Выбрать главу

Якое жахлівае становішча!.. Ужо месяц яны пазычаюць ва ўласнага лёкая, і ўжо каля дзесяці дзён яе бацька на свае дробныя выдаткі выйграе грошы ў карты… Выйграваць можна, панове выйграюць тысячы, але – не на асноўныя патрэбы, і перадусім не ў купцоў. Ах, каб можна было, яна б кінулася бацьку ў ногі і маліла не гуляць з гэтымі людзьмі, прынамсі, цяпер, калі ў іх такое цяжкае матэрыяльнае становішча. Праз некалькі дзён, калі атрымае грошы за свой сервіз, яна сама ўручыць бацьку некалькі сотняў рублёў, і папросіць прайграць іх таму пану Вакульскаму, каб аддзячыў яму яшчэ больш шчодра, чым яна сама аддзячыць Мікалаю за іхнія даўгі.

Але ці можна ёй гэтак рабіць і нават казаць пра гэта бацьку?..

“Вакульскі?.. Вакульскі?.. – шэпча панна Ізабэла. – Хто ж такі гэты Вакульскі, што сёння так нечакана паказаўся ёй з розных бакоў, у розных постацях. Якія ў яго справы з цёткаю, з бацькам?..”

І тут яна прыгадвае, што ўжо некалькі тыдняў чуе пра гэтага чалавека. Нейкі купец нядаўна ахвяраваў пару тысяч рублёў на дабрачыннасць, але яна забылася: гандлюе той дамскімі строямі ці футрамі. Потым казалі, што таксама нейкі купец падчас балгарскае вайны зарабіў шмат грошай, толькі яна не звярнула ўвагі, ці зарабіў шавец, у якога яна замаўляе чаравікі, ці яе цырульнік? А цяпер ужо ёй робіцца ясна, што той купец, які даў грошы на дабрачыннасць, і той, які зарабіў цэлы капітал – гэта адна асоба, што гэта якраз той Вакульскі, які яе бацьку прайграе ў карты і якога цётка, вядомая сваёй ганарлівасцю графіня, называе: “Мой пачцівы Вакульскі!..”

Яна нават прыгадвае сабе твар гэтага чалавека, які ў краме не пажадаў размаўляць з ёю, а толькі панура глядзеў, схаваўшыся за вялізныя японскія вазоны. Як ён на яе глядзеў…

Аднойчы ў парыве свавольства яна разам з паннай Фларэнтынай зайшла ў цукерню на кубачак шакаладу. Яны селі пры століку ля вакна, за якім сабраліся малыя галадранцы. Дзеці глядзелі на яе, на шакалад і на пірожныя з засяроджанай прагнасцю галодных звяркоў, і гэты купец гэтак жа на яе глядзеў.

Дрыжыкі прабеглі па скуры панны Ізабэлы. І ён можа стаць супольнікам яе бацькі?.. Супольнікам у якой справе?.. Як яе бацьку прыйшло ў галаву ствараць нейкае гандлёвае таварыства, выдумляць нешта такое, пра што ён ніколі раней нават не марыў?.. Ён хоча з дапамогаю мяшчанства стаць наперадзе арыстакратыі, хоча, каб яго абралі ў гарадскую раду, якой не было і няма?..

Але ж гэты Вакульскі, сапраўды, нейкі ці аферыст, ці махляр, якому патрэбна гучнае прозвішча дзеля шыльды. Бывалі такія выпадкі. Колькі ж цудоўных прозвішчаў нямецкае ды венгерскае шляхты ўблыталася ў вір гандлёвых аперацый, яна нават не разумее якіх, ды і бацька, хіба, не больш за яе.

Ужо зусім сцямнела. На вуліцы запаліліся ліхтары, іх святло трапляла ў кабінет панны Ізабэлы, малюючы на столі раму вакна і складкі фіранкі. Гэта нагадвала крыж на ясным фоне, які паволі засланяе хмара.

“Дзе гэта я бачыла такі крыж, такую хмару і святло?..” – задумалася панна Ізабэла. Яна пастаралася прыгадаць краявіды, што давялося бачыць, і ёй пачало нешта мроіцца.

Ёй здавалася, што яна едзе каляскаю па нейкай знаёмай мясцовасці. Наваколле нагадвае вялізны пярсцёнак, які ствараюць лясы і зялёныя горы, а яе каляска знаходзіцца на беразе пярсцёнка і з’язджае ўніз. А ці з’язджае яна? Бо нікуды не набліжаецца і ні ад чаго не аддаляецца, нібы стаіць на месцы. Але ўсё ж з’язджае, бо пра гэта сведчыць сонечны водбліск на лакіраванай паверхні каляскі, які, торгаючыся, паволі ссоўваецца назад. Зрэшты, чуваць ляскатанне… Гэта ляскатанне брычкі на вуліцы?.. Не, гэта грукочуць машыны, якія працуюць дзесьці ў глыбіні гэтага пярсцёнка з гор і лясоў. Відно там, унізе, нават нібы возера чорнага дыму і белае пары, ахопленае рамаю зеляніны.

Цяпер панна Ізабэла заўважае бацьку, ён сядзіць каля яе і ўважліва разглядае свае пазногці, час ад часу кідаючы вокам на краявід. Каляска па-ранейшаму стаіць на беразе пярсцёнка нібы нерухома, толькі водбліск сонца на лакіраваных дзверцах паволі пасоўваецца назад. Гэты ўяўны спачын або, можа, таемны рух надта непакоіць панну Ізабэлу. “Мы едзем ці стаім?” – пытае яна ў бацькі. Але бацька нічога не адказвае, нібы не заўважае яе. Ён разглядае свае дагледжаныя пазногці і часам кідае позірк на наваколле…

Потым (каляска па-ранейшаму трасецца і чуваць ляскатанне колаў) з глыбіні возера, поўнага чорнага дыму і белае пары, вынырвае да поясу постаць нейкага чалавека. У яго коратка стрыжаныя валасы, смуглявы твар, які нагадвае Тросці, палкоўніка стральцоў (а можа, гладыятара з Фларэнцыі?), і вялізныя чырвоныя рукі. Апрануты ён у засмоленую кашулю з падкасанымі вышэй локця рукавамі. У левай руцэ, прыціснутай да грудзей, у яго карты, раскінутыя веерам, а ў правай, узнятай над галавою, ён трымае адну карту, відавочна, каб кінуць яе на сядзенне каляскі. Рэшта постаці губляецца сярод дыму.