– Ведаеш, калега, – кажа ён узрушана, – звольніла мяне баба з пасады, ужо я не радца, і загадала, каб да Новага года з’ехаў.
– Вакульскі ўжо падумаў пра пана, – кажу я. – Атрымаеш пасаду ў суполцы гандлю з імперыяй.
І гэтак, слухаючы адных, супакойваючы іншых ды абнадзейваючы трэціх, неяк вытрымаў я першую атаку. Зразумела было, што баранеса лютуе сярод жыхароў, як Тамерлан, і я моцна непакоіўся за прыгожую і беззаганную пані Гэлену.
У другой палове снежня гляджу – адчыняюцца дзверы і ўваходзіць пані Стаўская. Прыгожая, як ніколі (яна заўсёды прыгожая, і калі вясёлая, і калі заклапочаная). Глядзіць яна на мяне сваімі чароўнымі вачыма і ціха кажа:
– Ці пакажа мне пан тыя лялькі?
Не адна лялька, а нават тры падобныя, даўно ўжо былі падрыхтаваныя, але я гэтак збянтэжыўся, што нейкі час не мог іх знайсці. Смеху варты гэты Клейн са сваімі мінамі, ён гатовы падумаць, што я закахаўся ў пані Стаўскую.
Нарэшце, выцягнуў я скрынку з трыма вялікімі лялькамі: брунеткаю, бландзінкаю і шатэнкаю. У кожнай – сапраўдныя валасы, кожная, калі ёй націснуць на жывоцік, заплюшчвае вочы і выдае гук, які пані Стаўскае гучыць як “мама”, Клейну – як “тата”, а мне – як “угу”…
– Якая прыгажосць, – кажа пані Стаўская, – але, сапраўды, мусяць яны вельмі дорага каштаваць…
– Калі ласка, пані, – адказваю я, – гэта тавар, якога мы хочам пазбыцца, дык можам саступіць яго вельмі танна. Зараз я схаджу па гаспадара…
Стах працаваў за шафамі, але як толькі я паведаміў яму, што тут пані Стаўская і чаго яна прыйшла, ён кінуў рахункі ды выйшаў у краму ў цудоўным гуморы. Я нават заўважыў, што ён глядзіць на пані Стаўскую гэтак прыхільна, нібы яна зрабіла на яго моцнае ўражанне. Ну, прынамсі, хоць зараз… дзякуй Богу.
Гандаль ёсць гандаль, і мы патлумачылі пані Гэлене, што ляльку, як тавар няякасны, які не знаходзіць пакупнікоў, можам аддаць за тры рублі: бландзінку або брунетку.
– Вазьму гэтую, – паказала яна на шатэнку, – бо яна дакладна такая, як у баранесы. Гэля будзе ў захапленні.
Калі дайшло да аплаты, пані Стаўскую зноў апанавалі сумневы, ёй здавалася, што такая лялька мусіла каштаваць не менш за пятнаццаць рублёў, і толькі сумеснымі намаганнямі – мяне, Вакульскага і Клейна – удалося нам пераканаць яе, што мы, калі бяром нават тры рублі, застаёмся яшчэ ў выйгрышы.
Вакульскі вярнуўся да сваіх заняткаў, а я спытаў у пані Гэлены, што новага ў доме, і як цяпер яна ладзіць з баранесаю.
– Ужо ніяк, – адказала яна і пачырванела. – Пані Кшэшоўская зрабіла мне сцэну, бо яна мусіла заплаціць сто тысяч за камяніцу, а я не дапамагла ёй з пратэкцыяй у пана Вакульскага, ну і гэтак далей, дык я… развіталася з ёю і ўжо ніколі больш да яе не пайду. Вядома, яна адмовіла нам у кватэры з Новага года.
– А ці заплаціла яна пані?
– Ах, – уздыхнула пані Стаўская і выпусціла з рук муфту, якую Клейн паспяшаўся падняць.
– Значыць, не?
– Не… яна сказала, што ў яе цяпер няма грошай, і яна не ўпэўненая, ці дакладныя мае падлікі.
Пасмяяліся мы з пані Стаўскаю з дзівацтваў баранесы ды развіталіся, поўныя надзеі на лепшае. А калі яна выходзіла, Клейн адчыніў ёй дзверы гэтак галантна, што адно з двух: або ён ужо лічыць яе нашаю гаспадыняю, або сам закахаўся ў яе. Палена дурное!.. Ён таксама жыве ў доме баранесы і заходзіць часам да пані Стаўскае, але падчас візітаў сядзіць гэтакі смутны, што Гэлюня аднойчы спытала ў бабулі: ці не прымаў пан Клейн сёння рыбін тлушч?.. Фантазёр! І яму думаць пра гэткую кабету…
А зараз апішу трагедыю, якая выклікае ў мяне такі гнеў, што аж дыхаць цяжка, калі яе прыгадваю.
Напярэдадні Калядаў 1878 г. сяджу я ў краме, а тут пасля абеду атрымліваю ад пані Стаўскае ліст, каб увечары прыйшоў да іх. Почырк мяне ўразіў, бо прыкметная была ўзрушанасць, дык я падумаў: можа, яна атрымала вестку пра мужа.
“Пэўна, вяртаецца, – падумаў я. – І трасца ж не возьме гэтых прапашчых мужоў, якія праз столькі гадоў гатовыя раптам апамятацца”.
Пад вечар прыбягае Вірскі, задыханы і збянтэжаны, цягне мяне ў мае пакоі, замыкае дзверы і проста ў футры кідаецца ў фатэль ды кажа:
– Ведаеш, пан, чаго ўчора Кшэшоўская сядзела ў Марушэвіча да паўночы?..
– Да паўночы ў Марушэвіча?..
– Так, ды яшчэ з тым сваім лотрам адвакатам. Прайдзісвет Марушэвіч угледзеў са сваіх вокнаў, што пані Стаўская апранае ляльку, дык баранеса пайшла да яго з ларнеткаю, каб спраўдзіць…
– І што? – пытаю я.
– А тое, што ў баранесы некалькі дзён таму прапала лялька нябожчыцы дачкі, і цяпер гэтая вар’ятка падазрае пані Стаўскую…
– У чым?
– У крадзяжы лялькі!..