Выбрать главу

Дык не забывай жа, дарагі Ігнацы, што, па-першае, пані баранеса Кшэшоўская даўно ўжо незалюбіла пані Стаўскую, бо думае, што ўсе, як адзін, у тую закаханыя, а па-другое, пані баранеса хоча як мага танней купіць у Вакульскага камяніцу. Абодва гэтыя факты істотныя, а важнасць іх я спасціг толькі цяпер. (Як я старэю, Божа міласэрны, як я старэю!..)

Пасля знаёмства з пані Стаўскай я бываў у яе досыць часта. Не скажу, каб кожны дзень. Часам раз на некалькі дзён, а часам і два разы на дзень. Я ж мусіў апекавацца тою камяніцаю, гэта адно. А потым, трэба было паведаміць пані Стаўскай, што напісаў Вакульскаму ў справе пошукаў яе мужа. Потым давялося ехаць з весткаю, што Вакульскі не дазнаўся нічога пэўнага. Потым наведаў, каб з вокнаў яе кватэры паназіраць за Марушэвічам, які жыў у афіцыне насупраць. Іншым разам трэба было прыгледзецца да пані Кшэшоўскае і да яе дачыненняў са студэнтамі, што жылі паверхам вышэй і на якіх яна няспынна скардзілася.

Нехта з боку мог бы падумаць, што я бываю ў пані Стаўскае занадта часта. Але сам я, добра разважыўшы, прыйшоў да высновы, што бываў у яе занадта рэдка. Бо з яе вокнаў быў дасканалы пункт назірання за ўсёю камяніцаю, ну і да таго ж прымалі мяне там вельмі гасцінна. Пані Місевічова (шаноўная матка пані Гэлены) кожны раз вітала мяне ледзь не з абдымкамі, малая Гэлюня залазіла мне на калені, а сама пані Стаўская рабілася больш вясёлаю, як мяне бачыла, і казала, што ў той час, калі я ў іх, яна забывае пра свае клопаты!..

Ці мог я, калі мяне так прымалі, не бываць там часта? Далібог, мяркую, што бываў я там рэдка, і каб меў больш рыцарскіх якасцяў, мусіў бы праседжваць там з раніцы да вечара. Няхай бы нават пані Стаўская і апраналася пры мне. Чым бы гэта мне зашкодзіла?

Падчас тых візітаў зрабіў я некалькі важных назіранняў.

Спачатку тыя студэнты з чацвёртага паверху; яны і праўда былі людзьмі неспакойнага нораву. Да другое гадзіны ночы спявалі, галёкалі, часам нават раўлі і наогул стараліся выдаваць як найбольш нялюдскіх гукаў. Цягам дня, калі хоць адзін з іх быў дома, – а нехта звычайна заўсёды заставаўся, – яны пільнавалі, ці не вытыркне пані баранеса галаву ў фортку (а рабіла яна гэта не менш за дзесяць разоў на дзень), і заўсёды паспявалі лінуць на яе зверху вады.

Скажу нават, што паміж ёю і студэнтамі, якія жылі наверсе, утварылася нешта падобнае да спартовага спаборніцтва, сутнасць якога была ў тым, што яна, высоўваючыся ў фортку, старалася як мага хутчэй схаваць галаву назад, а яны намагаліся абліваць яе як мага часцей і не шкадуючы вады.

А вечарамі гэтыя маладыя людзі, над якімі ніхто не жыў і якіх ніхто не мог абліць вадою, склікалі да сябе прачак і служанак з усяе камяніцы. Тады з кватэры пані баранесы чуліся крыкі ды істэрычныя рыданні.

Другое маё назіранне тычылася пана Марушэвіча, які жыў амаль vis-a-vis з пані Стаўскаю. Лад жыцця гэтага чалавека даволі своеасаблівы і адметны рэдкім пастаянствам. Ён рэгулярна не плаціць за кватэру. Рэгулярна, кожныя некалькі месяцаў, выносяць з яго кватэры нешта з рэчаў: нейкія статуэткі, люстры, дываны, гадзіннікі… Але што цікава, з гэткаю ж рэгулярнасцю прыносяць яму ў кватэру новыя люстры, новыя дываны, новыя гадзіннікі і статуэткі…

Пасля кожнага такога вынасу рэчаў некалькі дзён пан Марушэвіч праводзіць перад адным са сваіх вокнаў. Там ён і голіцца, і чэшацца, і мажа валасы фіксатуарам, і нават апранаецца, кідаючы надта красамоўныя позіркі ў кірунку вокнаў пані Стаўскае. Але, як толькі яго памяшканне напоўніцца новымі выгоднымі ды прыгожымі рэчамі, пан Марушэвіч на некалькі дзён закрывае свае вокны шторамі.

Тады (аж не верыцца!), гарыць у яго дзень і ноч святло, а з пакояў чуюцца шматлікія галасы мужчын, а часам і кабет…

Але што мне да чужых спраў!

Аднойчы ў пачатку лістапада кажа мне Стах:

– Падобна, ты бываеш у тае пані Стаўскае?

Аж горача мне зрабілася.

– Перапрашаю, – выгукнуў я, – як гэта разумець?..

– Звычайным чынам, – адказаў ён. – Не робіш жа ты ёй візітаў праз акно, а ходзіш праз дзверы. Зрэшты, хадзі, як хочаш, але пры першай магчымасці скажы тым паням, што я атрымаў ліст з Парыжа…

– Пра Людвіка Стаўскага? – спытаў я.

– Так.

– Знайшлі яго, нарэшце?

– Яшчэ не, але ўжо натрапілі на след, і ёсць надзея хутка даведацца, дзе ён.

– Можа, бядак памёр! – закрычаў я і кінуўся абдымаць Вакульскага. – Прашу цябе, Стаху, – дадаў я, калі крыху супакоіўся, – зрабі мне ласку, наведай тых паняў і сам паведамі ім навіну…