– А ён без нараканняў згадзіўся?
Панна Ізабэла крыху ганарыста зірнула на прыяцельку.
– Ты сумнявалася?
– Ні хвіліны. Дык Старскі, Шастальскі…
– Але! Старскі, Шастальскі, князь Мальбарг… ну ўсе, усе, якіх захочацца мне выбраць цяпер і потым, усе мусяць бываць у маім доме. Ці можа быць іначай?..
– Вельмі слушна. І ты не баішся сцэн рэўнасці?
Панна Ізабэла зарагатала.
– Я і сцэны!.. Рэўнасць і Вакульскі… Ха-ха-ха!.. Хіба ёсць на свеце чалавек, які насмеліўся б зрабіць мне сцэну? А пагатоў ён… Ты не маеш уяўлення пра ягоную закаханасць, пра ягоную адданасць… Яго бязмежны давер, нават самаахвярнасць, сапраўды, раззбройваюць мяне… І хто ведае, ці не адно гэта прывяжа мяне да яго.
Панна Вансоўская злёгку прыкусіла вусны.
– Будзеце вельмі шчаслівыя, а прынамсі, ты, – сказала яна і стрымала ўздых. – Хоць жа…
– Ты бачыш нейкае “хоць”? – шчыра здзівілася панна Ізабэла.
– Скажу табе нешта, – працягвала пані Вансоўская тонам нязвыклае для яе лагоднасці. – Старшынёва вельмі любіць Вакульскага, і мне здаецца, вельмі добра яго ведае, не разумею, праўда, адкуль. Яна часта гутарыла са мною пра яго. І ведаеш, што аднойчы яна сказала?
– Хацела б ведаць, – адказала панна Ізабэла, здзіўленне якое расло.
– Яна сказала так: “Я баюся, што Бэла зусім не разумее Вакульскага. Здаецца, яна гуляе з ім, а з ім гуляць нельга. І яшчэ мне здаецца, што яна ацэніць яго запозна…”
– Гэтак сказала старшынёва? – холадна перапытала панна Ізабэла.
– Так! Зрэшты, скажу табе ўсё. Яна скончыла словамі, якія моцна мяне ўразілі: “Прыгадаеш мае словы, Казю, гэтак і будзе, бо перад смерцю людзі бачаць усё ясней…”
– Ці аж так кепска са старшынёвай?
– Нічога добрага, – суха падвяла вынік пані Вансоўская, адчуваючы, што размова скончаная.
Настала хвіліннае маўчанне, якое, на шчасце, перапыніла з’яўленне Ахоцкага. Пані Вансоўская вельмі сардэчна развіталася з паннаю Ізабэлаю і, кідаючы на свайго таварыша зваблівыя позіркі, прамовіла:
– А цяпер едзем да мяне на абед.
Ахоцкі зрабіў такую грымасу, якая мела азначаць, што ён не паедзе з паняю Вансоўскаю. Аднак з вельмі пахмурным выглядам ён узяў свой капялюш і выйшаў.
У калясцы ён павярнуўся бокам да пані Вансоўскае і, разглядаючы вуліцу, пачаў:
– Няхай бы ўжо тая Бэла вызначылася з Вакульскім, так ці іначай…
– Пэўна, хацелася б пану, каб “так”, абы застацца прыяцелем дому? Але нічога не атрымаецца, – сказала пані Вансоўская.
– Вельмі перапрашаю, мая пані, – адказаў ён з абурэннем. – Я гэтым не займаюся… Пакідаю гэта Старскаму ды падобным да яго…
– Дык чаму пану гэтак залежыць, каб Бэла вызначылася?
– Вельмі залежыць. Галаву даю на страценне, што Вакульскі ведае нейкую важную навуковую таямніцу, але я ўпэўнены, што ён не адкрые мне нічога, пакуль сам будзе ў гэтакай гарачцы… Ат жа гэтыя кабеты з іх мярзотным какецтвам…
– А ваша не такое мярзотнае? – спытала пані Вансоўская.
– Нам можна.
– Вам можна… нішто сабе!.. – абурылася яна. – І гэта кажа чалавек прагрэсіўны. У век эмансіпацыі!..
– Ліха з ёю, з гэтай эмансіпацыяй! – адказаў Ахоцкі. – Добрая эмансіпацыя. Вы б хацелі мець усе прывілеі: і мужчынскія, і жаночыя – і ніякіх абавязкаў… Дзверы перад імі адчыняй, месца ім саступай, за якое сам заплаціў, кахай іх, а яны…
– Бо мы – ваша шчасце, – пацвяліла яго пані Вансоўская.
– Якое шчасце?! Сто пяць кабет прыходзіцца на сто мужчын, дык што тут шанаваць?
– Дык жа панскія ўлюбёнкі – гувернанткі, пэўна, і не шануюцца.
– Вядома! Але самыя нязносныя – гэта велікасвецкія дамы і рэстаранныя служанкі. Якія вымаганні, якое крыўлянне!..
– Забываешся, пан, – ганарліва прамовіла пані Вансоўская.
– Ну, дык пацалую ў ручку, – адказаў ён і адразу ж памкнуўся выканаць свой намер.
– Прашу не цалаваць мне гэтае рукі…
– Ну, дык другую…
– А што?! Не казала я, што яшчэ да вечара пацалуе мне пан у абедзве рукі?
– Ах, на міласць Боскую!.. Не жадаю быць у пані на абедзе… тут выйду…
– Спыні, пан, каляску.
– Навошта?
– Ну, калі хочаш тут выходзіць…
– Якраз тут не выйду… О, гора мне з гэткім нязносным характарам!..
Вакульскі прыходзіў да панства Ленцкіх праз дзень-два і часцей за ўсё заспяваў толькі пана Тамаша, які вітаў яго з бацькоўскаю сардэчнасцю, а потым гадзінамі апавядаў пра свае хваробы ды пра свае справы, даючы зразумець, што ўжо лічыць яго амаль сваяком.
Панны Ізабэлы звычайна дома не было: яна была то ў цёткі графіні, то ў знаёмых, то ў краўчых. А калі Вакульскаму шанцавала, яны паспявалі перакінуцца некалькімі словамі, бо панна Ізабэла нават тады або збіралася некуды, або прымала наведнікаў.