Калі я пераказаў Клейну тую размову з Шуманам, наш сухарэбры калега адказаў:
– Ён кажа, што праз некалькі гадоў пачнецца авантура з жыдамі?.. Супакой яго, пан, будзе раней…
– Раны Хрыстовы! – кажу я. – Чаму ж яна мае быць?..
– Бо мы добра іх ведаем, хоць яны да нас і падлабуньваюцца… – адказаў Клейн. – Іх голымі рукамі не возьмеш! Але яны пралічыліся. Мы ведаем, на што яны здольныя, каб мелі сілу.
Я лічыў Клейна чалавекам вельмі прагрэсіўным, можа, нават залішне прагрэсіўным, але цяпер думаю: ён сапраўдны цемрашал. Зрэшты, што гэта за “мы”, “нас”?..
І гэта ў стагоддзі, якое надышло пасля XVIII, пасля таго XVIII стагоддзя, якое на сваіх штандарах напісала: вольнасць, роўнасць, братэрства?.. За што тады я біўся з аўстрыякамі, ліха яго бяры?.. За што гінулі мае камрады?..
Смеху варта! Бязглуздзіца нейкая! Усё паправіць імператар Напалеон ІV.
Тады і Шлянгбаўм не будзе гэткім нахабным, і Шуман перастане фанабэрыцца сваім жыдоўствам, і Клейн устрымаецца ад пагрозаў.
І недалёкія гэта часы, бо нават Стах Вакульскі…
Ах, які я стомлены… Мушу некуды паехаць.
- - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - --
Я ж не такі стары, каб думаць пра смерць, але, Божа мой, калі выцягнуць з вады рыбіну, няхай самую маладую ды здаровую, дык здохне яна без уласцівага асяроддзя…
Бадай, і я стаў гэтакай рыбінай, выцягнутай з вады. У краме ўжо пануе Шлянгбаўм і, каб заявіць пра сваю ўладу, выгнаў швейцара ды інкасатара толькі за тое, што яны не выказвалі яму досыць пашаны.
Калі я заступіўся за небаракаў, ён з гневам сказаў мне:
– А паглядзі, пан, як яны мяне трактуюць і як Вакульскага!.. Яны не кланяліся яму гэтак нізка, але кожным рухам, кожным позіркам паказвалі, што пайшлі б за ім у агонь…
– Дык і пан таксама хоча, каб за ім у агонь ішлі? – спытаў я.
– Вядома. Яны ж ядуць мой хлеб, у мяне заробак атрымліваюць! Я ім плачу…
Я думаў, што Лісецкі, які аж пасінеў, слухаючы, што той вярзе, дасць яму поўху. Аднак ён стрымаўся і толькі спытаў:
– А ведаеш, пан, чаму за Вакульскага мы ў агонь пайшлі б?..
– Бо ён мае болей грошай, – адказаў Шлянгбаўм.
– Не, пане. Бо ён мае тое, чаго пан не мае і мець не будзеш, – сказаў Лісецкі і стукнуў сябе ў грудзі.
Шлянгбаўм пачырванеў, як вампір.
– Што?! – закрычаў ён. – Чаго я не маю?.. Мы не можам разам працаваць, пане Лісецкі. Пан абражае мае рэлігійныя абрады…
Я схапіў Лісецкага за руку і пацягнуў за шафу. Усе рагаталі з абразы Шлянгбаўма… Адзін Зэмба (толькі ён застаецца ў краме) натапырыўся і закрычаў:
– Гаспадар мае рацыю… няможна здзекавацца з веравызнання, бо веравызнанне – гэта святая рэч!.. Дзе вольнасць сумлення?.. Дзе прагрэс?.. Цывілізацыя?.. Эмансіпацыя?..
– Лізаблюд паганы, – прамармытаў Клейн і зашаптаў мне на вуха: – Шуман, хіба, мае рацыю, што дачакаюцца яны авантуры… Памятае пан, які ён да нас прыйшоў, а якім стаў?..
Вядома, я прабраў Клейна, бо якое ён мае права страшыць сваіх суграмадзян авантурамі? Не магу, аднак, укрываць перад сабою, што не бачу, як Шлянгбаўм за год змяніўся.
Даўней ён быў рахманы, а сёння – нахабны і пагардлівы. Даўней маўчаў, калі яго крыўдзілі, а сёння сам пачынае бушаваць без дай прычыны. Даўней называўся палякам, а сёння фанабэрыцца сваім жыдоўствам. Даўней ён нават верыў у шляхетнасць ды бескарыслівасць, а цяпер толькі грошы ды сувязі ў яго на языку… Не чакай дабра!..
Калі з пакупнікамі ён прыніжаны, дык графам і нават баронам гатовы пяты лізаць. А ўжо са сваімі падуладнымі ён сапраўдны бегемот. Толькі пырхае ды адтоптвае людзям ногі. Гэта нават непрыгожа… У сваю чаргу, радца, Шпрот, Клейн і Лісецкі не маюць рацыі, калі пагражаюць яму нейкімі авантурамі.
Дык што я значу сёння ў краме пры гэтакім цмоку? Вазьмуся за рахункі, ён мне праз плячо зазірае, аддам нейкае распараджэнне, ён зараз жа яго гучна паўторыць. Выціскае мяне з крамы. Пры знаёмых пакупніках ён любіць казаць: “Мой сябра Вакульскі… мой знаёмы барон Кшэшоўскі… мой крамнік Жэцкі…” А калі мы з ім сам-насам, называе мяне “каханым Жэсем”…
Пару разоў я ў самай далікатнай форме даў яму зразумець, што гэтыя пяшчотныя мянушкі не робяць мне прыемнасці. Але ён, небарака, нават не зразумеў, а я маю звычку доўга чакаць, пакуль пачну лаяцца. Лісецкі спрытны на язык, дык Шлянгбаўм яго шануе.
Але ж меў рацыю Шуман, калі казаў, што мы ад дзядоў і прадзедаў толькі і думаем, як раскідаць грошы, а яны – як іх назапашваць. З гэтага пункту гледжання былі б ужо першымі на свеце, каб людская вартасць вызначалася толькі грашыма. Але якая мне да гэтага справа!..
З-за таго, што ў краме амаль няма ўжо мне працы, усё часцей я задумваюся пра падарожжа ў Венгрыю. Дваццаць гадоў не бачыць ані поля, ані лесу… Страшна падумаць!..