Дык князь, у прызначаны тэрмін прыйшоўшы да пана Ленцкага, завітаў і да панны Ізабэлы. Ён урачыста абняў яе і сказаў загадкава:
– Шаноўная кузіна, трымаеш ты ў руках нязвыклага птаха… Трымай жа яго і беражы, каб вырас ён на карысць няшчаснаму краю…
Панна Ізабэла моцна пачырванела, яна здагадалася, што гэты нязвыклы птах – Вакульскі.
“Тыран… дэспат!.. ” – падумала яна.
Нягледзячы на гэта, у адносінах панны Ізабэлы да Вакульскага першы лёд быў зламаны. Яна ўжо падумвала выйсці за яго…
Аднойчы, калі пан Ленцкі крыху занядужаў, а панна чытала ў сваім кабінеце, ёй паведамілі, што ў салоне чакае пані Вансоўская. Панна Ізабэла адразу ж выбегла туды і, апроч пані Вансоўскае, убачыла там Ахоцкага, вельмі пахмурнага.
Прыяцелькі пацалаваліся з дэманстратыўнаю чуласцю, але Ахоцкі, здольны бачыць усё навылёт, заўважыў, што або адна з іх, або яны абедзве маюць нейкія прэтэнзіі, зрэшты, невялікія.
“Няўжо наконт мяне?.. – падумаў ён. – Не трэба залішне ангажавацца… ”
– А! І кузін тут! – сказала панна Ізабэла, падаючы яму руку. – Чаму ж такі сумны?
– Павінен быць вясёлы, – заўважыла пані Вансоўская, – бо ўсю дарогу ад банка заляцаўся да мяне і з добрым вынікам. Не рагу Алеі я дазволіла яму расшпіліць два гузікі на пальчатцы ды пацалаваць у руку. Каб жа я ведала, Бела, як ён не ўмее цалаваць…
– Вось як?! – закрычаў Ахоцкі, чырванеючы да саміх валасоў. – Добра! З гэтае хвіліны ніколі ўжо не пацалую ў пані руку… Абяцаю…
– Яшчэ да вечара сёння пацалуеш мне, пан, у абедзве, – адказала пані Вансоўская.
– Ці магу я пайсці павітацца з панам Ленцкім? – урачыста спытаў Ахоцкі і, не чакаючы адказу панны Ізабэлы, выйшаў з салона.
– Прысарамаціла ты яго, – сказала панна Ізабэла.
– Дык няхай не заляцаецца, калі не ўмее. У падобных выпадках нязграбнасць – смяротны грэх. Ці ж няпраўда?
– Калі ты прыехала?
– Учора раніцаю, – адказала пані Вансоўская. – Але два разы мусіла наведаць банк, трэба было яшчэ на склад, потым упарадкаваць рэчы... Ходзіць за мною Ахоцкі, пакуль не знайду каго весялейшага. Калі саступіш мне некага… – дадала яна са значэннем.
– Ізноў чуткі! – прамовіла панна Ізабэла, чырванеючы.
– Якія дайшлі ажно да мяне ў вёску. Старскі распавядаў мне, і не без рэўнасці, што сёлета, зрэшты, як і заўсёды, была ты каралеваю. Падобна, Старскі зусім страціў галаву.
– І абодва яго гэткія ж нудныя прыяцелі, – заўважыла панна Ізабэла з усмешкаю. – Усе трое кожны вечар пачыналі раптам адчуваць каханне да мяне, кожны абіраў для прызнання такі час, каб не перашкаджаць іншым, а потым усе трое дзяліліся ўражаннямі ад сваіх пакут. Гэтыя панове ўсё робяць супольна.
– А табе гэта як?
Панна Ізабэла паціснула плячыма.
– Што тут пытацца, – сказала яна.
– Я чула таксама, – працягвала пані Вансоўская, – што Вакульскі прызнаўся…
Панна Ізабэла пачала круціць бант на сваёй сукенцы.
– Ну адразу ўжо і прызнаўся!.. Ён прызнаецца мне кожны раз, як бачыць: калі глядзіць на мяне, калі не глядзіць, калі гаворыць, калі не гаворыць… як усе яны…
– А ты?
– Раблю сваё.
– Можна даведацца: што менавіта?
– Чаму не. Мне нават залежыць, каб не было тут ніякай таямніцы. Спачатку, яшчэ ў старшынёвай… Але ж, як яна маецца?
– Вельмі кепска, – адказала пані Вансоўская. – Старскі ўжо амаль не выходзіць з яе пакояў, натарыус прыязджае кожны дзень, але, здаецца, дарэмна… Дык што ты робіш?..
– Яшчэ ў Заслаўку, – працягвала панна Ізабэла, – згадвала я пра тое, каб пазбыцца крамы (тут заліла яе чырвань), якая мусіць быць прададзеная найпазней у чэрвені.
– Цудоўна. Што ж далей?
– Потым, маю клопат з тою гандлёваю суполкаю. Ён, вядома, выйшаў бы з яе зараз жа, але я вагаюся. Пры суполцы даходы складаюць дзевяноста тысяч рублёў, а без яе – толькі трыццаць тысяч, дык разумееш, ёсць пра што падумаць.
– Я бачу, што ты ўжо знаешся крыху на лічбах.
Панна Ізабэла пагардліва махнула рукою.
– Ах, ужо ніколі, хіба, мне не навучыцца. Але ён усё мне тлумачыць, крыху бацька… і крыху цётка.
– І ты гэтак адкрыта гутарыш з ім?..
– Ну, не… Але, калі нам нельга пытацца шмат пра якія рэчы, дык мусім гэтак павесці размову, каб пра ўсё даведацца. Хіба ты не разумееш?
– Вядома. І што ж далей? – працягвала выпытваць пані Вансоўская.
– Апошняя ўмова датычыць чыста маральнага боку справы. Я даведалася, што ён не мае нікога з радні, і гэта вельмі добра, але я папярэдзіла, што сама буду падтрымліваць дачыненні з усімі, з кім і раней…