– Не дажыць мне веку, доктар, не дажыць мне веку, калі не ажаню я Стаха з пані Стаўскаю. Гэта кабета, у якой ёсць і розум, і сэрца, якая на любоў адкажа любоўю, а яму такая і трэба.
Шуман хітаў галавою і варушыў брывамі.
– Уга! Паспрабуй, пан… На жаль, лекамі на адну кабету можа быць толькі другая кабета. Хоць баюся, ці не спозненая ўжо дапамога…
– Гэта жалезны чалавек, – заўважыў я.
– У тым і небяспека, – адказаў доктар. – Цяжка будзе сцерці тое, што выразана, і цяжка склеіць тое, што трэснула.
– Пані Стаўская зробіць гэта.
– Дай Бог.
– І Стах будзе шчаслівы.
– Ого!..
Развітаўся я з доктарам усцешаны. Кахаю я пані Гэлену, але дзеля яго… выракуся яе.
Абы не позна яшчэ было!
Але не…
Назаўтра апоўдні зайшоў у краму Шуман. Яго крывая ўсмешка падказала мне, што ён занепакоены і настроены іранічна.
– Быў доктар у Стаха? – спытаў я. – Як ён сёння?
Той пацягнуў мяне за шафы і з’едлівым тонам пачаў:
– Бачыш, пан, да чаго бабы даводзяць нават такіх людзей, як Вакульскі! Ведаеш, пан, чаго ён гэтакі засмучаны?..
– Пераканаўся, што панна Ленцкая мае каханка…
– Хаця б ён пераканаўся!.. Можа і вылечыўся б тады радыкальна. Але яна надта спрытная, каб гэткі наіўны закаханы разгледзеў, што робіцца за кулісамі. Зрэшты, я пра іншае. Смех сказаць, сорам прызнацца! – бушаваў доктар.
Ён ляснуў сябе па лысіне і працягваў цішэй:
– Заўтра баль у князя, дзе, ясная рэч, будзе панна Ленцкая. Ці вядома пану, што князь да гэтае пары не запрасіў Вакульскага, хоць іншым разаслаў запрашэнні ўжо два тыдні таму?! А ці паверыць пан, што Стах захварэў з-за гэтага?..
Доктар захіхікаў, вышчэрваючы гнілыя зубы, а я, далібог, пачырванеў ад сораму.
– Цяпер разумееш, пан, на якім адхоне можа апынуцца чалавек? – спытаў Шуман. – Ужо другі дзень ходзіць ён, нібы атручаны, што нейкі князь не запрасіў яго на баль!.. Ён, той наш каханы, той наш слаўны Стах…
– Ён сам гэта пану сказаў?
– Дзе там! – прамармытаў доктар. – У тым і бяда, што не сказаў. Каб хапіла яму духу сказаць, дык і плюнуць бы здолеў на гэта спозненае запрашэнне.
– Мяркуеш, пан, што яго запросяць?
– Авой! Не запрасіць яго каштавала б князю пятнаццаць працэнтаў гадавых з капіталу, укладзенага ў суполку. Запросіць ён яго, запросіць. Дзякуй Богу, Вакульскі яшчэ рэальная сіла. Але спачатку, ведаючы яго слабасць да панны Ленцкае, падражніць яго, пабавіцца ім, як сабакам, якому здалёк паказваюць кавалак мяса, каб навучыць хадзіць на задніх лапах. Не бойся, пане, яны яго не выпусцяць, на гэта ім розуму хопіць. Але яны хочуць выдрэсіраваць яго, каб добра служыў, прыносіў у зубах, нават кусаў тых, хто ім нямілы.
Ён узяў сваю бабровую шапку, кіўнуў мне і выйшаў. Дзівак быў, дзіваком і застаўся.
Рэшту дня я змарнаваў, нават некалькі раз памыліўся ў разліках. А калі ўжо збіраўся зачыняць краму, з’явіўся Стах. Здалося мне, што за апошнія дні ён зблажэў. Ён нядбала павітаўся з нашымі панамі і пачаў корпацца ў шуфлядзе стала.
– Шукаеш нешта? – спытаў я.
– Ці не было тут ліста ад князя?.. – адказаў ён, унікаючы майго позірку.
– Я адсылаў усе лісты табе на кватэру…
– Я ведаю, але мог нейкі заваляцца сярод папер…
Лепш бы мне зубы дзерлі, чым чуць такое. Дык меў Шуман рацыю: Стах пакутуе, што князь не запрасіў яго на баль!
Калі краму зачынілі і ўсе пайшлі, Вакульскі спытаў:
– Што ты сёння будзеш рабіць? Можа, запрасіў бы мяне на гарбату?
Вядома, я запрасіў яго з радасцю і прыгадаў старыя часы, калі Стах бавіў у мяне амаль кожны вечар. Як даўно гэта было! Цяпер ён быў пахмурны, я заклапочаны, і хоць нам шмат пра што было паразмаўляць, мы хавалі адзін ад аднаго вочы. Нават завялі гутарку пра мароз, і толькі шклянка гарбаты, напалову разбаўленая аракам, развязала мне трохі язык.
– Усе кажуць, – азваўся я, – што ты прадаеш краму.
– Ужо амаль прадаў, – адказаў Вакульскі.
– Жыдам?..
Ён рэзка ўстаў з фатэля, запхнуў рукі ў кішэні і захадзіў па пакоі.
– А каму яе прадаць?.. – спытаў ён. – Тым, хто не купіць краму, бо маюць грошы, ці тым, хто купіў бы яе толькі таму, што няма грошай? Крама вартая амаль сто дваццаць тысяч рублёў, дык што, выкінуць іх на сметнік?
– Аж страшна, як гэтыя жыды выціскаюць нас…
– Адкуль?.. З тых пазіцый, якія мы не хочам займаць, а прымушаем займаць іх – папіхаем іх, молім, каб занялі. Маю краму не купіць аніводзін з нашых паноў, але кожны дасць грошай жыдам, каб тыя купілі і… плацілі ім добрыя працэнты з пазычанага капіталу.
– Гэтак?
– Вядома. Я ж ведаю, хто пазычае Шлянгбаўму…
– Дык Шлянгбаўм купляе?