– Шаноўны суддзя!.. З балесным здзіўленнем даводзіцца мне… Гэта значыць… бачу, пан, перад сабою трыумф злосці і гэта… пакрыўджаную…
Раптам мне перасохла ў горле так, што і слова ўжо не мог я вымавіць. На шчасце, азваўся Вакульскі:
– Жэцкі толькі прысутнічаў пры пакупцы, а ляльку прадаў я.
– За тры рублі? – спытала баранеса, і ў яе, як у яшчаркі, бліснулі вочы.
– Так, за тры рублі. Гэта тавар з дэфектам, якога мы пазбываемся.
– А ці прадаў бы пан гэту ляльку за тры рублі і мне таксама? – усё выпытвала баранеса.
– Не! Пані я ўжо ніколі і нічога не прадам у сваёй краме.
– Які пан мае доказ, што лялька купленая ў яго краме? – запытаўся суддзя.
– Вось, вось! – закрычала баранеса. – Якія доказы?..
– Ціха! – утаймаваў яе суддзя.
– Дзе пані купіла сваю ляльку? – спытаў у баранесы Вакульскі.
– У Лесера.
– Дык у нас ёсць доказ, – сказаў Вакульскі. – Гэтыя лялькі я прыводжу з-за мяжы па частках: асобна галовы, асобна тулавы. Няхай пан суддзя адпора галаву і пашукае ўнутры мой фірменны знак.
Пані баранеса занепакоілася.
Суддзя ўзяў у рукі ляльку, якая нарабіла гэтулькі звады, і сваім чыноўніцкім сцізорыкам разрэзаў ёй спачатку станік, а потым пачаў старанна адпорваць галаву ад тулава. Здзіўленая Гэленка спачатку прыглядалася да гэтай аперацыі, а потым ціха звярнулася да маці:
– Мама, навошта гэты пан распранае Мімі? Яна ж будзе саромецца…
Раптам яна зразумела, што адбываецца, і гучна заплакала, хаваючы твар у складках сукенкі пані Стаўскае:
– Ах, мама, навошта ён яе рэжа?.. Гэта страшна баліць!.. Мама, мама, я не хачу, каб Мімі рэзалі…
– Не плач, Гэлюня. Мімі будзе здаровая і яшчэ прыгажэйшая, – супакойваў яе Вакульскі, узрушаны не менш за Гэленку.
Тым часам галава Мімі звалілася на паперы. Суддзя зазірнуў унутр і падаў яе пані баранесе са словамі:
– Ну, няхай пані прачытае, што там напісана?
Баранеса прыкусіла вусны і маўчала.
– Дык няхай пан Марушэвіч уголас прачытае, што там?
– Ян Мінцаль і Станіслаў Вакульскі… – прабубніў Марушэвіч.
– Значыць, не Лесер?
– Не.
Увесь гэты час служанка баранесы паводзіла сябе вельмі дзіўна: яна чырванела, бялела, хавалася сярод лавак…
Суддзя скоса пазіраў на яе і, нарэшце, сказаў:
– Цяпер панна хай нам скажа, што здарылася з лялькаю. Толькі прашу казаць праўду, бо пастаўлю панну пад прысягу.
Тая з жахам схапілася за галаву, падбегла да стала і паспешліва адказала:
– Лялька разбілася, пане…
– Тая ваша лялька, пані Кшэшоўскае?..
– Тая…
– Ну хай разбілася ў яе галава, а рэшта дзе?
– На падстрэшку, пане… Авой, што са мною будзе!
– Нічога з паннаю не будзе, горш было б, каб не сказала праўду. А пані ісціца чуе, што адбылося?
Баранеса апусціла вочы і склала крыжам рукі на грудзях, як пакутніца.
Суддзя пачаў пісаць. Ягамосць, што сядзеў на другой лаўцы (вядома, прасавальшчык), азваўся да дамы з чырвоным тварам:
– А што, украла?! Бачыш, пані, як плявузгаць? Га?..
– Калі кабета прыгожая, дык і з крымінальнае справы выграбецца, – сказала чырванатварая дама сваёй суседцы.
– Але пані не выграбецца… – прамармытаў прасавальшчык.
– Дурань пан!..
– Пані яшчэ дурнейшая…
– Ціха! – закрычаў суддзя.
Загадана было ўсім устаць, і пачулі мы вырок, які ў поўнай меры апраўдваў пані Стаўскую.
– Зараз, – сказаў суддзя, скончыўшы чытаць, –пані можа падаць скаргу пра абгавор.
Ён спусціўся ў залу, паціснуў руку пані Стаўскай і дадаў:
– Мне вельмі прыкра, што я пані судзіў, і мне вельмі прыемна, што магу павіншаваць.
У пані Кшэшоўскае пачаліся спазмы, а дама з чырвоным тварам уздыхнула і сказала сваёй суседцы:
– На ладны тварык і суддзя квапіцца… Але дачакаюцца яны апошняга суду!
– Халера!.. Яна яшчэ і блюзнерыць… – прамармытаў прасавальшчык.
Пайшлі мы да выхаду. Вакульскі падаў руку пані Стаўскай, з якой пайшоў наперад, а я асцярожна павёў па брудных сходах паню Місевічову.
– Я ж казала, што ўсё гэтак і скончыцца, – запэўнівала мяне старая. – А пан не верыў.
– Я не верыў?..
– Так, хадзіў пан, як атручаны… Езус! Марыя… А гэта што такое?
Апошнія яе словы тычыліся чэзлага студэнта, які разам са сваім таварышам чакаў перад брамаю, відавочна, пані Кшэшоўскую і, мяркуючы, што тая ўжо ідзе, зрабіў выгляд нябожчыка перад… пані Місевічовай!.. Але ўбачыў, што памыліўся, дык засаромеўся і пабег наперад.
– Паткевіч, стой, яны ўжо ідуць… – закрычаў пан Малескі.
– Ідзі да д’ябла! – крыкнуў пан Паткевіч. – Заўсёды мяне кампраметуеш.