“Кожная знойдзе свайго Старскага, раней ці пазней, – думаў ён. – Кожная яго шукае”.
Неўзабаве зноў наведаў Вакульскага Шуман.
– Дарагі мой, – з рогатам закрычаў ён з парога, – нават каб ты выкінуў мяне за дзверы, буду назаляць табе сваімі візітамі…
– Чаму ж, заходзь часцей, – адказаў Вакульскі.
– Дык згодны? Цудоўна!.. Напалову вылечаны… Што значыць моцны мозг, аднак!.. Не мінула і сямі тыдняў цяжкае мізантропіі, а ўжо пачынаеш паблажліва ставіцца да роду людскога ды яшчэ ў маёй асобе… Ха-ха-ха!.. А каб яшчэ ўпусціць у тваю клетку нейкую шыкоўную кабеціну…
Вакульскі збялеў.
– Ну, ну… я ведаю, яшчэ рана… Хоць час ужо выходзіць на людзі. Гэта вылечыла б цябе канчаткова. Бо вазьмі, напрыклад, мяне, – правіў далей Шуман. – Пакуль я сядзеў у чатырох сценах, дык нудзіўся, як д’ябал у званіцы, а ледзьве паказаўся ў таварыстве, як маю ўжо безліч забаваў. Шлянгбаўм стараецца мяне адурыць і толькі дзівуецца, бо кожны дзень пераконваецца, што хоць міна ў мяне гэткая наіўная, але я навылёт бачу ўсе яго намеры. Ажно шанаваць мяне пачаў…
– Досыць сціплая забаўка, – заўважыў Вакульскі.
– Пачакай! Другую ўцеху спраўляюць мне аднаверцы фінансісты, бо ім здаецца, што я надзвычай спрытны дзялок, але яны, нягледзячы на гэта, здолеюць кіраваць мною, як ім захочацца… Уяўляю сабе іх балеснае расчараванне, калі яны пераканаюцца, што я ані надта пранырлівы, ані досыць прастакаваты, каб стаць пешкаю ў іх руках…
– А мяне ж угаворваў увайсці ў хаўрус з імі...
– Гэта іншае. Я і сёння ўгаворваю. На абачлівым хаўрусе з разумнымі жыдамі ніхто ніколі не страціў, прынамсі, у фінансах. Але адна справа быць хаўруснікам, а іншая – пешкаю, якою мяне хочуць зрабіць… Ах, жыдзяры! Вечныя шэльмы, хоць у лапсардаках, хоць у фраках…
– Табе, аднак, не перашкаджае гэта выхваляць іх, нават замірыцца са Шлянгбаўмам?..
– Гэта таксама іншае, – адказаў Шуман. – Жыды, паводле майго меркавання, самая геніяльная раса на свеце, і пры гэтым – мая раса, дык я імі захапляюся і, збольшага, люблю. А што да паразумення са Шлянгбаўмам… Пабойся Бога, Стах! Ці разумна нам грызціся паміж сабою, калі трэба ратаваць гэткую цудоўную справу, як суполка гандлю з імперыяй?.. Ты яе пакідаеш, дык альбо яна прападзе, альбо перахопяць яе немцы, і ў кожным выпадку край страціць. А так і краю нешта перападзе, і нам…
– Усё менш я цябе разумею, – заўважыў Вакульскі. – То жыды вялікія, то жыды шэльмы… Шлянгбаўма трэба не падпускаць да суполкі і, зноў жа, трэба яго туды прыняць… Калі жыды нешта займеюць, дык і край нешта атрымае… Поўны хаос!..
– Мазгі ў цябе, Стах, набакір… Ніякі гэта не хаос, тут усё ясна, як божы дзень… У гэтым краі толькі жыды ствараюць нейкі прамысловы ды гандлёвы рух, дык кожная іх эканамічная перамога – гэта чысты даход для краю… Хіба я не маю рацыі?..
– Мне трэба падумаць пра гэта, – адказаў Вакульскі. – Ну, а якую яшчэ маеш уцеху?
– Найбольшую. Уяві сабе, што пры першых жа чутках пра мае будучыя фінансавыя дасягненні адразу захацелі мяне ажаніць!.. Мяне! З маёю жыдоўскаю пысаю ды лысінаю…
– Хто?.. З кім?..
– Вядома, нашы знаёмыя. А з кім?.. А з кім я захачу. Нават з хрысціянкаю, і з добрае сям’і, абы я пахрысціўся…
– А ты?
– Ведаеш, я гатовы зрабіць гэта з цікаўнасці. Проста каб даведацца, якім чынам будзе пераконваць мяне ў сваім каханні хрысціянка – прыгожая, маладая, добра выхаваная, а перадусім з добрае сям’і?.. Тут ужо бавіцца можна бясконца. Бавіўся б я, гледзячы, як яна завіхаецца, каб займець маю руку і сэрца. Бавіўся б, слухаючы, як яна гаворыць пра сваю ахвярнасць дзеля сям’і, а можа, нават і айчыны. Бавіўся б, нарэшце, назіраючы, як яна будзе ўзнагароджваць сябе за ахвярнасць – ашукае мяне старым спосабам, гэта значыць, патаемна, або новым, гэта значыць, яўна. Можа, нават жадаючы, каб я не звяртаў увагі?..
Вакульскі схапіўся за галаву.
– Жах… – прашаптаў ён.
Шуман скоса пазіраў на яго.
– Стары рамантык!.. Стары рамантык!.. – казаў ён. – Хапаешся за галаву, бо ў тваім хворым уяўленні ўсё яшчэ няволіцца хімера ідэальнага кахання, кабета з анёльскаю душою… Такіх – адна на дзесяць, дык шанцаў дзевяць супраць аднаго, што не знойдзеш такую. А хочаш знаць норму? Дык паглядзі, як жывуць людзі. Або мужчына, нібы певень, улягае за дзясяткамі кабет, або кабета, як ваўчыца ў лютым, вабіць за сабою цэлую зграю ачмурэлых ваўкоў ці сабак… І скажу я табе, няма нічога больш ганебнага, чым бегчы ў такой зграі навыперадкі, чым трапіць у залежнасць ад ваўчыцы… Тады і маёнтак страціш, і здароўе, і сэрца, і энергію, а ўрэшце, і розум… Ганьба таму, хто не здолее выкараскацца з гэткага бруду!