– Ну ідзі ўжо, панна, толькі не спяшайся, – дазволіў ёй Леон.
Насуперак прадказанням Леона, барон прыйшоў да жонкі не а чацвёртай, а толькі а пятай гадзіне.
Быў ён у новай тужурцы і свежым капелюшы, у руках трымаў кіёк са срэбранаю конскаю нагою. Твар у яго быў спакойны, але верны слуга пад удаваным спакоем угледзеў моцнае хваляванне. Ужо ў вітальні пенснэ два разы звалілася ў барона з носа, а левае павека торгалася часцей, чым нават падчас двубою, або калі ён збіраўся ўдарыць па більярдным шары.
– Паведамі пра мяне пані баранесе, – сказаў барон Кшэшоўскі трохі глухаватым голасам.
Леон адчыніў дзверы салона і выгукнуў амаль грозна:
– Ясны пан!..
А калі барон увайшоў, ён зачыніў за ім дзверы, прагнаў Марыяну, якая прыбегла з кухні, і сам стаў падслухоўваць.
Пані баранеса сядзела з кніжкаю на канапе, а калі ўбачыла барона, прыўзнялася. Барон даў ёй глыбокі паклон, яна хацела пакланіцца ў адказ, але замест гэтага зноў упала на канапу.
– Мужу мой… – прашаптала яна, закрываючы твар рукамі. – О! Што ты робіш…
– Прыкра мне вельмі, – сказаў барон, кланяючыся другі раз, – што выказваю пані сваю пашану пры такіх абставінах…
– Я гатова ўсё прабачыць, калі…
– Гэта робіць гонар нам абаім, – абарваў яе барон, – бо і я гатовы забыцца на усё кепскае, што пані мне зрабіла. На бяду, пані мела неасцярожнасць злоўжываць маім прозвішчам, якое, хоць і не запісалася на старонках сусветнае гісторыі, аднак заслугоўвае ашчаднага да сябе стаўлення.
– Прозвішчам?.. – паўтарыла баранеса.
– Так, пані, – адказаў барон, кланяючыся трэці раз, па-ранейшаму з капелюшом у руцэ. – Даруе мне пані, што я закранаю гэту непрыемную тэму, але… З пэўнага часу маё прозвішча фігуруе ва ўсіх судах… У гэты момант, напрыклад, надумала пані завесці ажно тры працэсы: два з кватарантамі, а адзін з былым адвакатам, які, не ў крыўду яму кажучы, скончаны латруга.
– Але ж, мужу! – закрычала баранеса, зрываючыся з канапы. – У цябе ж самога на сённяшні дзень адзінаццаць працэсаў з-за трыццаці тысяч рублёў доўгу…
– Перапрашаю!.. У мяне сямнаццаць працэсаў з-за трыццаці дзевяці тысяч рублёў доўгу, калі памяць мяне не падманвае. Але гэта працэсы з-за даўгоў. Сярод іх няма ніводнага, які б я пачаў супраць пачцівае кабеты за крадзеж лялькі… Сярод маіх грахоў няма ніводнага ананімнага пісьма, якое б няславіла нявінную асобу, і ніхто з маіх крэдытораў не мусіў уцякаць з Варшавы, выгнаны хлуслівымі абвінавачваннямі, як гэта здарылася з нейкаю пані Стаўскаю, дзякуючы старанням пані баранесы Кшэшоўскае…
– Стаўская была тваёю каханкай…
– Перапрашаю. Сцвярджаць, што не шукаў яе прыхільнасці, я не буду, але клянуся гонарам: гэта самая шляхетная кабета, якую мне давялося сустрэць у жыцці. Няхай пані не абражаецца за ўсхваленне іншае асобы, і няхай пані мне верыць, нават мае… мае захады яна пакінула без адказу. А я, пані баранеса, маю гонар ведаць кабет, дык… маё сведчанне нешта значыць…
– Дык чаго ты хочаш, муж мой? – спытала пані баранеса цвёрдым ужо голасам.
– Я хачу… бараніць прозвішча, якое мы абое носім. Хачу… каб у гэтым доме шанавалі баранесу Кшэшоўскую. Хачу скончыць працэсы і апекавацца пані… Каб мець магчымасць выканаць гэтыя намеры, я вымушаны прасіць у пані гасціннасці. А калі ўсё будзе ўпарадкавана…
– Пакінеш мяне?
– Пэўна.
– А твае даўгі?
Барон прыўстаў з крэсла.
– Мае даўгі няхай пані не турбуюць, – адказаў ён тонам глыбокага пераканання. – Калі пан Вакульскі, звычайны шляхціц, змог цягам некалькіх гадоў зарабіць мільёны, дык чалавек з маім прозвішчам здолее сплаціць сорак тысяч доўгу. І я пакажу, што ўмею працаваць…
– Ты хворы, муж мой, – адказала баранеса. – Ты ведаеш, я паходжу з сям’і, якая зарабіла свой маёнтак, і таму кажу, ты не зможаш зарабіць нават на ўласнае ўтрыманне. Нават на тое, каб пракарміць самага ўбогага чалавека!..
– Дык пані адмаўляецца ад мае апекі, якую я прапаную па просьбе князя і клапоцячыся пра фамільны гонар?
– Але чаму!.. Займіся ж, нарэшце, мною, бо да гэтае пары…
– Што да мяне, – перапыніў яе барон з чарговым паклонам, – я пастараюся забыць мінулае…
– Ты даўно ўжо яго забыў… Нават не быў на магіле нашае дачкі…
Гэткім чынам барон пасяліўся ў кватэры сваёй жонкі. Ён спыніў працэсы з кватарантамі, былому адвакату баранесы паведаміў, што загадае даць яму бізуноў, калі той выкажацца калі-небудзь без належнае пашаны пра сваю кліентку, да пані Стаўскае напісаў ліст з прабачэннямі і паслаў ёй (аж пад Чанстахову) вялізны букет. Нарэшце, ён наняў кухара і разам з жонкаю склаў візіты розным асобам з таварыства, але спачатку сказаў Марушэвічу – а той разнёс гэта па ўсім горадзе – што калі нехта з дам не з’явіцца з візітам у адказ, барон адразу ж запатрабуе ад яе мужа сатысфакцыю.