Выбрать главу

Ён перадыхнуў і працягваў:

– Ну, вось, стаяць яны з пані баранесай пад ручку, глядзяць на наш камень, а самі балбочуць безупынку ды выскаляюцца. Тут Старскі раптам азіраецца. Убачыў ён маю жонку і непрыкметна так усміхнуўся ёй, а яна збялела, як хустка.

“Што з табою, Марыся?..” – пытаю я. А яна: “Нічога…”

Тым часам пані баранеса і гэты басурман збеглі з замкавае гары ды пашыліся ў арэшнік. “Што з табою? – зноў пытаюся ў Марысі. – Ану кажы праўду, бо я заўважыў, што ты з тою халераю знаешся…” А яна села на зямлю і ў плач: “Каб яго Бог пакараў! – кажа. – Гэта ж ён першы мяне згубіў…”

Вакульскі прыкрыў вочы. Венгелек, хвалюючыся, апавядаў:

– Як пачуў я гэта, вяльможны пане, дык думаў, зараз жа палячу за імі ды на месцы, нават пры пані баранесе, затаўку нагамі. Гэтак мяне ўзяло за жывое. Але абдумаўся: “Чаго ж ты, дурань, з ёю ажаніўся? Ведаў жа, што за яна…” Тут сэрца ў мяне зайшлося, аж баяўся спускацца з гары, а на жонку глядзець не мог. Яна кажа: “Злуешся?..” А я ёй: “Пэўна, вы і тут ужо злыгаліся?..” “Богам клянуся, – адказвае яна, – я пасля таго яго не бачыла…” “Але ж добра вы адзін на аднаго наглядзеліся! – кажу я. – Лепш бы ён аслеп, чым глядзець на цябе, хай бы ён здох раней, чым цябе ўбачыў…” А яна плача ды пытае: “За што ты на мяне гневаешся?..” Я тады першы і апошні раз сказаў на яе: “Поскудзь ты і ўсё тут… ” Бо не мог ужо стрываць.

Потым гляджу, ляціць пан барон, а сам душыцца ад кашлю, аж пасінеў, ды пытаецца ў мяне: “Ты, Венгелек, не бачыў маёй жонкі?..” А мне нешта стрэліла адказаць: “Бачыў, ясны пане. Яна ў кусты пайшла з панам Старскім. Яму не стае ўжо грошай на дзевак, дык ён за маладзіц узяўся…” А той як зіркне на мяне, дарма што барон!..

Венгелек крадком выцер вочы.

– Вось такое стала маё жыццё, вяльможны пане. Быў я спакойны, пакуль не ўбачыў палюбоўніка. А цяпер на каго ні зірну, здаецца, кожны мне швагер… Ад жонкі, хоць я і не кажу ёй, адвярнула мяне… гэтак адвярнула… нібы сцяна паміж намі… Нават пацалаваць яе не магу, як колісь, і каб не святая прысяга, дык, прызнаюся пану, плюнуў бы на ўсё ды сышоў у белы свет… А ўсё з-за таго, што прыкіпеў я да яе. Каб не любіў, дык і ні ў галаве было б!.. Гаспадыня яна ўвішная, добра кухарыць, прыгожа шые, сама ціхмяная, як павуцінка, не чуваць яе. Няхай бы нават і залётнікаў мела.

Але ж любіў я яе, дык гэткая крыўда, гэткая злосць, што гары яно ўсё гарам…

Венгелька трэсла ад гневу.

– Спачатку, вяльможны пане, як толькі мы пабраліся, дык спадзяваўся я дзяцей. А цяпер страх бярэ, каб замест свайго не ўбачыць дзіцяці яе залётніка. Бо вядома ж, калі лягавая сука хоць раз знюхаецца з дварняком, дык потым, хоць з найлепшымі ганчакамі яе вяжы, заўсёды ў шчанюках азавецца кроў беспароднага, відаць, надта заглядалася на яго…

– Мне трэба ўжо ісці, – сказаў раптам Вакульскі. – Будзь здаровы… А перад ад’ездам яшчэ зайдзі да мяне.

Венгелек развітаўся з ім вельмі сардэчна, а ў вітальні сказаў лёкаю:

– Нешта пану няможацца… Я ўжо падумаў быў, што ён здаровы, хоць і благі з выгляду, а ён, відаць, слабы… Няхай вамі пан Бог апякуецца!..

– Я ж казаў табе, каб не лез туды і не назаляў размовамі, – пахмурна адказаў лёкай, выпіхваючы яго за парог.

Пасля таго, як Венгелек пайшоў, Вакульскі ўпаў у глыбокую задуменнасць.

“Стаялі насупраць майго каменя і смяяліся!.. – прашаптаў ён. – Нават камень апаганіць! Нявінны камень”.

Нейкую хвіліну яму здавалася, што знайшоў ён сабе мэту, заставалася толькі выбраць: застрэліць Старскага, але спачатку пералічыць яму паіменна ўсіх, каму ён зруйнаваў шчасце, або пакінуць яму жыццё, але давесці да поўнага жабрацтва і ганьбы.

Але ён хутка абдумаўся, нават непрыстойным дзяцінствам здалося яму непакоіцца ды траціць сілы і грошы, каб адпомсціць чалавеку гэткага гатунку.

“Лепш падумаць, як пазбавіцца палявых мышэй або прусакоў, бо яны сапраўдная навала, а Старскі… ліха яго ведае, што ён такое… Зрэшты, не можа чалавек гэтакі абмежаваны прыносіць столькі гора. Ён усяго іскрынка, якая падпальвае гатовы ўжо матэрыял…”

Ён лёг на шэзлонг і думаў:

“Напаскудзіў ён мне, а чаму?.. Меў памагатую, якая вельмі яму пасавала, ну і другую памагатую – маю дурасць. Як можна было не расшалопаць, што яна за кабета, і маліцца на яе толькі з-за таго, што прыкідвалася істотаю вышэйшага парадку?.. Напаскудзіў ён і Дальскаму, але хто вінаваты, што Дальскі на старасці гадоў страціў розум ад асобы, маральныя вартасці якое былі, як на далоні… Прычынаю катастроф на свеце з’яўляюцца не Старскія ці да іх падобныя, а бязмозгасць іхніх ахвяр. І зноў жа, ані Старскі, ані панна Ізабэла, ані пані Эвеліна не зваліліся з месяца, а выхаваліся ў пэўным асяроддзі, у пэўны час і на пэўных уяўленнях. Яны, як высыпка, што сама па сабе не з’яўляецца хваробаю, але гэта прыкмета заражэння крыві грамадства. Чаго ім помсціць, чаго іх нішчыць?..”