Калі разышлася чутка пра намер самазабойства, пан Шастальскі зрабіўся героем раўтаў, а панна Ізабэла атрымала мянушку “жорсткае”. Калі паны сыходзілі гуляць у віст, дамам пэўнага веку спраўляла вялікае задавальненне з дапамогаю дасціпных манеўраў звесці разам панну Ізабэлу ды Шастальскага. З неверагодным спачуваннем прыглядаліся яны праз ларнеткі да пакутаў маладога чалавека і бавіліся, нібы на канцэрце. Злавала іх толькі панна Ізабэла, бо яны бачылі, як яна цешыцца прывілеямі свайго становішча і кожным рухам ды позіркам паказвае: зірніце, гэта мяне ён кахае, з-за мяне ён няшчасны!..
Вакульскі часам бываў у гэтых таварыствах, бачыў ларнеткі дам, накіраваныя на Шастальскага ды панну Ізабэлу, нават чуў, нібы гул восаў, абгаворы, але нічога не разумеў. Зрэшты, на яго ніхто не звяртаў увагі пасля таго, як стала вядома, што ён сур’ёзны прэтэндэнт.
– Няшчаснае каханне выклікае значна большую цікавасць, – шапнула раз панна Жэжухоўская пані Вансоўскай.
– Хто ведае, дзе тут сапраўднае няшчаснае каханне, нават трагічнае!.. – адказала пані Вансоўская, пазіраючы на Вакульскага.
Праз чвэрць гадзіны панна Жэжухоўская запатрабавала пазнаёміць яе з Вакульскім, а цягам наступнае чвэрці – паведаміла яму (з апушчанымі вачыма), што, паводле яе меркавання, найпрыгажэйшая роля кабеты ў тым, каб гаіць зраненыя сэрцы, якія пакутуюць моўчкі.
Аднойчы ў канцы сакавіка Вакульскі прыйшоў да панны Ізабэлы і заспеў яе ў цудоўным настроі.
– Якая навіна! – выгукнула яна, вітаючы яго нязвыкла радасна. – Ці ведае пан, што прыязджае знакаміты скрыпач Малінары?
– Малінары? – перапытаў Вакульскі. – А! Я бачыў яго ў Парыжы.
– Пан гэтак холадна яго згадвае? – здзівілася панна Ізабэла. – Пану не спадабалася, як ён іграе?
– Магу прызнацца пані, я нават не заўважыў, як ён іграе.
– Гэта немагчыма!.. Няўжо пан не чуў? Пан Шастальскі (ну, але ён заўсёды перабольшвае) сказаў, што толькі слухаючы Малінары мог бы памерці без шкадавання. Пані Выўратніцкая захопленая ім, а пані Жэжухоўская мае намер зладзіць раўт у гонар яго.
– Як мне здаецца, гэта даволі пасрэдны скрыпач.
– Але ж, пане!.. Пан Рыдзеўскі і пан Печарскі мелі магчымасць бачыць яго альбом, складзены з адных толькі рэцэнзій… Пан Печаркоўскі кажа, што гэты альбом падаравалі Малінары аматары. Дык усе еўрапейскія рэцэнзенты называюць яго геніяльным.
Вакульскі паківаў галавою.
– Я бачыў яго ў зале, дзе самыя дарагія месцы каштавалі два франкі.
– Гэта немагчыма, гэта, хіба, не ён… Ён атрымаў ордэн ад Святога Айца, персідскі шах надаў яму тытул… Пасрэдныя скрыпачы не маюць гэтакіх адзнак.
Вакульскі са здзіўленнем глядзеў на расчырванелы твар і ззяючыя вочы панны Ізабэлы. Гэтыя аргументы былі такімі моцнымі, што ён засумняваўся ва ўласнай памяці і сказаў:
– Можа быць.
Але на панну Ізабэлу яго абыякавасць да мастацтва зрабіла прыкрае ўражанне. Яна спахмурнела і да канца дня размаўляла з Вакульскім досыць холадна.
“Дурань я! – падумаў ён, калі сыходзіў. – Вечна сапсую ёй настрой. Калі яна меламанка, дык для яе святатацтва маё меркаванне пра Малінары…”
І ўвесь наступны дзень ён горка дакараў сябе, што не разумее мастацтва, што ён гэткі прастакаваты, недалікатны, нават не шануе панну Ізабэлу.
“Гэта ж ясна, – казаў ён сам сабе, – што знакаміты той скрыпач, які на яе робіць уражанне, а не той, які мне падабаецца. Трэба быць нахабнікам, каб выказваць гэткія безапеляцыйныя меркаванні, пагатоў я, відаць, не ацаніў яго…”
Яму стала сорамна.
На трэці дзень ён атрымаў кароценькі ліст ад панны Ізабэлы, якая пісала:
“Павінен пан дапамагчы мне пазнаёміцца з Малінары, але гэта абавязкова, абавязкова… Я абяцала цётцы, што ўгавару яго зайграць у яе прытулку, дык пан разумее, як мне гэта важна”.
У першы момант Вакульскаму здалося, што збліжэнне з геніяльным скрыпачом будзе адной з самых цяжкіх задач, якія яму даводзілася вырашаць. На шчасце, ён прыгадаў, што мае знаёмага музыканта, які не толькі завёў знаёмства з Малінары, але хадзіў за ім, як цень, і праседжваў у таго днямі.
Калі ён падзяліўся сваім клопатам з музыкантам, той спачатку вырачыў вочы, потым зморшчыў бровы, нарэшце, пасля доўгага роздуму, адказаў:
– О, гэта цяжка, вельмі цяжка, але дзеля пана пастараемся. Толькі я мушу падрыхтаваць яго, настроіць на адпаведны лад… І ведае пан, як мы зробім?.. Няхай пан заўтра прыйдзе ў гатэль а першай, я там буду на сняданні. Тады няхай пан непрыкметна пакліча мяне праз слугу, а я ўжо выстараюся для пана аўдыенцыю.