Выбрать главу

Я ўжо пачаў быў рабіць захады наконт пашпарта, думаў, зойме гэта не менш за месяц. Ды тут узяўся за справу Вірскі – шах-мах! – зрабілі мне пашпарт за чатыры дні. Аж я спалохаўся…

Нічога не зробіш, трэба ехаць. Хоць на некалькі тыдняў. Здавалася мне, што яшчэ зборы зоймуць трохі часу… Дзе там!.. Зноў умяшаўся Вірскі і ў адзін дзень купіў мне падарожны куфар, у другі дзень спакаваў рэчы ды кажа: “Едзь!..”

Я аж зазлаваў. Чаго ім, да д’ябла, так карціць мяне пазбыцца?.. Загадаў, на злосць ім, распакаваць рэчы і куфар накрыць дыванам, бо прыкра было глядзець на яго. Але ж, як бы я некуды паехаў! Гэтак бы ехаў…

Мушу, аднак, спачатку акрыяць трохі. Па-ранейшаму няма ў мяне апетыту, марнею, кепска сплю, хоць цэлы дзень і хаджу сонны, часам кружыцца ў мяне галава і калоціцца сэрца… Ат! Усё мінецца…

- - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - --

Клейн таксама ператвараецца ў нядбальца. Спазняецца ў краму, прыносіць нейкія кніжачкі, ходзіць на сустрэчы невядома з кім… Але горш за ўсё, што з грошай, прызначаных яму Вакульскім, узяў ужо тысячу рублёў і патраціў за адзін дзень. На што?..

Тым не менш, ён добры хлопец! А доказам яго пачцівасці ёсць тое, што нават баранеса Кшэшоўская не выгнала яго з дому, дзе ён па-ранейшаму жыве на чацвёртым паверсе: ціхуткі, вады не замуціць.

Каб яшчэ адмовіўся ад тых непатрэбных сувязяў, бо з жыдамі можа і не быць авантуры, але з ім!..

Няхай пан Бог прасвятліць яму розум і беражэ яго.

- - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - --

Смешную і павучальную гісторыю расказаў мне Клейн. Рагатаў я да слёз, а разам з тым атрымаў яшчэ адзін доказ Божае справядлівасці, якая праяўляецца нават у дробных рэчах.

“Нядоўгі трыумф бязбожнікаў,” – вучыць, здаецца, Святое пісанне, а можа, які айцец касцёла. Чые б гэта словы не былі, а яны спраўдзіліся і ў адносінах да баранесы, і да Марушэвіча.

Як усім вядома, баранеса, пазбыўшыся Малескага і Паткевіча, загадала вартаўніку, каб той ні за што на свеце не пускаў у кватэру на чацвёртым паверсе студэнтаў, лепш хай пустая стаіць. Сапраўды, студэнцкі пакой некалькі месяцаў быў незаняты, але хоць пані была задаволеная.

Тым часам вярнуўся да яе муж, барон і, вядома, сам заняўся камяніцаю. А з-за таго, што барону заўсёды не стае грошай, дык не даваў яму спакою і той пусты пакой, і загад баранесы, які змяншаў даход на сто дваццаць рублёў у год.

А яшчэ падбухторыў яго Марушэвіч (яны ўжо памірыліся!..), які зноў пазычае грошы ў Кшэшоўскага.

– Што, барон, – пытаўся ён, – мусіш спраўджваць: кандыдат на кватаранта студэнт або не студэнт? Навошта ўскладняць? Калі прыйшоў не ў мундуры, дык і не студэнт, а калі гатовы за месяц наперад плаціць, дык браць і квіта.

Барона гэтыя парады ўзялі за душу. Загадаў ён тады вартаўніку, каб той, калі трапіцца кватарант, не распытваючы, адпраўляў яго наверх. Вартаўнік, вядома, сказаў гэта сваёй жонцы, а жонка – Клейну, якому хацелася зноў замець прыемных суседзяў.

Дык праз пару дзён пасля гэтага распараджэння з’яўляецца ў барона нейкі прыгажун з дзіўнай фізіяноміяй ды ў яшчэ больш дзіўным убранні: яго сподні не пасавалі да камізэлькі, камізэлька – да сурдута, а гальштук – ні да чаго.

– У доме ёсць кавалерскі пакой, які пан барон здае за дзесяць рублёў у месяц? – пытае прыгажун.

– Так, – кажа барон. – Пан можа паглядзець.

– О, гэта залішне! Я ўпэўнены, што пан барон не будзе здаваць кепскае памяшканне. Ці магу я пакінуць задатак?

– Калі ласка, – адказвае барон. – А паколькі пан давярае майму слову, дык і я не буду патрабаваць больш ніякае інфармацыі ад пана…

– О, калі пан барон жадае…

– Людзям добра выхаваным дастаткова ўзаемнага даверу, – адказаў барон. – Дык спадзяюся, што ані я, ані мая жонка – галоўнае, мая жонка – не будзем мець нагодаў скардзіцца на паноў…

Малады чалавек горача паціснуў яму руку.

– Даю пану слова, – сказаў ён, – мы ніколі не зробім прыкрасці жонцы пана, у якой няслушная прадузятасць…

– Досыць! Досыць, пане… – спыніў яго барон.

Ён узяў задатак і даў распіску.

Калі маладзён пайшоў, ён паклікаў да сябе Марушэвіча.

– Не ведаю, – няўцямна сказаў барон, – ці не зрабіў я глупства… бо ўжо маю кватаранта, але баюся, мяркуючы па апісанні, што гэта можа быць адзін з тых дзецюкоў, якіх выгнала мая жонка…

– Якая розніца! – адказаў Марушэвіч. – Абы плацілі наперад.

На другі дзень зранку перабраліся ў пакой трое маладых людзей, але гэтак паціху, што ніхто іх не бачыў. Нікому і ў галаву не прыходзіла, што па вечарах яны сустракаюцца з Клейнам. А праз некалькі дзён прыбягае да барона моцна раззлаваны Марушэвіч і крычыць: