Час ад часу скрыпка азывалася гучней, музыкант, што стаяў за спінаю маэстра, рабіў захопленую міну, а па зале пралятала шапаценне. Сярод урачыста настроеных мужчын, а таксама заслуханых, задумлівых, летуценных або напаўсонных дам Вакульскі заўважыў твары кабет, на якіх быў незвычайны выраз. Галовы іх былі пажадліва адкінутыя, шчочкі палалі, вочы блішчалі, раскрытыя вусны дрыжалі, нібы пад уплывам нейкага наркотыку.
“Страх, што робіцца! – падумаў Вакульскі. – Што за хворыя індывідуумы ўпрагаюцца ў трыумфальную каляску гэтага пана…”
Потым ён зірнуў у той бок, дзе сядзела панна Ізабэла, і мароз прабег у яго па скуры… Яна была ачмурэлая і поўная жарсці яшчэ больш за іншых. Ён не верыў уласным вачам.
Маэстра граў з чвэрць гадзіны, але Вакульскі не чуў ужо аніводнае ноты. Абудзілі яго толькі працяглыя і гучныя апладысменты. Потым ён зноў нібы страціў адчуванне рэальнасці, але выдатна бачыў, як Малінары шапнуў нешта на вуха пану Жэжухоўскаму, як пан Жэжухоўскі ўзяў яго пад руку і – прадставіў панне Ізабэле.
Яна залілася чырванню і прывітала яго позіркам захаплення, для якога няма слоў. Тым часам ужо запрашалі на вячэру, дык маэстра падаў ёй руку і павёў у сталовы пакой. Яны прайшлі побач з Вакульскім, Малінары нават зачапіў яго локцем, але гэтак яны былі занятыя сабою, што панна Ізабэла не звярнула на яго ўвагі. Потым учацвярых яны селі пры адным століку: пан Шастальскі з паннаю Жэжухоўскаю і Малінары з паннаю Ізабэлаю. Было відаць, што разам ім вельмі добра.
Вакульскаму зноў здалося, што з вачэй у яго спадае заслона, за якою ён бачыць зусім іншы свет і зусім іншую панну Ізабэлу. Але ў той самы момант ён адчуў гэткае галавакружэнне, гэтак сціснула грудзі і затрымцелі нервы, што ўцёк у вітальню, а адтуль – на вуліцу, баючыся, што зараз зусім страціць розум.
“Божа міласэрны! – прашаптаў ён, – здымі ж з мяне гэты праклён…”
За некалькі крокаў ад Малінары пры маленькім століку сядзела пані Вансоўская з Ахоцкім.
– Мая кузіна пачынае мне ўсё менш падабацца, – прамовіў Ахоцкі, пазіраючы на панну Ізабэлу. – Бачыла пані?..
– Ужо гадзіну назіраю, – адказала пані Вансоўская. – Мне здаецца, што і Вакульскі нешта заўважыў, бо нешта з ім дзеецца. Шкада мне яго.
– О, за Вакульскага няхай пані будзе спакойная. Праўда, сёння ён пацярпеў паразу, але варта яму апрытомнець… Гэтакіх веерам не заб’еш.
– Дык можа здарыцца драма…
– Ніякае, – запярэчыў Ахоцкі. – Людзі з магутнымі пачуццямі толькі тады ў небяспецы, калі не маюць рэзерву…
– Кажа пан пра тую пані… як жа яе… Ста… Стар?..
– Божа барані. Там нічога няма і ніколі не было. Зрэшты, для закаханага мужчыны іншая жанчына не з’яўляецца рэзервам.
– А што ж?
– Вакульскі мае выдатны розум і ведае пра цудоўнае адкрыццё, якое, насамрэч, здольнае зменіць свет…
– І пан таксама ведае пра яго?
– У агульных рысах. Бачыў і доказ, толькі падрабязнасцяў я не ведаю. Прысягаю, – у запале працягваў Ахоцкі, – што дзеля такое справы можна ахвяраваць нават дзясяткам каханак!
– Дык і мною пан ахвяраваў бы? Няўдзячны…
– А хіба пані мая каханка? Я ж не лунацік.
– Але ж закаханы пан у мяне?
– Можа, яшчэ так, як Вакульскі ў Ізабэлу?.. І не блізка… Хоць у любы момант я гатовы…
– У любы момант пан кепска выхаваны. Але… тым лепш, што не закаханы.
– І нават ведаю, чаму лепш. Пані сама ўздыхае па Вакульскім.
Пані Вансоўскую заліла чырвань, яна збянтэжылася так, што веер упаў на падлогу. Ахоцкі падняў яго.
– Я не жадаю іграць камедыю, – сказала яна праз момант. – Цікавіць ён мяне так, што… я раблю ўсё магчымае, каб ён атрымаў Бэлу, бо… яе кахае гэты шаленец…
– Прысягаю, што сярод знаёмых мне дам пані – адзіная кабета, сапраўды нечага вартая… Але досыць пра гэта. З таго часу, як я даведаўся, што Вакульскі кахае Бэлу (і як жа ён яе кахае!), мая кузіна робіць на мяне дзіўнае ўражанне. Даўней я лічыў яе выключнаю, а цяпер здаецца мне яна звычайнаю, даўней – узнёслаю, а цяпер – прыземленаю… Але гэта толькі момантамі, і я папярэджваю, што магу памыляцца.
Пані Вансоўская ўсміхнулася.
– Падобна, – сказала яна, – як толькі мужчына скіроўвае позірк на кабету, шатан насоўвае яму ружовыя акуляры.
– Часам здымае.
– Але не абыходзіцца баз пакутаў, – адказала пані Вансоўская. – Ведаеш, пан, мы ж амаль кузіны, дык пяройдзем на ты…
– Дзякуй вялікі!
– Чаму?
– Я не збіраюся быць каханкам пані.
– Я прапаную пану сяброўства.
– Менавіта. Якраз той масток, па якім…
У гэты момант пана Ізабэла раптам паднялася ад свайго століка і падышла да іх. Была яна моцна ўзрушаная.