Выбрать главу

Французы, вядома, зробяць Люлю імператарам, вернуць свае зямлі, заплацяць, уступяць у хаўрус з немцамі, і тады Бісмарк, у якога столькі грошай, пакажа ім сваё майстэрства!

О, Бісмарк – мудры шчупак, і калі ўжо хто, дык толькі ён можа такі план здзейсніць. Я даўно зразумеў, які гэта спрытнюга, і маю да яго слабасць, хоць і таіўся… Гэта, пане, яшчэ кветачкі!.. Ён жанаты з дачкою Путкамера, а вядома, што Путкамеры – радня Міцкевічам. Дык вось, падобна, у яго вялікая любасць да палякаў, і нават сына наступніка нямецкага трону ён раіў вучыць па-польску…

Ну, а калі сёлета вайны не будзе… Тады застанецца толькі нагадаць Лісецкаму байку пра прасцячка! Ён, бедачына, думае, што палітычная мудрасць у тым, каб ні ў што не верыць. Абы-што!.. Палітыка палягае на камбінацыях, якія вынікаюць з натуральнага парадку рэчаў.

Дык няхай жыве Напалеон IV!.. Хоць ніхто сёння пра яго і думаць не думае, але я, прынамсі, упэўнены, што ў гэтым раскідачы ён адыграе галоўную ролю. А як возьмецца за справу, дык не толькі задарма здабудзе Эльзас і Латарынгію, але яшчэ і межы Францыі можа пасунуць да Рэйну. Абы Бісмарк не спахапіўся раней часу і не скеміў, што выкарыстоўваць Банапарта – гэта тое самае, што льва запрагаць у павозку. Мне здаецца нават, што ў адным гэтым Бісмарк пралічыцца. І, праўду кажучы, я не буду шкадаваць, бо ніколі не меў да яго даверу.

- - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - --

Нешта здароўе маё не надта. Не скажу, каб балела мне нешта, але вось так… Хадзіць шмат не магу, апетыт страціў, нават не вельмі хочацца мне пісаць.

У краме ўжо амаль няма чаго мне рабіць, бо там распараджаецца Шлянгбаўм, а я, нібы пятае кола ў возе, заканчваю справы Стаха. Да кастрычніка Шлянгбаўм мусіць канчаткова разлічыцца з намі. Без кавалка хлеба я не застануся, бо пачцівы Стах забяспечыў мяне пажыццёвай пенсіяй у паўтары тысячы рублёў. Але як падумаеш, што хутка застанешся пустым месцам у краме, ніякага права не будзеш мець… Не варта і жыць… Каб не Стах ды Напалеонак… часам, гэтакі гнятлівы настрой, зрабіў бы сабе што… Хто ведае, стары мой сябра Кац, ці не зрабіў ты разумней за ўсіх? Не маеш, праўда, ужо ніякіх надзей, але не баішся ўжо і падману… Я не сцвярджаю, што сам яго баюся, бо, прынамсі, ані Вакульскі, ані Банапарт… Але заўсёды… так нешта…

Які я стомлены, цяжка мне ўжо нават пісаць. Так бы некуды і паехаў… Божа мой, дваццаць гадоў не вытыркаў я носа за варшаўскія рагаткі!.. А гэтак мяне часам цягне хоць раз яшчэ перад смерцю зірнуць на Венгрыю… На даўнія палі бітваў, дзе засталіся косці камрадаў… Гэй, Кац, гэй, Кац!.. памятаеш той дым, той свіст, тыя сігналы?.. Якая трава была тады зялёная і як свяціла нам сонца!..

Няма рады, мушу выбрацца ў падарожжа, паглядзець на горы і лясы, пагрэцца на сонцы, падыхаць паветрам шырокіх раўнін ды пачаць новае жыццё. Можа, нават перабрацца некуды ў правінцыю, бліжэй да пані Стаўскае, бо што яшчэ застаецца пенсіянеру?..

Гэты Шлянгбаўм – дзіўны чалавек. Ніколі б не падумаў, ведаючы яго ўбогім, што ён здольны гэтак задзіраць нос. Як бачу, праз Марушэвіча ён ужо завёў знаёмства з баронамі, праз баронаў – з графамі, і не можа даступіцца яшчэ толькі да князя, які з жыдамі надта ветлівы, але і дужа непрыступны.

І пакуль Шлянгбаўм лычык задзірае, у горадзе на жыдоў – крык. Варта мне зайсці на піва, заўсёды нехта нападае на мяне і сварыцца, што Стах прадаў краму жыдам. Радца наракае, што жыды забіраюць трэцюю частку яго пенсіі. Паслухаць Шпрота, дык справы ў яго не ідуць з-за жыдоў. Лісецкі плача, бо Шлянгбаўм звальняе яго з працы пасля Святога Яна, а Клейн маўчыць.

Ужо і ў газетах пачынаюць пісаць супраць жыдоў, а што яшчэ больш дзіўна, сам доктар Шуман, хоць і старазаконны, завёў раз са мною такую гутарку:

– Пабачыш, пан, праз некалькі гадоў дачакаюцца жыды авантуры.

– Прашу прабачэння, – кажу я, – але ж доктар іх нядаўна хваліў?..

– Хваліў, бо гэта геніяльная раса, але натура ў іх подлая. Уяві сабе, Шлянгбаўмы – стары і малады – хацелі ашукаць мяне… Мяне!

“Ага, – думаю я сабе, – зноў уверыў, як цябе за кішэню памацалі…”

І, праўду кажучы, знелюбіў я Шумана канчаткова.

А што яны плятуць пра Вакульскага!.. Фантазёр, ідэаліст, рамантык… Можа, таму, што ніколі не зрабіў ён свінства.