Пані Стаўская слухала моўчкі, але паволі пераканалася, што Вакульскі – самы надзвычайны чалавек, які існаваў калі-небудзь на зямлі.
Пасля вяртання Вакульскага з Парыжа стары крамнік часцей наведваў пані Стаўскую і заводзіў усё больш даверлівыя размовы. Ён казаў, вядома, пад найвялікшым сакрэтам, што Вакульскі закаханы ў панну Ленцкую, і што ён, Жэцкі, зусім гэтага не ўхваляе.
У пані Стаўскае пачала абуджацца непрыязь да панны Ленцкае і спачуванне да Вакульскага.
Ужо тады прыйшло ёй у галаву, але толькі на момант, што Вакульскі, мусіць, вельмі няшчасны, і вялікаю заслугаю для некага было б выратаваць яго з сіла какеткі.
Пазней абрынуліся на пані Стаўскую два вялікія няшчасці: судовы працэс аб ляльцы і страта заробкаў. Вакульскі не толькі не адмовіўся ад знаёмства з ёю, – што, прынамсі, мог зрабіць, – але нават даказаў яе невінаватасць у судзе ды прапанаваў ёй добрае месца ў краме.
Тады пані Стаўская прызналася сабе, што гэты чалавек важны для яе, і што ён гэткі ж дарагі ёй, як Гэлюня і маці.
З тае пары пачалося ў яе дзіўнае жыццё. Хто б ні прыйшоў да іх, наўпрост або ўскосна, заводзіў гаворку пра Вакульскага. Пані Дэнова, пані Калярова і пані Радзінская ўводзілі ёй у вушы, што Вакульскі – найлепшая партыя ў Варшаве, матка намякала, што Людвічак ужо памёр, а зрэшты, нават каб і жыў, не заслугоўвае, каб пра яго памятаць. Нарэшце, Жэцкі кожны раз, як прыходзіў, апавядаў ёй, які Стах няшчасны і што трэба яго ратаваць, а ратаваць можа толькі яна.
– Якім чынам?.. – спытала яна, не надта сама разумеючы, што гаворыць.
– Няхай пані пакахае яго, дык знойдзецца спосаб, – адказаў Жэцкі.
Яна змаўчала ў адказ, але ў душы горка дакарала сябе, што не здольная пакахаць Вакульскага, хоць бы і хацела. Сэрца ў яе ўжо высахла. Зрэшты, яна не ўпэўненая, ці мае сэрца. Праўда, яна пастаянна думала пра Вакульскага падчас працы ў краме і дома, чакала яго, а калі той не прыходзіў, была сумная і негаваркая. Ён часта сніўся ёй, але ж гэта не каханне, яна не здольная на каханне. Калі казаць праўду, дык нават мужа яна ўжо перастала кахаць. Ёй здавалася, што памяць пра зніклага падобная да восеньскага дрэва, з якога ападае лісце і застаецца толькі чорны шкілет.
“Куды ўжо мне кахаць, – думала яна. – Згаслі ўжо ўсе жаданні”.
Жэцкі тым часам працягваў здзяйсняць свой хітры план. Спачатку ён казаў ёй, што панна Ленцкая загубіць Вакульскага, потым – што толькі іншая кабета магла б яго вярнуць да прытомнасці, потым прызнаў, што Вакульскі робіцца значна спакайнейшы побач з ёю, і, нарэшце (але гэта ў форме дапушчэння), што Вакульскі пачынае яе кахаць.
Пад уплывам гэтых прызнанняў пані Стаўская худнела і марнела, а ў яе душы пасялілася трывога. Бо апанавала яе іншая думка: што яна скажа, калі Вакульскі прызнаецца, што кахае яе… Сапраўды, сэрца яе даўно ўжо астыла, але ці стане ёй адвагі адштурхнуць яго і заявіць, што ён зусім яе не цікавіць? Ці мог не цікавіць яе чалавек такі, як ён? Не таму, што яна была за нешта яму ўдзячная, а таму, што ён гэтакі няшчасны і кахае яе... “Якая кабета здолее не злітавацца з сэрца гэтак глыбока параненага і гэткага ціхмянага ў сваёй болесці?”
Засяроджаная на гэтай унутранай барацьбе, не маючы нават каму даверыцца, пані Стаўская не заўважала, як мяняецца стаўленне да яе пані Мілеравай, не прыкмячала яе ўсмешак ды намёкаў.
– Як жа маецца пан Вакульскі? – не раз пыталася ў яе купчыха. – О, сёння пані гэткая знясіленая… Пан Вакульскі не павінен дазваляць, каб пані столькі працавала…
Аднаго дня – было гэта ў другой палове сакавіка – пані Стаўская вярнулася дадому і ўбачыла маці ў слязах.
– Што, мама?.. Што здарылася?.. – спытала яна.
– Нічога, нічога, дзіця маё… Чаго мне труціць табе жыццё плёткамі!.. Божа міласэрны, якія людзі нягоднікі.
– Пэўна, атрымала мама ананімку. Я праз кожныя пару дзён атрымліваю ананімкі, у якіх нават называюць мяне каханкаю Вакульскага, і што з таго?.. Я здагадваюся, што гэта справа пані Кшэшоўскае, і кідаю лісты ў печ.
– Нічога, нічога, дзіця маё… Каб жа ананімкі… Але была ў мяне сёння тая пачцівая Дэнова з Радзінскай і… Але чаго я буду жыццё табе труціць!.. Яны кажуць (падобна, увесь горад гэта гаворыць), што замест крамы ходзіш ты да Вакульскага…
Першы раз у жыцці ў пані Стаўскай абудзілася ільвіца. Яна падняла галаву, вочы ў яе бліснулі, і яна цвёрда сказала:
– А каб і так, дык што?..
– Пабойся Бога, што ты кажаш?.. – заенчыла маці, складаючы рукі.
– Ну, але каб так і было? – паўтарыла пані Стаўская.
– А муж?
– Дзе ён?.. Зрэшты, няхай заб’е мяне…
– А дачка?.. А Гэлюня?.. – прашаптала старая.