“Што я тут раблю?.. Чаго я малюся перад адным з імі алтаром?..”
Яму хацелася зарагатаць, але апантанасць вярталася. І зноў здавалася яму, што такое жыццё, як яго, варта пакласці да ног такое, як панна Ізабэла, кабеты.
Як бы там ні было, а пад уплывам неабачлівага слоўца пані з Гінсаў Упадальскае ў панне Ізабэле адбылася перамена на карысць Вакульскага. З увагаю яна прыслухоўвалася да размоў паноў, якія наведвалі яе бацьку, і ў выніку зразумела, што кожны з іх або мае капіталік, які хоча размясціць у Вакульскага “хаця б на пятнаццаць працэнтаў”, або кузіна, якому хоча выстарацца пасаду, або прагне знаёмства з Вакульскім з нейкімі іншымі намерамі. А што тычыцца дам, дык тыя або таксама хацелі зрабіць некаму пратэкцыю, або мелі дачок на выданні і нават не ўтойвалі, што гатовыя адбіць Вакульскага ў панны Ізабэлы, або, калі не зусім яшчэ былі перастаркамі, рады былі ашчаслівіць яго самі.
– Вось каб быць жонкаю гэткага чалавека! – казала з Фестальскіх Выўратніцкая.
– Нават каб і не жонкаю! – рагатала ў адказ баранеса фон Плес, муж якое ўжо пяць гадоў быў спаралізаваны.
“Тыран… дэспат…” – паўтарала панна Ізабэла, усведамляючы, што купец, якім яна пагарджала, прыцягвае столькі позіркаў, выклікае столькі надзеяў ды рэўнасці.
Хоць у ёй усё яшчэ цьмелі рэшткі пагарды і антыпатыі, яна мусіла прызнаць, што гэты шорсткі і пануры чалавек мае большае значэнне і лепш выглядае, чым маршалак, барон Дальскі і нават паны Навіньскі, Мальбарг ды Шастальскі.
Аднак найбольш паўплываў на яе рашэнне князь.
Князь, на просьбу якога ў снежні Вакульскі не пажадаў ахвяраваць пані Кшэшоўскай дзесяць тысяч рублёў, а ў студзені і лютым нават не даў ні гроша на бедных, якімі той апекаваўся, князь на нейкі час страціў прыхільнасць да Вакульскага. Вакульскі прыкра расчараваў князя. Князь думаў – і верыў, што мае права гэтак думаць – нібы чалавек кшталту Вакульскага, калі ўжо раз пераканаўся ў зычлівасці князя, дык мусіць выракчыся не толькі сваіх жаданняў ды інтарэсаў, але нават свайго маёнтка ды ўласнае асобы. Яму павінна падабацца тое, што падабаецца князю, ён павінен ненавідзець тое, што ненавідзіць князь, рабіць толькі тое, што адпавядае мэтам князя, і дагаджаць яму ва ўсім. Тым часам гэты нуварыш (хоць, несумненна, і добры шляхціц) не толькі не збіраўся слугаваць князю, але нават наважыўся на самастойнасць. Не раз ён спрачаўся з князем, а горш за ўсё, нават адмаўляўся выконваць яго пажаданні.
“Шорсткі чалавек… карыслівы… эгаіст!..” – думаў князь і ўсё больш дзівіўся зухаватасці нуварыша.
Збегам абставін, пан Ленцкі, якому ўжо цяжка было рабіць выгляд, што ён не заўважае захадаў Вакульскага адносна панны Ізабэлы, папрасіў выказаць князя сваё меркаванне пра Вакульскага і даць параду.
А князь, нягледзячы на ўсе свае недахопы, па сутнасці, быў чалавекам пачцівым, дык характарыстыкі людзям ён даваў не з адных толькі ўласных упадабанняў, а з улікам меркаванняў іншых.
Таму ён папрасіў пана Ленцкага пачакаць пару тыдняў, “каб сфармаваць думку”, а сам, маючы разнастайныя сувязі ды нешта падобнае да ўласнае паліцыі, шмат чаго даведаўся.
Перш за ўсё ён звярнуў увагу, што шляхта, хоць і з насмешкаю гаворыць пра Вакульскага як пра нуварыша і дэмакрата, паціху, аднак, ганарыцца ім: “Відаць нашу кроў, хоць і прыбіўся да купцоў!”
Калі ж з’яўлялася патрэба супрацьпаставіць некага жыдоўскім банкірам, самыя закаранелыя шляхціцы высоўвалі наперад Вакульскага.
Купцы, а перадусім фабрыканты, ненавідзелі Вакульскага, але асноўныя іх абвінавачванні: “Шляхціц… вялікі пан… палітык!..” – князь, зноў жа, не мог лічыць ганьбаю.
Але самыя цікавыя звесткі атрымаў князь ад законніц. Быў нейкі фурман у Варшаве і ягоны брат дарожнік на Варшаўска-Венскай чыгунцы, якія дабраслаўлялі Вакульскага. Былі нейкія студэнты, якія хваліліся, што Вакульскі дае ім стыпендыі, былі рамеснікі, удзячныя яму за майстэрні, былі гандляры, якім Вакульскі дапамог закласці крамы.
Не бракавала нават (пра што сёстры казалі чырванеючы і з пабожным жахам) кабеты распуснае, якую Вакульскі выбавіў з нэндзы, аддаў да магдаленак і, нарэшце, зрабіў з яе пачцівую кабету, наколькі (казалі сёстры) з гэткае асобы можа быць сумленная кабета.
Гэтыя сведчанні мала таго што здзівілі, але нават застрашылі князя. І адразу ж Вакульскі ў ягоных вачах набыў вагу. Прынамсі, ён быў чалавекам, у якога ёсць уласная праграма. Уга! Ён нават вядзе самастойную палітыку і карыстаецца пашанаю сярод паспалітых…