Выбрать главу

Вакульскі сядзеў моўчкі з застылым позіркам. Нарэшце ён ціха прамовіў:

– Маеш рацыю…

Доктар схапіў яго за руку і рэзка патрос са словамі:

– Я маю рацыю?.. Ты гэта кажаш?.. А! Дык ты выратаваны!.. Так, будуць яшчэ з цябе людзі… Плюнь на ўсё, што мінула: і на ўласны боль, і на чужую нікчэмнасць… Знайдзі сабе мэту, хоць якую, і пачні новае жыццё. Памнажай капіталы або рабі цудоўныя адкрыцці, ажаніся са Стаўскаю ці закладзі іншую суполку, абы нечага жадаў і нешта рабіў. Разумееш? І ніколі не дазваляй сабе чапляцца за спадніцу… разумееш? Людзі з тваёй энергіяй загадваюць, а не падпарадкоўваюцца, вядуць, а не ідуць следам… Калі яна, маючы выбар паміж табою ды Старскім, абірае Старскага – гэта доказ, што не вартая яна і Старскага… Вось мой рэцэпт, разумееш?.. А цяпер заставайся здаровы і добра падумай.

Вакульскі не затрымліваў яго.

– Гневаешся, – спытаў Шуман. – Нічога дзіўнага, ускрыў я табе даўні нарыў. Астатняе само загоіцца. Бывай здаровы.

Пасля таго, як доктар пайшоў, Вакульскі адчыніў акно і расшпіліў кашулю. Было яму душна, горача, кроў пульсавала ў скронях. Ён прыгадаў Заславак і падманутага барона, пры якім ён іграў гэткую ж ролю, як сёння Шуман пры ім…

Ён пачаў мроіць, і побач з выявай панны Ізабэлы ў абдымках Старскага ўбачылася яму зграя ваўкоў, якія з высалапленымі языкамі гналіся па снезе за ваўчыцаю… А ён быў адным з іх!..

Зноў ахапіў яго боль, а разам з ім – нянавісць і агіда да самога сябе.

– Які я нікчэмны і дурны!.. – выгукнуў ён і стукнуў сябе па лбе. – Каб усё бачыць, усё чуць і гэтак прыніжацца… Я… я… навыперадкі са Старскім ды яшчэ Бог ведае з кім.

На гэты раз ён смела выклікаў у памяці вобраз панны Ізабэлы і смела пачаў разглядаць яе скульптурныя рысы, попельныя валасы, вочы, якія змянялі колер ад блакітнага да чорнага. І яму здавалася, што на твары, шыі, плячах і грудзях у яе, падобныя на кляймо сляды ад пацалункаў Старскага…

“Меў рацыю Шуман, – падумаў ён. – Сапраўды, я вылечыўся…”

Паволі, аднак, гнеў астыў, а яго месца зноў заняў жаль і смутак.

Некалькі наступных дзён Вакульскі ўжо нічога не чытаў. Ён вёў актыўную перапіску з Сузіным і шмат разважаў.

Ён думаў, што ў цяперашнім сваім становішчы, седзячы амаль два месяцы ў кабінеце, ён ужо перастаў быць чалавекам і пачынае ператварацца ў нейкае падабенства слімака, які прыляпіўся да аднаго месца і без разбору спажывае тое, што трапіцца па волі выпадку.

А што яму трапілася выпадкам?

Спачатку выпадак падсунуў кніжкі. Адны з іх адкрылі яму вочы, што ён Дон Кіхот, а другія абудзілі імкненне да цудоўнага свету, у якім людзі маюць уладу над сіламі прыроды.

Дык ён не хацеў ужо заставацца Дон Кіхотам, а пажадаў мець уладу над сіламі прыроды.

Потым адзін за адным прыходзілі да яго Шлянгбаўм і Шуман, ад якіх ён даведаўся, што дзве жыдоўскія партыі змагаюцца паміж сабою за кіраўніцтва яго суполкаю, калі ён з яе сыдзе… Ва ўсім краі не знайшлося нікога, хто мог бы ажыццяўляць яго ідэі, нікога, апроч жыдоў, якія выступалі, узброеныя каставай нахабнасцю, хітрасцю і жорсткасцю ды яшчэ пераконвалі яго, што ягоны ўпадак, а іхні трыумф будуць карыснымі краю…

Тут ён адчуў гэткую агіду да гандлю, да ўсіх суполак і да ўсіх зыскаў, што аж здзівіўся сам сабе: як ён мог амаль два гады займацца падобнымі рэчамі.

“Здабываў маёнтак дзеля яе!.. – падумаў ён. – Гандаль… Я і гандаль!.. І гэта я назапасіў амаль два мільёны рублёў за два гады, я звязваўся з эканамічнымі шулерамі, я не шкадаваў ні высілкаў, ні жыцця, ну… і выйграў… Я ідэаліст, я вучоны, я той, прынамсі, хто разумее, што і паўмільёна рублёў чалавеку за ўсё жыццё не зарабіць, нават за тры жыцці… Адзінае суцяшэнне, якое засталося мне пасля ўсіх гэтых махінацый, гэта пэўнасць, што я не краў і не падманваў… Бог, відавочна, апякуецца дурнямі…”

Потым, зноў жа выпадак прынёс яму вестку пра смерць Стаўскага ў лісце з Парыжу, і з тае хвіліны ён папераменна згадваў паню Стаўскую і Гейста.

“Праўду кажучы, – думаў ён, – гэты шулерскі выйгрыш варта было б вярнуць грамадзе. Голых і цёмных у нас тут безліч, а людзі бедныя і цёмныя – гэта асаблівы матэрыял… Дзеля гэтага трэба ажаніцца са Стаўскаю. Яна дакладна не толькі не спаралізавала б маіх намераў, але была б вернаю памочніцай. Яна добра ведае, што такое праца ды галеча, і яна такая шляхетная!..”

Гэтак ён разважаў, але адчуваў зусім іншае: пагарду да тых людзей, якіх збіраўся ашчаслівіць. Ён адчуваў, што песімізм Шумана не толькі знішчыў у ім жарсць да панны Ізабэлы, але яшчэ і атруціў яго самога. Не выходзілі з галавы словы, што род людскі складаецца або з курэй, якія круцяцца перад пеўнем, або ваўкоў, якія гоняцца за ваўчыцаю. І куды ні зірні, у дзевяць разоў болей шанцаў, што трапіш на звера, чым на чалавека!..