Вакульскі захадзіў па пакоі.
– Шуман меў рацыю, – сказаў ён. – Расце да іх непрыязь, калі нават ты…
– У мяне няма непрыязі… Я ўжо саступаю месца… Але паглядзі, што робіцца?.. Куды толькі яны ні лезуць, дзе ні паадчынялі свае крамы, да чаго толькі ні цягнуцца іх рукі?.. А кожны яшчэ, варта яму заняць нейкае становішча, валачэ за сабою легіён сваіх, і не лепшых за нас, а горшых. Пабачыш, у што яны ператвораць нашу краму, якія там будуць крамнікі, які тавар… І не паспелі яны прыўлашчыць краму, як ужо плішчацца да арыстакратыі, ужо падбіраюцца да тваёй суполкі…
– Наша віна… наша віна!.. – паўтараў Вакульскі. – Мы не можам забараняць людзям займаць лепшыя пасады, але можам бараніць уласныя.
– Ты сам пакідаеш пасаду.
– Не з-за іх. Яны са мною сумленна абыходзіліся.
– Бо ты ім быў патрэбны. З цябе ды тваіх сувязяў яны зладзілі прыступку…
– Ну, досыць ужо, – спыніў яго Вакульскі, – мы не пераканаем адзін аднаго… Але… але… У мяне тут афіцыйныя паперы пра смерць Людвіка Стаўскага.
Жэцкі падхапіўся з фатэля.
– Мужа пані Гэлены?.. Дзе?.. – захваляваўся ён. – Але ж гэта выратаванне нам усім!..
Вакульскі падаў дакументы, якія Жэцкі схапіў дрыжачымі рукамі.
– Вечны адпачынак і… дзякуй Богу!.. – казаў ён, чытаючы. – Ну, каханы Стах, нічога ўжо не перашкаджае… Ажаніся з ёю… Ах, каб ты ведаў, як яна кахае цябе… Зараз жа паведамлю гаротніцы, а паперы ты сам завязі і… адразу прасі рукі… Я ўжо бачу, што і суполка будзе выратаваная, а можа, і крама… Сотні людзей, якім не будзе ўжо пагражаць галеча, дабраславяць вас… Што за кабета!.. З ёю толькі і знойдзеш ты спакой ды шчасце…
Вакульскі спыніўся перад ім і пахітаў галавою.
– А яна са мною знойдзе шчасце? – спытаў ён.
– Яна шалёна кахае цябе… Ты нават не здагадваешся…
– А ведае яна, каго кахае?.. Ці ты не бачыш, што я ўжо руіна, і найгоршая з руін, бо духоўная… Атруціць некаму шчасце я здолею, але даць… І каб мог я даць яшчэ нешта свету, дык, хіба, грошы ды сваю працу, але… не цяперашнім людзям, зусім іншым.
– Э, суніміся! – выгукнуў Жэцкі. – Ажаніся з ёю і адразу на ўсё іначай паглядзіш…
Вакульскі смутна ўсміхаўся.
– Так… ажаніцца!.. Прывязаць да сябе добрую і нявінную істоту, насмяяцца над высакароднымі пачуццямі, а думкамі быць дзесьці ў іншым месцы… І праз год або два, можа, яшчэ і заявіць, што з-за яе не ажыццявіў вялікія намеры…
– Палітыка? – таямніча прашаптаў Жэцкі.
– Што тая палітыка!.. Ужо меў я час і магчымасці, каб расчаравацца ў ёй… Ёсць нешта больш важнае за палітыку…
– Можа, вынаходніцтва таго Гейста?.. – спытаў Жэцкі.
– А ты адкуль ведаеш?
– Ад Шумана.
– А, праўда!.. Я і забыўся, што Шуман мусіць пра ўсё ведаць. Гэта таксама талент.
– І вельмі прыдатны. А табе вельмі раю: падумай пра пані Стаўскую, бо…
– Ты звядзеш яе?.. – усміхнуўся Вакульскі. – Зводзь, зводзь!.. Гарантую, што бедаваць вам не давядзецца.
– Цьху! Адчапіся!.. Свет бы перакуліўся з ног на галаву, каб гэтакі зносак, як я, думаў пра падобную кабету. Але ёсць нехта больш небяспечны… Мрачэўскі… Шалее за ёю, кажу я табе, і ўжо паехаў да яе трэці ці чацвёрты раз… Сэрца кабеты не камень…
– О, Мрачэўскі! Ён ужо не бавіцца ў сацыялізм?
– Дзе там! Кажа, што варта чалавеку адкласці першую тысячу рублёў ды яшчэ спазнацца з гэткаю прыгожаю кабетаю, як Стаўская, адразу палітыка выветрываецца з галавы.
– Небарака Клейн меў іншае меркаванне, – сказаў Вакульскі.
– Што той Клейн, калі ён такі малахольны!.. Добры хлапец, але які з яго крамнік… Мрачэўскі – вось перліна!.. Прыгажун, па-французску балбатаў, а як на кліентак пазіраў, як вусы падкручваў!.. Гэты не будзе спаць у шапку і выхапіць паню Стаўскую ў цябе з-пад носа… Пабачыш!..
Ён ужо сабраўся ісці, але з парога паўтарыў:
– Ажаніся з ёю, Стах, ажаніся… Ашчаслівіш кабету, выратуеш суполку, можа, і крама не прападзе. Што тыя вынаходніцтвы… Тыя лятальныя машыны… Хоць і яны, можа, прыдаліся б? – дадаў ён задумліва. – Ат! Рабі, як хочаш, але хутчэй вырашай са Стаўскаю, бо я адчуваю, што Мрачэўскі не ўпусціць свайго. Гэта хват! Машыны лятальныя… Уга! Адкуль мне ведаць?.. Можа, і гэта… можа, і гэта на нешта прыдасца.
Вакульскі застаўся адзін.
“Парыж ці Варшава?.. – думаў ён. – Там вялікая мэта, але няпэўная, а тут сотні людзей… На якіх я не магу глядзець…” – дадаў ён праз момант.
Ён падышоў да акна і нейкі час пазіраў на вуліцу, проста каб супакоіцца. Але ўсё яму не падабалася: рух калясак, мітусня пешых, іх заклапочаныя або ўсмешлівыя твары. А найбольш раздражнялі кабеты. Яму здавалася, што кожная – увасабленне недарэчнасці ды фальшу.