Выбрать главу

У салонах дзікія прэтэнзіі барона выклікалі абурэнне, аднак візіты панству Кшэшоўскім зрабілі, і амаль усе сталі падтрымліваць з імі стасункі.

У сваю чаргу пані баранеса – што з яе боку было довадам надзвычайнае далікатнасці – нічога нікому не кажучы, сплаціла даўгі мужа. З некаторымі крэдыторамі яна сварылася, перад іншымі плакала, амаль усім недадала нейкую суму, спасылаючыся на ліхвярскія працэнты, і хоць злавалася, але плаціла.

У асобнай шуфлядзе яе стала сабралася ўжо пару фунтаў вэксаляў яе мужа, калі здарыўся наступны выпадак.

Крама Вакульскага ў ліпені мусіла перайсці ва ўласнасць Генрыка Шлянгбаўма, а з-за таго, што новы гаспадар не жадаў браць на сябе ані даўгоў, ані вэксаляў ранейшае фірмы, дык пан Жэцкі ў спешным парадку падбіваў усе рахункі.

Сярод іншых даўжнікоў аказаўся і барон Кшэшоўскі, якому ён даслаў напамін пра некалькі сотняў рублёў з просьбаю хутчэй адказаць.

Напамін, як і ўсе гэткага кшталту паперы, трапіў у рукі баранесе, якая замест таго, каб заплаціць, напісала Жэцкаму ў рэзкай форме адказ з намёкамі на шахрайства ды несумленнасць пры пакупцы кабылы і гэтак далей.

Акурат праз дваццаць чатыры гадзіны пасля таго, як гэты ліст быў адпраўлены, дадому да панства Кшэшоўскіх прыйшоў Жэцкі і заявіў, што хоча бачыць барона.

Барон прыняў яго вельмі ветліва, хоць і быў прыкметна здзіўлены, калі заўважыў, што былы секундант яго праціўніка моцна раззлаваны.

– Я прыйшоў да пана з прэтэнзіяй, – пачаў стары крамнік. – Нядаўна я дазволіў сабе даслаць пану рахунак…

– А, так… я нешта павінен панам… Колькі ж?..

– Дзвесце трыццаць шэсць рублёў і трынаццаць капеек…

– Заўтра пастараюся заплаціць…

– Гэта не ўсё, – спыніў яго Жэцкі. – Бо ўчора ад шаноўнае жонкі пана я атрымаў вось гэты ліст…

Барон прачытаў пададзеную яму паперыну, задумаўся і адказаў:

– Мне вельмі прыкра, што баранеса выказваецца гэтак недыпламатычна, але... наконт кабылы яна мае рацыю… Пан Вакульскі (за што я, зрэшты, на яго не крыўдую), сапраўды, даў мне за кабылу шэсцьсот, а распіску ўзяў на восемсот рублёў.

Жэцкі пазелянеў ад злосці.

– Пане бароне, я вельмі шкадую, што гэтак здарылася, але… адзін з нас з’яўляецца ахвяраю містыфікацыі!.. І вось доказ…

Ён дастаў з кішэні два аркушы і адзін з іх падаў Кшэшоўскаму. Барон прагледзеў яго і закрычаў:

– Дык гэта той латруга Марушэвіч?.. Але ж гонарам клянуся, ён аддаў мне толькі шэсцьсот рублёў ды яшчэ распінаўся пра карыслівасць пана Вакульскага…

– А гэта?.. – спытаў Жэцкі, падаючы другую паперку.

Барон агледзеў дакумент з усіх бакоў. Вусны ў яго збялелі.

– Цяпер мне ўсё зразумела, – сказаў ён. – Гэта падробленая Марушэвічам распіска. Я не пазычаў грошай у пана Вакульскага!..

– Тым не менш, пані баранеса назвала нас шахраямі.

Барон падняўся з фатэля.

– Прабач, пан, – сказаў ён. – Ад імя жонкі я ўрачыста прашу прабачэння і, незалежна ад сатысфакцыі, якую гатовы даць панам, зраблю ўсё неабходнае, каб залагодзіць крыўду, учыненую пану Вакульскаму… Так, пане. Я зраблю візіты ўсім сваім знаёмым і заяўлю ім, што пан Вакульскі – джэнтльмен, што ён заплаціў за кабылу восемсот рублёў, і мы абодва сталі ахвярамі інтрыгана Марушэвіча. Кшэшоўскія, пане… пане…

– Жэцкі.

– Шаноўны пане Жэцкі, Кшэшоўскія ніколі і нікога не зневажалі. Маглі памыляцца, але ад няведання, пане…

– Жэцкі.

– Шаноўны пане Жэцкі.

На гэтым размова скончылася. Бо стары крамнік, хоць барон і настойваў, не захацеў больш слухаць апраўданняў і сустракацца з пані баранесай.

Барон, правёўшы Жэцкага, не мог стрымацца, каб у вітальні не азвацца да Леона:

– Гэтыя купцы, аднак, людзі з гонарам.

– Маюць гатоўку, ясны пане, маюць крэдыт, – адказаў Леон.

– Дурань!.. Дык мы ўжо і гонару не маем, як няма крэдыту?..

– Маем, ясны пане, але іншы.

– Спадзяюся, не купецкі!.. – ганарліва адказаў барон.

І загадаў падаць сабе гарнітур для візітаў.

Адразу ад барона Жэцкі накіраваўся да Вакульскага і падрабязна распавёў таму пра махінацыю Марушэвіча, пра скруху барона і, нарэшце, аддаў два фальшывыя дакументы з парадаю звярнуцца ў суд.

Вакульскі слухаў яго з сур’ёзным выглядам, нават ківаў галавою, але глядзеў невядома куды і думаў невядома пра што.

Стары крамнік зразумеў, што няма чаго больш тут рабіць, развітаўся са сваім Стахам і з парога сказаў:

– Я бачу, ты страшэнна заняты, дык лепш адразу даручы справу адвакату.