“Уга! – думаю. – Ён хоча залагодзіць Шлянгбаўму даўнія крыўды, а ў адносінах да мяне, старшага крамніка, стараецца захаваць асабістую годнасць. І добра робіць! Бо заўсёды трэба крыху задзіраць нос у адносінах да тых, хто вышэй, і быць паслужліва-ветлівым да тых, хто ніжэй…”
Адвячоркам зазірнуў я ў рэстаран на піўка. Гляджу, пан Шпрот і радца Вянгровіч ужо там. Са Шпротам пасля тае сваркі, пра якую я расказваў, мы і бачыць адзін аднаго не хочам, але з радцам я вітаюся сардэчна. А той да мяне:
– Ну што? Ужо?..
– Прашу прабачэння, – кажу я, – але не разумею. – (Думаў, што ён намякае на працэс пані Стаўскае.) – Не разумею, – кажу, – пане радца.
– Чаго ты не разумееш? – кажа ён. – Што крама прададзеная?
– Перахрысціся, пане радца, – кажу я, – якая крама?
Пачцівы радца быў ужо па шостым куфлі, дык ён зарагатаў і кажа:
– Уга! Я перахрышчуся, але пану і перахрысціцца ўжо не дадуць, як з хрысціянскага хлеба пяройдзеш на жыдоўскую халу. Усе гэтак кажуць. Жыды вашу краму купілі…
Я думаў, што мяне хопіць апаплексічны ўдар.
– Пане радца, – кажу я, – пан занадта паважны чалавек, каб не сказаць мне, адкуль гэтыя звесткі?
– Увесь горад гаворыць, – адказаў радца, – зрэшты, няхай прысутны тут пан Шрот пану ўсё растлумачыць.
– Пане Шпрот, – кажу я з паклонам, – не хачу абразіць пана, пагатоў жадаў ад пана сатысфакцыі, а пан мне адмовіў, як круцель… Як круцель, пане Шпрот!.. Аднак заяўляю, што пан або паўтарае за іншымі, або сам фабрыкуе плёткі…
– Што такое?! – завішчаў Шпрот і зноў, як некалі, грукнуў кулаком па стале. – Я адмовіў, бо не збіраюся даваць сатысфакцыю ані пану, ані каму іншаму. Але паўтараю, краму вашу купляюць жыды…
– Якія жыды?
– Д’ябал іх ведае: Шлянгбаўмы, Гундбаўмы, адкуль мне ведаць!..
Я гэтак раз’юшыўся, што загадаў прынесці піва, а радца Вянгровіч кажа:
– Гэтыя жыды дачакаюцца, будзе нейкая бязглуздая авантура. Гэтак яны нас душаць, гэтак адусюль выціскаюць, гэтак скупляюць усё, няма рады. Нам іх не перахітрыць, марныя спадзяванні, але як пойдуць у ход кулакі, дык пабачым, хто каго…
– Пан радца мае рацыю! – дадаў Шпрот. – Гэтак усё тыя жыды грабуць пад сябе, што, урэшце, давядзецца сілаю адбіраць. Дзеля парадку. Бо зірніце, панове, што робіцца, хоць бы з тым кортам…
– Ну, – кажу я, – калі нашу краму купляюць жыды, дык і я з вамі, бо мой кулак яшчэ нешта важыць… Але пакуль, на міласць Боскую, не разносьце вы плётак пра Вакульскага ды не падбухторвайце людзей супраць жыдоў, бо і без таго ліха хапае…
Вярнуўся я дадому з хвораю галавою, шалёны ад злосці на ўвесь свет. За ноч некалькі раз прачынаўся, а калі засынаў, дык сніў, што жыды і праўда купілі нашу краму, а я, каб не памерці з голаду, хаджу па дварах з катрынкаю, на якой напісана: “Злітуйцеся над бедным старым венгерскім афіцэрам!”
Толькі пад раніцу прыйшла мне ў галаву простая і слушная думка: сур’ёзна пагаварыць са Стахам і, калі ён краму, сапраўды, прадае, пашукаць сабе новае месца.
Добрая кар’ера за гэтулькі гадоў службы! Каб чалавек быў сабакам, яго хоць прыстрэлілі б… А так – туляйся чалавеку па чужых кутках, зрэшты, без усялякае пэўнасці, ці не ў канаве давядзецца сканаць…
Мінуў поўдзень, а Вакульскі яшчэ не прыходзіў у краму, дык а другой гадзіне я сам выбраўся да яго. Можа, захварэў?..
Іду я і ў браме таго дому, дзе ён жыве, сустракаю доктара Шумана. Калі я сказаў, што хачу наведаць Стаха, той параіў мне:
– Не ідзі туды, пан. Ён засмучаны, і лепш не чапаць яго. Хадзем лепш да мяне на гарбату… Дарэчы, а ці ёсць у мяне валасы пана?
– Здаецца, – адказаў я, – хутка аддам я пану валасы разам са скураю.
– Пан хоча з сябе чучала?
– Варта. Свет не бачыў гэткага дурня.
– Суцешся, пан, – адказаў Шуман, – ёсць яшчэ дурнейшыя. Але што здарылася?
– Няважна. Але я чуў, нібы Стах прадае краму жыдам… А ўжо да іх на службу я не пайду.
– Што ж, і пан антысемітызмам заразіўся?
– Не. Але не быць антысемітам і служыць жыдам – розныя рэчы.
– А хто ж ім будзе служыць?.. Бо я, хоць і жыд, таксама ў лёкаі да пархатых не пайду. Зрэшты, адкуль у пана такія думкі? Калі крама будзе прададзеная, дык пана чакае цудоўная пасада ў суполцы гандлю з імперыяй…
– Няпэўная гэта суполка, – заўважыў я.
– Вельмі няпэўная, – згадзіўся Шуман. – Занадта мала ў ёй жыдоў і зашмат магнатаў. Але пана гэта не тычыцца, бо… Толькі не выдай мяне, пан, бо гэта сакрэт. Дык вось, пану ні ў галаве павінен быць лёс крамы ды суполкі, бо Вакульскі адпісаў пану дваццаць тысяч рублёў…