У гэты момант ранні жоўты матыль праляцеў над ягонай галавою ў бок горада.
“Цікава, адкуль ён узяўся? – падумаў Вакульскі. – У прыродзе бываюць капрызы і, – дадаў ён, – аналогіі. Матылі ёсць і сярод людскога роду: прыгожа расфарбаваныя, яны пырхаюць над паверхняю жыцця, сілкуюцца ласункамі, без якіх гінуць, – вось іх занятак. А ты, чарвяк, свідруй зямлю, перапрацоўвай яе ў глебу, прыдатную на сяўбу. Яны бавяцца, ты працуй. Ім – вольная прастора і святло, а ты цешся адзіным прывілеем – здольнасцю зрастацца, калі цябе незнарок нехта растопча.
Ці ж табе ўздыхаць пра матыля, дурань?.. І дзівіцца, што ён гідзіцца табою?.. Што ж агульнага можа быць паміж мной і ёю?
Ну, вусень таксама падобны да чарвяка, пакуль не ператворыцца ў матыля. Ах, дык ты збіраешся стаць матылём, купчык галантарэйны?.. А чаму не? Няспыннае ўдасканаленне – гэта ўсеагульны закон, і колькі ж купецкіх родаў у Англіі набыло тытулы лордаў!
У Англіі!.. Там грамадства яшчэ перажывае стваральную эпоху; там усё ўдасканальваецца і падымаецца з прыступкі на прыступку. Так, там нават арыстакратыя ўзбагачаецца новымі сіламі. А ў нас вышэйшы клас скамянеў, як вада на марозе, і ператварыўся ў адасобленую касту, нічым не злучанаю з рэштаю грамадства, якога мала што цураецца, дык у дадатак яшчэ ўласнаю змярцвеласцю скоўвае ўсялякі рух знізу. Няма чаго тут падманваць сябе: яна і я – сапраўды істоты двух розных відаў, як матыль і чарвяк. Дык дзеля яе крылцаў я мушу пакінуць сваю нару, пакінуць такіх, як сам, чарвякоў?.. Мае – гэта якраз тыя, што качаюцца там, на сметніку, а можа, яны таму і жабракі, а наперадзе ў іх яшчэ горшае жабрацтва, што мне заманулася марнаваць па трыццаць тысяч у год, каб пабавіцца ў матыля. Дурны гандляр, нягодны чалавек!..
Трыццаць тысяч рублёў – гэта шэсцьдзясят дробных майстэрняў або крамак, з якіх жывуць цэлыя сем’і. І я мушу ахвяраваць іх дабрабытам, вынішчыць іх жывую душу і выгнаць на гэты сметнік?..
Добра, але калі б не яна, ці меў бы я сёння маёнтак?.. Хто ведае, што станецца са мною і з гэтымі грашыма без яе? Можа, якраз дзякуючы ёй яны набудуць стваральную сілу, можа, хоць з дзясятак сям’яў будзе мець карысць?..”
Вакульскі павярнуўся і раптам убачыў на зямлі свой цень. І яму падумалася, што гэты цень ходзіць перад ім, за ім або побач з ім – заўсёды і паўсюдна, як думка пра гэтую кабету хадзіла за ім паўсюдна і заўсёды, наяве і ў сне, ублытваючыся ва ўсе ягоныя мэты, планы і дзеянні.
“Не магу я адмовіцца ад яе!” – прашаптаў ён і развёў рукі, нібы апраўдваючыся перад кімсьці.
Ён падняўся з бярвення і вярнуўся ў горад.
Праходзячы вуліцай Абознай, ён прыгадаў фурмана Высоцкага, у якога здох конь, і перад вачыма ў яго паўстаў доўгі шэраг вазоў з дохлымі коньмі наперадзе кожнага і доўгі шэраг фурманаў, што бядуюць над імі, а побач з кожным – грамадка кволых дзяцей і жонка, якой даводзіцца мыць бялізну тым, каму няма чым плаціць.
“Конь?..” – ціха прамовіў Вакульскі, і сэрца ў яго чамусьці сціснулася.
Аднойчы ў сакавіку, ідучы Алеяй Ерусалімскай, ён убачыў натоўп, чорны воз вугальшчыка, што стаяў упоперак дарогі, а за некалькі крокаў ад яго – выпражанага каня.
– Што здарылася?
– Конь зламаў нагу, – весела адказаў нейкі прахожы з ліловым шалікам на шыі і рукамі, закладзенымі ў кішэні.
Вакульскі мімаходзь зірнуў на вінаватага ў замяшанні. Сухарэбры аблезлы конік стаяў, прывязаны да маладзенькага дрэўца, трымаючы паднятаю заднюю нагу. Стаяў ён ціха, зіркаў на Вакульскага скошаным вокам і ад болю грыз заінелую галінку.
“Чаму менавіта сёння прыгадаўся мне гэты конь? – думаў Вакульскі. – Адкуль такая скруха ў душы?”
Ён задуменна ішоў Абознай вуліцай уверх, адчуваючы, што за тыя некалькі гадзін, якія ён прабавіў каля ракі, у ім нешта змянілася. Даўней – дзесяць гадоў таму, летась, нават яшчэ ўчора, – ідучы вуліцамі, ён не заўважаў на іх нічога асаблівага. Сноўдаліся людзі, ездзілі брычкі, крамы ветліва раскрывалі свае абдымкі мінакам. Але цяпер у яго нібы з’явілася новая здольнасць. Кожны абадранец здаваўся яму істотай, што крыкам крычыць пра ратунак, але – што ўзмацняе гэты крык – без адзінага гуку, а толькі трывожна зіркаючы, як той конь са зламанаю нагою. Кожная бедная кабета здавалася яму прачкаю, што працаю сваіх раз’едзеных мылам рук стараецца ўтрымаць сям’ю на самай мяжы галечы і краху. Кожнае кволае дзіця здавалася яму асуджаным на раннюю смерць або на тое, каб корпацца дзень і ноч у сметніку пры вуліцы Добрай.