– Вось, бачыць пані, тая красуня скрала ў тае пані ляльку…
– Было там на што спакусіцца!..
– Уга! Не кожнаму прасы красці …
– Гэта пані скрала прас, – азваўся ззаду грубы голас. – Не той злодзей, хто забірае сваю ўласнасць, а той, хто дае пятнаццаць рублёў задатку і ўжо думае, што купіў…
Суддзя пісаў і пісаў, а я прыгадваў тую прамову, што склаў учора на абарону пані Стаўскае і на зганьбаванне баранесы. Але змяшаліся мне ўсе словы ў галаве, дык я пачаў разглядацца па зале.
Пані Місевічова працягвала ціха маліцца, а Марыяна, якая сядзела за ёю, плакаць. У пані Кшэшоўскае твар зрабіўся шэры, яна прыкусіла вусны і апусціла вочы, але з кожнае складкі яе адзення праглядала злосць… Каля яе стаяў Марушэвіч, утаропіўшыся ў падлогу, а за ім – служанка баранесы, гэткая спалоханая, нібы яе збіраліся весці на эшафот…
Наш адвакат змагаўся з пазяханнем.
Вакульскі сціснуў кулакі, а пані Стаўская аглядала ўсіх па чарзе з гэткім лагодным спакоем, што я, каб быў скульптарам, узяў бы яе за мадэль статуі звінавачанае нявіннасці.
Потым, нягледзячы на пратэсты Марыяны, Гэлюня выбегла на сярэдзіну, схапіла маці за руку і ціха запыталася:
– Мама, а чаму гэты пан загадаў сюды прыйсці?.. Я нешта на вушка скажу: пэўна, мама не слухалася і цяпер мусіць стаяць у кутку…
– Падвучаная!.. – сказала чырванатварая кумка старэйшай.
– Каб пані гэтак здаровая была, – прамармытаў за ёю грубы голас.
– Сам, пан, будзь здаровы маёю крыўдаю… – злосна адказала кумка.
– А пані сканае ў сутаргах, і будуць у пекле прасаваць цябе маімі прасамі, – адказаў ёй антаганіст.
– Ціха! – голасна азваўся суддзя. – Што пані Кшэшоўская можа паведаміць у гэтай справе?
– Выслухай мяне, пане суддзя! – выступіла наперад і пачала дэкламаваць пані баранеса. – Ад памерлага дзіцяці засталася мне самая дарагая памятка – лялька, якая вельмі падабалася вось гэтай пані і яе дачцэ, – паказала яна на пані Стаўскую і яе дачку.
– Абвінавачаная бывала ў пані?
– Так, я наймала яе для шыцця…
– Але нічога ёй не заплаціла! – выгукнуў з канца залі Вірскі.
– Ціха! – утаймаваў яго суддзя.
– У той дзень, калі я гэту пані звольніла, – працягвала баранеса, – прапала ў мяне лялька. Я думала, памру, гэтак было мне шкада, і адразу падазрэнне на яе ўпала… Прадчуванні мае спраўдзіліся, бо праз некалькі дзён мой прыяцель, пан Марушэвіч, убачыў з акна, што гэта пані (якая жыве насупраць яго) трымае ў руках маю ляльку і пераапранае яе ў іншую сукенку, каб не пазналі.
Тады я пайшла да яго з маім праўным дарадцам і праз ларнетку ўбачыла, што, сапраўды, гэта мая лялька ў тае пані. Дык на другі дзень пайшла я да яе, забрала ляльку, якую пан бачыць тут на стале, і падала скаргу.
– А пан Марушэвіч упэўнены, што гэта тая лялька, якая была ў пані Кшэшоўскае?
– Якраз… уласна кажучы… пэўнасці не маю.
– Дык навошта пан Марушэвіч сказаў пра яе пані Кшэшоўскай?
– Уласна… я не ў тым значэнні…
– Не хлусі, пан! – закрычала баранеса. – Ты прыбег да мяне і рагатаў, кажучы, што Стаўская скрала ляльку, і гэта на яе вельмі падобна…
Марушэвіч змяніўся з твару, у яго выступіў пот, і ён нават пачаў пераступаць з нагі на нагу, што з’яўляецца доказам, хіба, вялікае скрухі.
– Мярзотнік, – прамармытаў Вакульскі досыць гучна.
Я заўважыў, аднак, што гэта заўвага не падбадзёрыла Марушэвіча. Наадварот, здавалася, ён яшчэ больш разгубіўся.
Суддзя звярнуўся да служанкі пані Кшэшоўскае:
– У вас была гэта лялька?
– Не ведаю, якая… – ціха адказала запытаная.
Суддзя паказаў ёй ляльку, але служанка маўчала, толькі міргала ды заломвала рукі.
– Ах, гэта Мімі!.. – закрычала Гэлюня.
– О, пані суддзя! – крыкнула баранеса. – Дачка сведчыць супраць маці…
– Ты ведаеш гэту ляльку? – спытаў суддзя ў Гэлюні.
– О, ведаю!.. Дакладна гэткая ж была ў пані ў тым пакойчыку…
– Гэта тая?
– О, не. Не тая… У той была шэрая сукенка і чорныя чаравічкі, а ў гэтай карычневыя чаравічкі!..
– Ну, так, – прамармытаў суддзя і паклаў ляльку на стол. – Што скажа пані Стаўская?
– Я купіла гэту ляльку ў краме пана Вакульскага…
– І колькі ж пані заплаціла за яе?.. – прашыпела баранеса.
– Тры рублі.
– Ха-ха-ха! – зарагатала баранеса. – Гэта лялька каштуе пятнаццаць…
– Хто прадаў пані гэту ляльку? – запытаўся суддзя ў Стаўскае.
– Пан Жэцкі, – адказала яна і пачырванела.
– Што скажа пан Жэцкі?..
Вось і настаў час для маёй прамовы. Сяк-так я пачаў: