Выбрать главу

– Ну, ён жа не прыгажун…

– Ён?.. Але ж ён надзвычай прыгожы чалавек!.. Якая постаць, які высакародны твар, а якія вочы!.. Пан, мабыць, не разумее, пане Жэцкі. А я прызнаюся (бо мне можна ў маім веку), хоць і бачыла я шмат прыгожых мужчын (Людвічак таксама быў вельмі сімпатычны), але такога, як Вакульскі, бачу ўпершыню. Ён і сярод сотняў будзе заўважны…

Дзівіла мяне гэткае захапленне. Хоць я і згодны, што Стах робіць вельмі прыемнае ўражанне, але каб аж так… Зрэшты, я не кабета!

Калі а дзясятай гадзіне развітваўся я са сваімі дамамі, пані Стаўская была вельмі сумная і не падобная да сябе. Яна скардзілася, што баліць галава. Які асёл гэты Стах! Гэткая кабета закахалася ў яго з першага позірку, а ён, вар’ят, уганяецца за паннаю Ленцкаю. Ці ёсць які парадак на гэтым свеце?

Каб жа я быў панам Богам… Але навошта пустая балбатня.

Кажуць нешта пра каналізацыю Варшавы. Быў нават у нас князь, каб запрасіць Стаха на нараду па гэтым пытанні. А пасля таго, як яны пагаманілі пра каналізацыю, зайшла гаворка пра камяніцу. Я прысутнічаў пры гэтым і ўсё добра памятаю.

– Ці праўда (прашу прабачэння, што пытаю пра такія рэчы), ці праўда, пане Вакульскі, што за свой дом пан хоча ад баранесы Кшэшоўскае сто дваццаць тысяч?..

– Няпраўда, – адказаў Стах. – Я хачу сто тысяч і не саступлю.

– Баранеса дзівачка, істэрычка, але… няшчасная кабета, – кажа князь. – Яна хоча купіць гэты дом таму, па-першае, што ў ім памерла яе каханая дачушка, а па-другое, каб забяспечыць рэшту грошай, бо яе муж прывык іх мантачыць… Дык, можа, пан крыху саступіў бы ёй. Гэта так прыгожа – рабіць дабро няшчасным!.. – скончыў князь і ўздыхнуў.

Прызнаюся, хоць я ўсяго толькі крамнік, але здзівіла мяне гэткая дабрачыннасць за чужы кошт. Стах адчуў гэта яшчэ мацней, бо адказаў цвёрда:

– Дык з-за таго, што барон мантачыць грошы, а яго жонка хоча набыць мой дом, я мушу страціць некалькі тысяч рублёў. З якое рацыі?

– Ну, я не хацеў абразіць пана, – сказаў князь, паціскаючы Вакульскаму руку. – Усе мы жывём сярод людзей, яны нам дапамагаюць у патрэбе, дык і мы маем адносна іх нейкія абавязкі.

– Мне наўрад ці хто дапамагае, а перашкаджае шмат хто, – адказаў Стах.

Развіталіся яны вельмі холадна. Я заўважыў, што князь быў незадаволены.

Дзіўныя людзі! Мала ім, што Вакульскі стварыў суполку гандлю з імперыяй і даў ім магчымасць зарабляць па пятнаццаць працэнтаў ад іх капіталаў, дык яны яшчэ хочуць, каб па іх рэкамендацыі ён падараваў баранесе некалькі тысяч рублёў…

Але якая прайдзісветка гэтая баба, і куды толькі яна не дапяла!.. Бо ўжо быў у Стаха нават нейкі ксёндз з рэлігійнаю перасцярогаю, каб той прадаў баранесе камяніцу за дзевяноста пяць тысяч. Але Стах адмовіўся, дык хутка, відаць, пачуем, што ён бязбожнік.

Цяпер час апавесці пра галоўную падзею, і зраблю я гэта з хуткасцю маланкі.

Калі я зноў увечары зайшоў да пані Стаўскае (было гэта ў той дзень, калі прыйшоў да ўлады імператар Вільгельм, пасля гісторыі з Набілінгам), калі я прыйшоў туды, маё боства, гэта бясцэнная кабета, была ў цудоўным настроі ды ў захапленні ад… баранесы!

– Ці можа пан уявіць, – сказала яна, – якая гэта пані Кшэшоўская, нягледзячы на свае дзівацтвы, высакародная кабета? Яна заўважыла, што мне сумна без Гэлюні, і прапанавала, каб я заўсёды брала Гэлюню з сабою на тыя пару гадзін.

– На тыя шэсць гадзін за пару рублёў… – удакладніў я.

– Не. Насамрэч, не шэсць, а нейкія чатыры… Гэлюня бавіцца там цудоўна. Хоць і няможна ёй нічога чапаць, але як яна разглядае цацкі нябожчыцы…

– Аж такія прыгожыя там цацкі? – спытаў я, складаючы ўжо ў думках пэўны план.

– Цудоўныя! – з ажыўленнем расказвала пані Стаўская. – Асабліва адна вялікая лялька з цёмнымі валасамі, а калі націснуць ёй вось тут… пад гарсэтам… – дадала яна і пачырванела.

– Ці не ў жывоцік, з дазволу пані? – перапытаў я.

– Так, – паспешліва адказала яна. – Тады лялька міргае вачыма і кажа “мама”! Ах, якая яна забаўная, мне б самой такую хацелася. Завецца яна Мімі. Калі Гэлюня ўбачыла яе першы раз, дык склала рукі і знерухомела, як статуя. А калі пані Кшэшоўская яшчэ прымусіла ляльку загаварыць, дык Гэлюня аж закрычала: “Ах, мама, якая яна прыгожая, якая яна разумная! Ці можна мне пацалаваць яе ў тварык?”

І пацалавала яе ў насок лакіраванага чаравічка.

З тае пары яна нават у сне гаворыць пра тую ляльку, а ледзь прачнецца, адразу пачынае збірацца да пані баранесы і ўжо гатова там бясконца стаяць перад лялькаю з рукамі, складзенымі, як на малітву.

– Сапраўды, – ціхім голасам скончыла свой аповед пані Стаўская (Гэлюня гуляла ў другім пакоі), – якім шчасцем было б купіць ёй гэткую ляльку…