Вакульскі схапіўся за галаву.
– І пані верыць у гэта?
– Не, бо запэўніў мяне Ахоцкі, што нічога там няма. Але ці супакоіў хто Бэлу, і ці паверыла яна, гэта ўжо іншая справа.
Вакульскі схапіў яе за руку.
– Дарагая пані, – ціха прамовіў ён, – бяру назад свае словы пра Малінары… Прысягаю пані, што я шаную панну Ізабэлу і вельмі шкадую, што гэтак неразважліва выказваўся… Цяпер я бачу ганебнасць свайго ўчынку…
Ён быў гэтакі ўзрушаны, што пані Вансоўскай стала яго шкада.
– Ну, ну, – прамовіла яна, – няхай пан супакоіцца і не перабольшвае… Слова гонару (хоць кабеты, падобна, не маюць гонару), запэўніваю пана, што наша размова застанецца паміж намі. Зрэшты, я ўпэўненая, Бэла і сама прабачыла б пану яго нястрыманасць. Гэта было несправядліва, але… закаханым прабачаецца і не такая несправядлівасць.
Вакульскі пачаў цалаваць ёй у абедзве рукі, але яна іх вырвала.
– Прашу без заляцанняў да мяне, бо для закаханае кабеты мужчына з’яўляецца алтаром… А цяпер вылазь, пан. Ідзі вось туды, да Бэлы і…
– І што, пані?
– І прызнай, што я ўмею выконваць абяцанні.
Яе голас задрыжаў, але Вакульскі гэтага не заўважыў. Ён выскачыў з карэты і пабег да камяніцы, дзе жылі Ленцкія і каля якое яны якраз спыніліся.
Калі Мікалай адчыніў яму дзверы, ён загадаў паведаміць пра сябе панне Ленцкай. Яна была адна і прыняла яго адразу, зачырванелая і збянтэжаная.
– Так даўно не быў пан у нас, – сказала яна. – Ці не быў пан хворы?..
– Горш, пані, – адказаў ён стоячы. – Я моцна абразіў пані без прычыны…
– Пан – мяне?..
– Так, пані. Я абразіў пані падазрэннем. Я быў, – казаў ён прыглушаным голасам, – я быў на канцэрце ў панства Жэжухоўскіх… І пайшоў адтуль, нават не развітаўшыся з пані… Не хачу болей пра гэта гаварыць… Толькі разумею, што пані мае права не прымаць мяне, як чалавека, не здольнага ацаніць пані… Насмеліўся падазраваць…
Панна Ізабэла глыбока зазірнула яму ў вочы, працягнула руку і сказала:
– Прабачаю… няхай пан сядае.
– Няхай пані не спяшаецца з прабачэннем, бо гэта можа абудзіць ува мне надзею…
Яна задумалася.
– Божа, што ж мне рабіць?.. Няхай ужо мае пан надзею, калі гэта для пана так важна…
– І гэта пані кажа, пані Ізабэла?
– Гэтак, відаць, было прызначана, – адказала яна з усмешкаю.
Ён з жарсцю пацалаваў ёй у руку, якую яна не бараніла, потым адышоў да акна і нешта зняў з шыі.
– Няхай пані прыме гэта ад мяне, – сказаў ён і падаў ёй залаты медальён на ланцужку.
Панна Ізабэла з цікавасцю пачала яго разглядаць.
– Дзіўны прэзент, праўда? – працягваў Вакульскі, адчыняючы медальён. – Бачыць пані гэтую бляшку, лёгкую, як павуцінка? Але гэта каштоўнасць, якое няма ні ў адной скарбніцы свету, гэта зярнятка вялікага адкрыцця, здольнага змяніць чалавецтва. Хто ведае, ці не народзяцца з гэтае бляшкі паветраныя караблі. Але гэта няважна… Аддаючы яе пані, я ўручаю разам і сваю будучыню…
– Дык гэта талісман?
– Амаль. Дзякуючы гэтай рэчы, я гатовы быў выехаць з краю ды ўвесь маёнтак і рэшту жыцця прысвяціць новай працы. Яна магла аказацца пустою стратаю часу, але думка пра яе была адзінаю саперніцаю пані. Адзінаю… – паўтарыў ён з націскам.
– Збіраўся пан пакінуць нас?
– Нават яшчэ сёння раніцою. Таму і аддаю пані гэты амулет. З гэтае хвіліны, апроч пані, няма ўжо мне іншага шчасця на свеце. Засталася мне толькі пані або смерць.
– Калі так, я бяру пана ў няволю, – прамовіла панна Ізабэла і павесіла медальён сабе на шыю, а закладаючы яго ў станік, яна апусціла вочы і пачырванела.
“Які я нягоднік, – падумаў Вакульскі. – І гэткую кабету я падазраваў… Ах, нікчэмнік…”
Калі ён вярнуўся ў краму, дык так ззяў, што пан Ігнацы амаль спалохаўся.
– Што з табою? – спытаў ён.
– Павіншуй мяне. Я нарачоны панны Ізабэлы.
Але Жэцкі замест таго, каб віншаваць, моцна збялеў.
– Я атрымаў ліст ад Мрачэўскага, – сказаў ён праз момант. – Сузін, як ты ведаеш, яшчэ ў лютым выправіў яго ў Францыю.
– І што?.. – перапыніў яго Вакульскі.
– Вось, піша мне з Ліёну, што Людвік Стаўскі жывы і знаходзіцца ў Алжыры, але пад прозвішчам Эрнэста Валтэра. Падобна, гандлюе віном. Год таму нехта яго бачыў.
– Спраўдзім, – адказаў Вакульскі і няспешна занатаваў адрас.
З таго часу кожны вечар ён праводзіў у панства Ленцкіх, нават атрымаў запрашэнне заўсёды абедаць у іх.
Праз некалькі дзён прыйшоў да яго Жэцкі.
– Што, стары! – выгукнуў Вакульскі. – Як там князь Люлю?.. Яшчэ гневаешся на Шлянгбаўма, што наважыўся купіць краму?..
Стары крамнік пахітаў галавою.