– Што ж мне рабіць, беднай сіраціне і амаль удаве? Хіба калі майго вартага асуджэння мужа добры Бог натхніць, каб ён раскаяўся ў сваім бясчынстве ды вярнуўся да мяне, можа, тады крыху зменіцца маё жыццё самотніцы. І як я магу меркаваць з прадчуванняў ды сноў, якія неба пасылае мне пасля маіх гарачых малітваў, муж мой мусіць вярнуцца з дня на дзень, бо ўжо ні грошай, ні крэдыту няма ў таго непапраўнага шаленца…
Пані Стаўскай падумалася тады, што лёс барона па вяртанні можа аказацца вельмі незайздросны.
Асобы, якія наведвалі баранесу, таксама не выклікалі сімпатыі ў пані Стаўскае. Часцей за ўсё бывалі ў яе нейкія старыя, брыдкія кабеты, з якімі ў вітальні яна паўшэптам вяла гутаркі пра свайго мужа. Часам з’яўляўся Марушэвіч або нейкі адвакат у аблезлым футры. Гэтых паноў баранеса прымала ў сталовым пакоі, але падчас размовы плакала і сварылася гэтак гучна, што чуваць было на ўвесь дом.
На нясмелае пытанне пані Стаўскае, чаму яна не жыве ў згодзе з раднёю, баранеса адказала:
– З якою, каханая пані? Я ўжо не маю нікога, а каб нават і мела, не магла б прымаць у сябе людзей гэткіх хцівых і ардынарных. А сям’я майго мужа выракаецца мяне, бо я не шляхетнага паходжання; зрэшты, гэта не перашкодзіла ім выдурыць у мяне не менш за дзвесце тысяч рублёў. Пакуль я пазычала ім на вечнае карыстанне, яны яшчэ трымаліся дыпламатычна, але калі я разгледзелася, дык парвалі са мною ўсе стасункі. Яны якраз і падвучылі майго няшчаснага мужа, каб ён наклаў арышт на мае грошы… О, колькі я перажыла з-за гэтых людзей! – дадала яна і заплакала.
Адзіным пакоем (паводле расповеду пані Стаўскае), у якім баранеса бавіла цэлыя дні, быў пакойчык яе памерлае дачушкі. Гэта вельмі смутны і дзіўны куточак, бо ўсё там засталося так, як было пры жыцці нябожчыцы. Стаіць там ложачак, на якім кожныя некалькі дзён мяняецца пасцель, ды шафка з вопраткаю, якая гэтак жа часта вытрэсваецца і чысціцца ў салоне, бо выносіць на двор гэтыя святыя памяткі баранеса не дазваляе. Стаіць там малы столік з кніжкамі і сшыткам, разгорнутым на той старонцы, дзе беднае дзіця напісала апошні раз: “Найсвяцейшая Панна, змі…” І, нарэшце, ёсць там паліца з лялькамі – малымі ды вялікімі, з іх пасцелькамі ды апранахамі.
Пані Стаўская якраз у гэтым пакойчыку цыруе карункі і ядвабныя сукенкі, якіх у баранесы шмат. “Ці давядзецца ёй яшчэ прыбірацца ў іх?” – думае пані Стаўская.
Аднаго дня баранеса запыталася ў пані Стаўскае, ці ведае тая Вакульскага. І, хоць атрымала адказ, што пані Гэлена ледзьве знаёмая з ім, пачала прасіць:
– Каханая пані зробіць мне вялікую ласку, сапраўднае дабрадзейства, калі заступіцца за мяне перад тым панам у вельмі важнай для мяне справе. Я хачу купіць гэту камяніцу і даю ўжо дзевяноста пяць тысяч рублёў, а ён упарта жадае сто тысяч. Знішчыць хоча мяне гэты чалавек!.. Няхай пані скажа яму, што ён мяне заб’е… што наклікае на сваю галаву кару Божую за гэткую хцівасць… – крычала ўжо і плакала баранеса.
Пані Стаўская, вельмі збянтэжаная, адказала баранесе, што ніяк не можа размаўляць пра гэта з Вакульскім.
– Я не ведаю яго… Ён толькі адзін раз быў у нас… Зрэшты, якое права я маю ўмешвацца ў гэтыя справы?
– О, пані мае над ім уладу, – адказала баранеса. – Але, калі пані не жадае выратаваць мяне ад пагібелі – воля Божая… Дык няхай пані хоць выканае свой хрысціянскі абавязак ды скажа гэтаму чалавеку, як прыхільна я да пані стаўлюся…
Пані Стаўская пасля гэтых слоў адразу ўстала з крэсла, каб выйсці. Але баранеса кінулася ёй на шыю і гэтак перапрашала, гэтак маліла прабачыць, што ў высакароднае пані Гэлены слёзы набеглі на вочы, і яна засталася.
Сваё апавяданне пані Стаўская скончыла пытаннем, больш падобным да просьбы:
– Дык пан Вакульскі не хоча прадаць гэтую камяніцу?
– Чаму не? – адказаў я сярдзіта. – Прадасць і камяніцу, прадасць і краму… Усё прадасць…
Моцная чырвань заліла твар пані Стаўскае. Яна адвярнула сваё крэсла ад лямпы і ціха спытала:
– Чаму?
– Хіба я ведаю? – адказаў я з тым жорсткім задавальненнем, якое спраўляе нам мучыць бліжніх. – Хіба я ведаю?.. Кажуць, хоча ажаніцца…
– Ага, – азвалася пані Місевічова. – Кажуць нешта пра пані Ленцкую.
– Гэта праўда?.. – ціха спытала пані Стаўская.
Раптам яна прыціснула руку да грудзей, нібы ёй не хапала паветра, і выйшла ў другі пакой.
“Вось дык маеш, – падумаў я, – бачыла яго адзін раз і ўжо млее”.
– Не ведаю, навошта яму гэта жаніцьба, – звярнуўся я да пані Місевічовай, – ён, бадай, нават не падабаецца кабетам.
– Авой, што пан кажа, пане Жэцкі! – абурылася старая. – Гэта ён не падабаецца кабетам?