У краму ўвайшло яшчэ некалькі пакупнікоў, да якіх неахвотна звярнуўся Мрачэўскі, павольна завязваючы пакункі.
Панна Ізабэла наблізілася да Вакульскага і, паказваючы ў яго бок парасонам, выразна прамовіла:
– Флора, заплаці, будзь ласкавая, гэтаму пану. Мы вяртаемся дадому.
– Каса тут, – паспяшаўся Жэцкі, падбягаючы да панны Фларэнтыны.
Ён узяў у яе грошы, і абое адышлі ў глыб крамы.
Панна Ізабэла павольна падсунулася да самае канторкі, за якою сядзеў Вакульскі. Твар яе быў без крывінкі. Здавалася, выгляд гэтага чалавека дзейнічае на яе гіпнатычна.
– Ці з панам Вакульскім я размаўляю?
Вакульскі прыўзняўся і абыякава адказаў:
– Гатовы служыць пані.
– Гэта ж пан купіў наш сервіз і срэбра? – запыталася яна глухім голасам.
– Я, пані.
Тут панна Ізабэла завагалася. Праз момант, аднак, яе твар ізноў паружавеў. Яна працягвала:
– Напэўна, пан прадасць гэтыя рэчы?
– Дзеля гэтага я іх і купіў.
Панна Ізабэла пачырванела мацней.
– Пакупнік з Варшавы? – распытвала яна.
– Я прадам гэтыя рэчы не тут, а за мяжою. Там... мне заплацяць больш, – дадаў ён, бо заўважыў у яе вачах сумнеў.
– Пан спадзяецца на добры прыбытак?
– Я і купіў іх, каб атрымаць прыбытак.
– Таму і бацька мой не ведае, што гэтае срэбра апынулася ў пана? – спытала яна іранічна.
У Вакульскага здрыгануліся вусны.
– Я купіў срэбра і сервіз у ювеліра. Таямніцы з гэтага я не раблю. Трэціх асоб у справу не ўмешваю, бо гэтак не робіцца ў камерцыі.
Нягледзячы на рэзкасць яго адказаў, панна Ізабэла ўздыхнула з палёгкаю. Нават вочы яе крыху пацямнелі і страцілі злы бляск.
– А калі б мой бацька перадумаў і пажадаў выкупіць гэтыя рэчы, за які кошт пан бы іх прадаў?
– За той, за які купіў... Зразумела, з налічэннем адсоткаў – прыкладна... ад шасці да васьмі гадавых...
– І пан адмовіўся б ад спадзяванага прыбытку?.. Чаму ж гэта?.. – не дала яна дагаварыць.
– Бо гандаль, пані, засноўваецца не на спадзяваных прыбытках, а на няспынным абароце наяўнага капіталу.
– Да пабачэння і... дзякуй пану за тлумачэнні, – сказала панна Ізабэла, бо заўважыла, што яе спадарожніца ўжо заплаціла.
Вакульскі пакланіўся і зноў сеў за сваю кнігу.
Калі лёкай забраў пакункі і пані селі ў экіпаж, панна Фларэнтына з папрокам прамовіла:
– Ты размаўляла з гэтым чалавекам, Бэла?..
– Так, і не шкадую. Ён хлусіў, але...
– Што значыць гэтае “але”? – з трывогай спытала панна Фларэнтына.
– Не пытайся ў мяне... нічога не кажы мне, калі не хочаш, каб я заплакала на вуліцы...
Пасля кароткае паўзы яна дадала па-французску:
– Зрэшты, можа, я і нядобра зрабіла, што прыехала сюды, але... мне ўсё адно!..
– Я мяркую, Бэла, – сказала яе спадарожніца, з гонарам падціскаючы вусны, – што табе трэба пагутарыць з бацькам або з цёткаю.
– Ты хочаш сказаць, – перапыніла яе панна Ізабэла, – што я павінна пагутарыць з маршалкам альбо з баронам? На гэта заўсёды будзе час, а цяпер мне яшчэ не стае адвагі.
Размова абарвалася. Яны ў маўчанні вярнуліся дадому. Панне Ізабэле цэлы дзень немагчыма было дагадзіць.
Пасля таго, як панна Ізабэла пайшла з крамы, Вакульскі зноў узяўся за рахункі і беспамылкова склаў два доўгія слупкі лічбаў. А палове на трэцюю ён спыніўся ды зноў падзівіўся, як спакойна стала ў яго на душы. Адкуль раптам гэтая абыякавасць пасля цэлага году ліхаманкавай разгубленасці і нуды ўперамешку з выбухамі шаленства? Каб нейкага чалавека нечакана з бальнае залы перанесці ў лес або з задушлівай вязніцы – на шырокі зялёны поплаў, дык не зазнаў бы ён іншых адчуванняў і не было б большым ягонае здзіўленне.
“Відавочна, цэлы год я пакутаваў на нейкае частковае замарачэнне розуму, – думаў Вакульскі. – Не было небяспекі, не было ахвяры, на якую б я не пайшоў дзеля гэтае асобы, але варта было мне яе ўбачыць – і ўсё прайшло...
А як яна размаўляла са мною! Колькі было пагарды да нікчэмнага купца... “Заплаці гэтаму пану!..” Дзіўныя гэтыя свецкія дамы: любы лайдак, шулер, нават злодзей, абы меў высакароднае прозвішча – пасуе ім у кампанію, нават каб тварам ён быў падобны не да роднага бацькі, а да матчынага лёкая. Але купец – гэта парый… Зрэшты, што мне да таго! Хай сабе гніюць у спакоі!”