Выбрать главу

Вось жа, пан Навіньскі, самы элегантны распарадчык баляў, найчасцей танцаваў з ёю, не з бацькам. Пан Мальбарг, узор добрых манер і аракул моды, з ёю гутарыў, не з бацькам. А пан Шастальскі, прыяцель гэтых дваіх, не з-за бацькі, а з-за яе адчуваў сябе няшчасным ды несуцешным. Пан Шастальскі выразна прызнаўся ёй у гэтым і, хоць не быў лепшым танцорам, як пан Навіньскі, ды аракулам моды, як пан Мальбарг, быў усё ж прыяцелем паноў Навіньскага і Мальбарга. Жыў ён побач з імі, разам з імі абедаў, разам з імі замаўляў сабе англійскія або французскія гарнітуры, а дамы сталага веку, якія не маглі заўважыць за ім нічога выключнага, называлі яго, прынамсі, паэтычнаю натураю.

Толькі адзін дробны факт, адно меркаванне змусіла панну Ізабэлу шукаць таямніцу яе трыумфаў у іншым кірунку.

Падчас аднаго з баляў яна звярнулася да панны Пантаркевічоўны са словамі:

– Ніколі я так добра не бавілася ў Варшаве, як сёлета.

– Бо ты выклікаеш захапленне, – коратка адказала панна Пантаркевічоўна, закрываючыся веерам, нібы хацела схаваць міжвольнае пазяханне.

– Панны ў гэтым узросце ўмеюць быць цікавымі, – на поўны голас азвалася пані з дэ Гінсаў Упадальская да пані з Фертальскіх Выўратніцкае.

Рух веера панны Пантаркевічоўны ды слоўца пані з дэ Гінсаў Упадальскае прымусілі панну Ізабэлу задумацца. Яна была дастаткова разумная, каб не ацаніць сітуацыю, да таго ж гэтак ясна пракаментаваную.

“Пра які яны ўзрост? – думала яна. – Дваццаць пяць гадоў яшчэ не ствараюць “таго ўзросту”… Што яны кажуць?..”

Яна адвярнулася і заўважыла позірк Вакульскага, які не зводзіў з яе вачэй. А паколькі абіраць даводзілася між тым, каб прыпісаць свой трыумф або “таму ўзросту”, або Вакульскаму, дык… яна пачала думаць пра Вакульскага.

Хто ведае, ці не быў ён ненаўмысным творцам агульнага захаплення ёю?..

Яна пачала прыгадваць.

Перадусім бацька пана Навіньскага меў капітал у суполцы, якую заклаў Вакульскі, і якая (пра што вядома было нават панне Ізабэле) прыносіла вялікі даход. Потым, пан Мальбарг, які скончыў нейкую тэхнічную школу (у чым ён не прызнаваўся), за пасярэдніцтвам Вакульскага (што трымаў у вялікай таямніцы) шукаў пасаду на чыгунцы. І сапраўды, ён атрымаў яе. Мела яна адну вялікую вартасць – не вымагала працы, і адну страшную загану – не давала трох тысяч рублёў заробку. Пан Мальбарг нават быў пакрыўджаны за гэта на Вакульскага, але, каб не псаваць стасункі, абмяжоўваўся толькі тым, што прамаўляў яго прозвішча з лёгкаю іранічнаю ўсмешкаю.

Пан Шастальскі не меў ані капіталу ў суполцы, ані пасады на чыгунцы. Але з-за таго, што два ягоныя прыяцелі, паны Навіньскі і Мальбарг, мелі да Вакульскага прэтэнзіі, дык і ён меў да Вакульскага прэтэнзіі, якія, уздыхаючы пры панне Ізабэле, фармуляваў так:

– Ёсць жа шчаслівыя людзі, якія…

Што ўяўляюць сабою тыя – “якія…”, панна Ізабэла так ніколі і не даведалася. Але пры гэтым слове “якія” прыгадваўся ёй Вакульскі. Тады яна сціскала свае дробныя кулачкі і паўтарала сама сабе: “Дэспат… тыран…”

Хоць Вакульскі не паказваў ніякае схільнасці ні да тыраніі, ні да дэспатызму. Толькі глядзеў на яе і думаў:

“Ты гэта ці… не ты?..”

Часам, калі ён бачыў маладзейшых або старэйшых франтаў, што з усіх бакоў атачалі панну Ізабэлу, вочы якое пры гэтым ззялі, як брыльянты або зоркі, аблачынка пралятала па небе яго захаплення і кідала на душу цень неакрэсленага сумневу. Але Вакульскі стараўся не заўважаць ценяў. Панна Ізабэла была яго жыццём, шчасцем, сонцам, якога не маглі зацьміць нейкія мімалётныя хмаркі, можа, нават прыдуманыя.

Часам прыгадваўся яму Гейст, здзічэлы мудрэц з грандыёзнымі ідэямі, які паказваў яму іншую мэту, чым каханне панны Ленцкае. Але дастаткова было Вакульскаму аднаго позірку панны Ізабэлы, каб ацверазець ад мрояў.

“Што мне да чалавецтва! – казаў ён, паціскаючы плячыма. – За ўсё чалавецтва і за ўсю будучыню свету, за бессмяротнасць уласнае душы… не аддам аднаго яе пацалунку…”

І ад думкі пра той пацалунак рабілася з ім неверагоднае. Воля яго слабела, ён адчуваў, што траціць яснасць розуму і, каб апрытомнець, мусіў зноў убачыць панну Ізабэлу ў таварыстве франтаў. І толькі тады, калі ён чуў яе бесклапотны смех і самаўпэўнены тон, калі бачыў яе гарачыя позіркі, якія яна кідала на паноў Навіньскага, Мальбарга ды Шастальскага, на імгненне здавалася яму, што спадае ў яго з вачэй заслона, за якою ён бачыць нейкі іншы свет і нейкую іншую панну Ізабэлу. Тады невядома адкуль паўставалі перад ім выявы ягонай маладосці, поўныя тытанічных высілкаў. Бачыў ён, колькі давялося папрацаваць, каб выбавіцца з галечы, чуў свіст куляў, якія праляталі некалі над ягонай галавою, а потым бачыў лабараторыю Гейста, дзе нараджаліся грандыёзныя адкрыцці, і, пазіраючы на паноў Навіньскага, Мальбарга ды Шастальскага, ён думаў: