Выбрать главу

Аднойчы ён паехаў ажно ў Лазенкі. Больш за тое, нават зазірнуў у алею, якою некалі шпацыраваў з паннаю Ізабэлай. Але тут прывабленыя некім лебедзі расправілі крылы і з шумам рынуліся па вадзе да берага. Гэта звычайная карціна зрабіла страшнае ўражанне на Вакульскага, ён прыгадаў ад’езд панны Ізабэлы з Заслаўка… Як шалёны кінуўся ён уцякаць з парку, ускочыў у брычку і з заплюшчанымі вачыма вярнуўся дадому.

У гэты дзень ён нічым не займаўся, а ўночы меў дзіўны сон.

Сніў ён, што стаіць перад ім панна Ізабэла і са слязьмі на вачах пытаецца: чаму ён яе пакінуў… Бо падарожжа да Скернавіц, яе размова са Старскім ды заляцанні таго былі толькі сном. Бо ўсё гэта ён толькі сніў…

Вакульскі ўскочыў з пасцелі і запаліў святло.

“Што тут сон?.. – пытаў ён. – Падарожжа да Скернавіц ці яе крыўда і дакоры?..”

Да раніцы ён не мог заснуць, мучылі яго пытанні і сумневы надзвычай цяжкія.

“Ці маглі людзі, што сядзяць у кепска асветленым вагоне, адлюстроўвацца ў шыбе, – думаў ён. – І ці бачанае мною тады не было галюцынацыяй?.. Ці я ведаю англійскую мову дастаткова добра, каб не памыліцца ў значэнні некаторых слоў?.. Як я выглядаў у яе вачах, калі зрабіў ёй гэткі страшны афронт без прычыны?.. Бо кузіны, ды яшчэ сябры з маленства, могуць весці нават досыць бессаромныя размовы, не выклікаючы да сябе падазрэнняў...

Што я нарабіў, няшчасны, калі памыліўся пад уплывам неапраўданае рэўнасці!.. Старскі ж быў закаханы ў баранесу, і панна Ізабэла ведала пра гэта, дык мусіла б згубіць апошні сорам, каб зводзіць чужога каханка…”

Потым ён згадаў сваё цяперашняе жыццё: гэткае пустое, гэткае жахліва пустое!.. Ён пакінуў усё, чым займаўся раней, адвярнуўся ад людзей і ўжо не меў наперадзе нічога, абсалютна нічога. Што рабіць?.. Чытаць фантастычныя кніжкі? Ставіць бессэнсоўныя доследы? Паехаць куды? Ажаніцца са Стаўскаю?.. Але на чым бы ён ні спыніўся, куды б ні паехаў, нідзе не пазбудзецца ані тугі, ані адзіноты!

“Ну а барон?.. – спытаў ён сабе. – Ажаніўся са сваёю паннай Эвелінай, і што?.. Сёння думае пра тэхналагічную лабараторыю. Ён, які нават не ведае, хутчэй за ўсё, што значыць тэхналогія…”

Надыход дня і душ асвяжылі думкі Вакульскага.

“У мяне не менш за трыццаць ці сорак тысяч рублёў гадавога даходу. Трачу я на сябе ад двух да трох тысяч. Што рабіць з рэштаю, з маёнткам, які мяне прыгнятае дый годзе?.. Гэтай сумы хапіла б палепшыць побыт тысячам сем’яў, але навошта мне гэта, калі адны будуць няшчаснымі, як Венгелек, а іншыя аддзячаць мне так, як дарожнік Высоцкі?..”

Зноў прыгадаў ён Гейста і яго таямнічую майстэрню, у якой пралупіўся зародак новае цывілізацыі. Укладзеныя туды грошы і праца акупіліся б мільён разоў. Там і каласальная мэта, і занятак на ўсё жыццё, а ў перспектыве – слава ды магутнасць, якіх свет не бачыў. Браняносцы, што падымаюцца ў паветра!.. Ці магло быць нешта больш грандыёзнае?..

“А калі гэты метал знайду не я, а нехта іншы, што вельмі магчыма?..” – пытаў ён сам сябе.

“Ну і што? – адказваў ён сабе. – У найгоршым выпадку я апынуся сярод тых нешматлікіх, хто садзейнічаў адкрыццю. Справа вартая, каб ахвяраваць непатрэбны маёнтак і бессэнсоўнае жыццё. Дык што лепш: змарнавацца тут у чатырох сценах, здзяцінець, гуляючы ў прэферанс, або здабываць нечуваную славу?..”

Паступова ў душы Вакульскага ўсё выразней пачаў вымалёўвацца нейкі план, але чым дакладней ён абдумваў яго, чым больш бачыў у ім вартасцей, тым выразней адчуваў, што для выканання не стае яму ані энергіі, ані стымулу.

Воля яго была спаралізаваная, ажывіць яе магло толькі ўзрушэнне. Тым часам узрушэння не было, а штодзённасць усё глыбей зацягвала Вакульскага ў апатыю.

“Я ўжо не гіну, я проста гнію,” – казаў ён сам сабе.

Жэцкі, які наведваў яго ўсё радзей, глядзеў на яго са страхам.

– Кепска робіш, Стаху, – казаў ён не раз. – Кепска, кепска, кепска!.. Лепш зусім не жыць, чым так жыць…

Аднойчы слуга падаў Вакульскаму канверт, падпісаны жаночаю рукою.

Ён разгарнуў ліст і прачытаў:

“Мушу з панам пабачыцца. Чакаю сёння а трэцяй. Вансоўская”.

“Чаго яна хоча ад мяне?..” – здзівіўся ён.

Але а трэцяй паехаў.

Роўна ў прызначаны час Вакульскі быў у вітальні Вансоўскае. Лёкай, нават не пытаючыся, хто ён такі, адчыніў дзверы ў салон, па якім шыбкім крокам праходжвалася прыгожая ўдава.

Была яна ў цёмнай сукенцы, якая дасканала абмалёўвала яе скульптурную фігуру. Рудыя валасы, як звычайна, былі сабраныя ў пышны вузел, але замест шпількі тырчаў у ім вузкі штылецік з залатым дзяржаннем.