– Мне?.. Адпісаў?.. Што гэта значыць?! – крыкнуў я ад здзіўлення.
Мы якраз увайшлі ў кватэру Шумана, і доктар загадаў падаць самавар.
– Што значыць гэты запіс? – пытаў я занепакоена.
– Запіс… запіс!.. – мармытаў Шуман, расхаджваючы па пакоі і расціраючы сабе патыліцу. – Што значыць? Не ведаю. Досыць таго, што Вакульскі яго зрабіў. Відавочна, хоча быць гатовы да ўсяго, як кожны разважлівы купец!..
– Няўжо зноў двубой?..
– Гэ! Не ставала… Вакульскі занадта разумны, каб два разы рабіць адно глупства. Адно пэўна, каханы пане Жэцкі, хто з такою бабаю звяжацца, той мусіць быць гатовы…
– З якою бабаю?.. З пані Стаўскаю?.. – спытаў я.
– Якая пані Стаўская! – кажа доктар. – Тут іншая акула – панна Ленцкая, за якою гэты вар’ят упадае да скону. Ужо і зразумеў ён, што за кветачка, ужо і пакутуе, і грызе сам сябе, але выкараскацца не можа. Горш за ўсё гэтыя запозненыя амуры, асабліва калі здарацца з гэтакім д’яблам, як Вакульскі.
– Зноў нечага нарабілася? Ён жа ўчора быў у ратушы на бале.
– Таму і быў, што яна там была, і я таму быў, што яны абое там былі. Цікавая гісторыя! – прамармытаў доктар.
– Ці не мог бы пан ясней выказацца? – страціў я цярплівасць.
– Чаму не! Да таго ж, усе гэта бачаць, – кажа доктар. – Вакульскі шалее за паннаю, яна з ім вельмі разважліва какетнічае, а кавалеры… чакаюць. Скандал, – працягваў Шуман, пахаджаючы па пакоі ды паціраючы сабе галаву. – Пакуль панна Ізабэла была без гроша ды без прэтэндэнтаў на руку, аніводзін сабака да іх не хадзіў. А як знайшоўся Вакульскі, багаты, з добраю рэпутацыяй ды сувязямі, чуткі пра якія нават перабольшаныя, вакол панны Ленцкае сапраўдны рой утварыўся – і недарэкі розныя, і лядашчыя, і ніштаватыя кавалеры – аж не праціснуцца, гэтак яе абступілі. І кожны ўздыхае, кожны – вочы пад лоб, пяшчоты шэпча, ручку песціць, танцуючы…
– А яна што?
– Пустая кабета! – прамовіў доктар і махнуў рукою. – Замест грэбаваць галотаю, якая да таго ж некалькі разоў ад яе адварочвалася, яна цешыцца іх таварыствам. Усе гэта бачаць, а горш за ўсё, бачыць гэта і Вакульскі.
– Да д’ябла! Чаго ж ён не кіне яе?.. Ужо хто-хто, а ён, хіба, кпіць з сябе не дазволіць.
Падалі самавар. Шуман адправіў слугу, наліў гарбаты і адказаў:
– Бачыш, пан, ён бы яе абавязкова кінуў, каб мог разумна ацэньваць тое, што ў яго перад вачыма. Быў такі момант учора на балі, што ў нашым Стаху абудзіўся леў і, калі ён накіраваўся да панны Ленцкае, каб сказаць ёй пару слоў, я гатовы быў паклясціся, што ён скажа: “Дабранач, пані. Ужо я бачу, якія карты ў пані, дык абгуляць сябе не дазволю!” Гэткі твар у яго быў, пакуль ён ішоў да яе. Але што ж? Панна зірнула, шапнула, кранула за руку, і Стах мой гэткі шчаслівы быў цэлую ноч, гэткі шчаслівы, што… сёння ў лоб стрэліў бы сабе, каб не чакаў яшчэ такога позірку, шэпту, дотыку… Не бачыць, даўбешка, што яна дакладна гэткімі ж позіркамі надзяляе яшчэ з дзясятак іншых, ды яшчэ ў большых дозах.
– Што ж гэта за кабета?
– Як сотні ды тысячы іншых! Прыгожая, распешчаная, але бяздушная. Для яе Вакульскі варты столькі, колькі ў яго грошай ды сувязяў. Вядома, і на мужа надаецца, калі нічога лепшага не патрапіцца. Але ўжо каханкаў яна абярэ паводле свайго густу.
– А той, – правіў далей Шуман, – ці ў склепе Гопфера, ці ў тайзе гэтак задурыў сабе галаву Альдонамі, Гражынамі, Марылямі ды ім падобнымі хімерамі, што і ў панне Ленцкай бачыць боства. Ён ужо не проста кахае, ён абагаўляе яе, моліцца на яе, упаў бы ніцма перад ёю… Прыкрае чакае яго абуджэнне!.. Бо хоць і рамантык да апошняе кроплі крыві, але ён не пойдзе следам за Міцкевічам, які не толькі прабачыў той, што яму здрадзіла, але яшчэ і тужыў па ёй пасля здрады. Уга! Ён нават абяссмерціў яе… Добрая навука нашым паненкам: як хочаш праславіцца, дык здраджвай тым, хто цябе мацней кахае!.. Мы, палякі, асуджаныя быць дурнямі нават у такой простай справе, як каханне…
– Мяркуеш, доктар, што і Вакульскі будзе гэтакім блазнам?.. – спытаў я, адчуваючы, як закіпае ўва мне кроў, нібы пад Вілагас.
Шуман аж падскочыў на крэсле.
– Ой, не, да ліха! – закрычаў ён. – Ён шалее, пакуль кажа сабе: “А раптам яна мяне кахае, а раптам яна такая, як я думаю?..” Але каб ён не працверазеў, калі заўважыць, што стаў пасмешышчам, я… я першы – не будзь я жыдам – гатовы плюнуць яму ў вочы… Гэтакі чалавек можа быць няшчасным, але нельга яму прыніжацца…
Даўно ўжо не бачыў я, каб Шуман гэтак усхадзіўся. Жыд-то ён жыд, з галавы да пят, але верны сябра і чалавек з пачуццём гонару.
– Ну, – сказаў я, – супакойся, доктар. Ёсць у мяне для Стаха лекі.
І расказаў яму пра пані Стаўскую, а напрыканцы дадаў: