Пан Паткевіч гэтым разам паказаў чалавека, у якога бяльмо на левым воку і ўся левая частка твару спаралізаваная. А пан Малескі глыбока задумаўся.
– Калі б мы, – сказаў ён праз хвіліну, – маглі застацца да вакацыяў, дык… Але так!.. Няхай пані баранеса забярэ ў нас мэблю.
– Ах, нічога ўжо я не хачу, нічога… Толькі выбірайцеся, панове! Не прэтэндую нават на плату за кватэру! – закрычала баранеса.
– Як гэта кабета кампраметуе сябе, – прашаптаў наш адвакат. – Цягаецца па судах, бярэ гэткага мярзотніка за дарадцу…
– Але мы маем да пані прэтэнзіі за шкоды і страты! – азваўся Малескі. – Ці чуў хто, каб гэтаю парою выганяць прыстойных людзей з кватэры?.. Каб мы нават і знайшлі сабе памяшканне, дык будзе яно такое паганае, што двое з нас, прынамсі, захварэюць на сухоты і памруць…
Пан Паткевіч, напэўна, каб надаць большае вагі гэтым словам, пачаў варушыць вухам ды скураю галавы, што выклікала ў зале новую хвалю весялосці.
– Першы раз бачу нешта падобнае! – сказаў наш адвакат.
– Гэткую справу? – спытаў Вакульскі.
– Не, каб чалавек гэтак варушыў вухам. Артыст!..
Суддзя тым часам напісаў і пачаў чытаць вырок, паводле якога панове Малескі і Паткевіч былі асуджаныя заплаціць дванаццаць рублёў і пяцьдзясят капеек за кватэру і вызваліць памяшканне да 8 лютага.
Тут здарылася нешта надзвычайнае. Пан Паткевіч, пачуўшы вырок, гэтак узрушыўся, што твар яго пазелянеў, і ён самлеў. На шчасце, падаючы, ён трапіў у абдымкі пана Малескага, іначай мог бы моцна вытнуцца, небарака.
Вядома, у зале загучалі спагадлівыя галасы, кухарка пані Стаўскае заплакала. Жыдкі пачалі паказваць пальцам на баранесу і гергетаць. Заклапочаны суддзя спыніў паседжанне, кіўнуў Вакульскаму (адкуль ён яго ведаў?) і пайшоў у свой пакой, а два паліцыянты амаль вынеслі на руках беднага маладзёна, які гэтым разам сапраўды нагадваў нябожчыка.
У калідоры, калі паклалі яго на лаву, а нехта з прысутных закрычаў, што трэба лінуць на яго вады, хворы раптам ускочыў і гучна сказаў:
– Ну, ну, толькі без дурных жартаў…
Пасля чаго сам апрануў паліто, энергічна нацягнуў галёшы і лёгкім крокам выйшаў з суда, пакідаючы ўдзельнікаў працэсу і сведак у здзіўленні.
У гэты момант падышоў да нашае лаўкі нейкі судовы чыноўнік і ціха сказаў Вакульскаму, што суддзя запрашае яго на сняданне. Стах выйшаў, а пані Місевічова пачала рабіць мне роспачныя знакі, просячы да сябе.
– Езус! Марыя! – пачала яна. – Не ведаеш, пан, навошта суддзя паклікаў гэтага найшляхетнейшага з людзей?.. Пэўна, хоча сказаць яму, што прапала Гэленка!.. О, у гэтае непачцівае баранесы мусяць быць вялікія сувязі… Ужо адну справу яна выйграла, відаць, будзе тое самае і з Гэленкай… Ах, я бедная ды няшчасная! Ці няма ў цябе, пане Жэцкі, кропляў ад нерваў?
– Пані кепска?
– Яшчэ не, хоць тут вельмі душна… Але я страшна баюся за Гэленку… Раптам яе засудзяць, дык яна самлее і можа памерці, калі мы хутка не вернем яе да прытомнасці… Як думаеш, каханы пане, можа, варта было б мне кінуцца суддзі ў ногі ды ўпрошваць яго?
– Але ж, пані, гэта лішняе… Наш адвакат казаў, што баранеса і хацела б, напэўна, забраць скаргу, ды ўжо позна.
– Але ж мы саступім! – выгукнула старая.
– О, шаноўная пані, што не, то не, – адказаў я крыху раздражнёна. – Або мы выйдзем адсюль апраўданыя, або…
– Памром, хочаш сказаць? – не дала мне скончыць старая. – Авой, не кажы гэтак… Пан не ведае, як прыкра ў маім веку чуць пра смерць…
Я пакінуў усхваляваную старую і падышоў да пані Стаўскае.
– Як пачуваецца пані?
– Выдатна! – адказала яна рашуча. – Яшчэ ўчора я страшна баялася, але пасля споведзі стала мне лягчэй, а як прыйшла сюды, адчуваю сябе зусім спакойна.
Я паціснуў ёй руку доўга… доўга… так, як паціскаюць толькі тыя, хто сапраўды кахае, і пабег да свае лаўкі, бо Вакульскі, а за ім і суддзя вярнуліся ў залу.
Сэрца ў мяне бухала, як молат. Я агледзеўся. Пані Місевічова з заплюшчанымі вачыма відавочна малілася, пані Стаўская была бледная, але рашуча настроеная, пані баранеса скубла свой салоп, а наш адвакат пазіраў у столь і стараўся не пазяхаць.
У гэты момант Вакульскі таксама азірнуўся на пані Стаўскую і няхай мяне д’яблы возьмуць, калі я не заўважыў у яго вачах выразу замілавання, які рэдка там быў заўважны!..
Яшчэ пару такіх працэсаў, і я ўпэўнены, што закахаўся б ён насмерць.
Суддзя пару хвілін нешта пісаў, а калі скончыў, абвясціў прысутным, што зараз будзе разглядацца справа Кшэшоўскае супраць Стаўскае пра крадзеж лялькі.
І ён паклікаў бакі працэсу і сведак на сярэдзіну.
Я стаяў побач з лаўкамі дык пачуў размову дзвюх кумак. Малодшая, з чырванню на твары, тлумачыла старэйшай: