне на маім твары (мне гэта пакупка камяніцы ніколі не падабалася), бо сціснуў мне руку мацней, наколькі гэткі здыхляк здольны моцна нешта рабіць, і, соладка ўсміхаючыся (ванітавала мяне ад гэтай саладжавасці), зашаптаў:
– Магу аказаць панам паслугу… важную паслугу… Пані баранеса вельмі лічыцца з маім меркаваннем і… калі я…
Тут ён кашлянуў.
– Разумею, – азваўся я, здагадваючыся, з кім маю справу. – Пану Вакульскаму, вядома, нескладана будзе ацаніць клопаты пасярэдніка.
– Але ж, пане, прашу прабачэння, – абурыўся ён, – што такое?! З прапановаю да паноў прыйдзе адвакат баранесы. Зрэшты, я не пра сябе клапачуся… Мне цалкам стае таго, што ў мяне ёсць… Але я ведаю адну бедную сям’ю, якой, па маёй рэкамендацыі, калі захочаце, панове…
– Калі ласка, пане, – спыніў я яго, – нам было б лепш уручыць нейкую суму наўпрост пану, калі, вядома, справа дойдзе да выніку.
– О, за тое, што дойдзе, я магу паручыцца гонарам! – запэўніў пан Марушэвіч.
Аднак я не даў яму слова, што ён атрымае за пасярэдніцтва, дык той пару хвілін яшчэ пакруціўся ў краме і пайшоў, пасвістваючы.
Пад вечар я расказаў усё Стаху, але той у адказ прамаўчаў, што мяне збянтэжыла. Дык на другі дзень я паспяшаўся да нашага адваката (які адначасова і адвакат князя) ды пераказаў яму навіну Марушэвіча.
– Дае дзевяноста тысяч рублёў!.. – здзівіўся адвакат (гэта вельмі вядомы чалавек). – Але ж, дарагі пане Жэцкі, цяпер камяніцы даражэюць, у наступным годзе нават збіраюцца пабудаваць сотні дзве новых… Такім чынам, дарагі пане Жэцкі, калі прададзім наш дом нават за сто тысяч рублёў, дык яшчэ зробім ім ласку… У пані баранесы надта загарэліся вочы на гэту камяніцу (калі падобны выраз уласцівы ў дачыненні да гэтакіх высакародных дам), і мы можам вытаргаваць значна большую суму, дарагі пане Жэцкі.
Я развітаўся са знакамітым адвакатам і вярнуўся ў краму, абяцаючы сабе ні за што больш не ўмешвацца ў продаж камяніцы. Апроч таго, падумалася мне, зрэшты, не першы ўжо раз, што Марушэвіч – спрытнюга, якіх пашукаць.
Зараз, калі я супакоіўся ўжо настолькі, што магу ўпарадкаваць свае думкі, апішу ненавісны суд пані баранесы з тым анёлам, з тою дасканалаю кабетаю, пані Стаўскаю. Каб я не апісаў яго, дык праз год ці два засумняваўся б ва ўласнай памяці, што магло здарыцца гэткае вычварэнства.