І не толькі людзі яго хвалявалі. Ён адчуваў знясіленасць коней, запрэжаных у цяжкія вазы, як баляць ім каркі, да крыві намуленыя хамутамі. Чуў роспач у брэху сабакі, які згубіў на вуліцы свайго гаспадара, і адчай лядашчае сучкі з абвіслымі смочкамі, якая ад канавы да канавы марна шукала спажывы для сябе і сабачанят. І яшчэ, у дадатак да ўсіх пакутаў, балелі яму дрэвы з аблузанаю карою, брук, нібы з выбітымі зубамі, цвіль на сценах, паламаная мэбля і падраная вопратка.
Яму здавалася, што кожная такая рэч – хворая або параненая, і яна скардзіцца: “Глядзі, як я пакутую...”, а ён адзін чуе і разумее гэтыя скаргі. І гэта незвычайная здольнасць адчуваць чужы боль нарадзілася ў ім толькі сёння, гадзіну таму.
Дзіўна! За ім ужо трывала ўсталявалася рэпутацыя шчодрага філантропа. Сябры дабрачынных таварыстваў у фраках дзякавалі яму за ахвяраванні дзеля іх вечна прагных да грошай арганізацый, графіня, удава графа Караля, ва ўсіх салонах апавядала пра тыя грошы, якія ён даў на яе сіроцкі прытулак, слугі і крамнікі праслаўлялі яго за добрыя заробкі, што ён ім плаціў. Але ніякага задавальнення ў Вакульскага гэта не выклікала, бо ён не надаваў гэтаму ніякага значэння. Шпурляў тысячы рублёў у касы афіцыйных дабрачынцаў, каб купіць розгалас, і нават не цікавіўся, куды гэтыя грошы пойдуць.
І толькі сёння, калі ён дзесяццю рублямі выратаваў з бяды чалавека, калі ніхто не мог раструбіць на ўвесь свет пра яго высакароднасць, толькі сёння ён даведаўся, што такое ахвяра. Толькі сёння перад ягоным здзіўленым позіркам паўстала новая, невядомая яму раней частка свету – галеча, якой неабходна дапамога.
“Добра, а няўжо я раней не бачыў галечы?.." – падумаў Вакульскі.
І ён прыгадаў цэлыя шэрагі зняможаных людзей у лахманах, якія шукалі працу, заезджаных коней, згаладалых сабак, дрэвы з абадранаю карою і паламанымі галінамі. Нішто яго раней не ўражвала. І толькі калі моцны асабісты боль пераараў і пераскародзіў ягоную душу, у ёй, палітай уласнай крывёю і нябачнымі свету слязьмі, вырасла небывалая расліна – усёабдымная спагада да людзей, да жывёл, нават да прадметаў, якія называюць нежывымі.
“Доктар сказаў бы, што ў мяне ўтварылася новая клетка ў мазгах або злучыліся некалькі старых”, – падумаў ён.
“Так, а што ж далей?..”
Бо дагэтуль у яго была толькі адна мэта: наблізіцца да панны Ізабэлы. Сёння з’явілася другая: выратаваць ад галечы Высоцкага.
“Гэта проста!..”
“Перавесці ягонага брата ў Скернявіцы”,– дадаў нейкі голас.
“Дробязь”.
Але за гэтымі двума людзьмі адразу паўстала некалькі іншых, за імі – яшчэ некалькі, потым – велізарны натоўп, што змагаецца з нядоляю, і нарэшце ў яго перад вачыма разлілося цэлае мора пакутаў, якое неабходна было памяншаць, колькі хопіць сілы, ці, прынамсі, стрымліваць, каб яно не разлівалася далей.
“Здані... абстракцыі... знерваванасць”, – прамармытаў Вакульскі.
Гэта быў адзін шлях. Бо ў канцы іншага ён бачыў мэту рэальную і ясна акрэсленую: панну Ізабэлу.
“Я не Хрыстос, каб ахвяраваць сабою дзеля ўсяго чалавецтва”.
“Дык спачатку забудзься пра Высоцкіх”, – запярэчыў унутраны голас.
“Абы-што! Які я ні ўзрушаны сёння, але людзей не варта смяшыць, – думаў Вакульскі. – Дапамагу, каму змагу і чым змагу, але ад свайго шчасця я не адмоўлюся. Дарэмна гэта...”
Ён ужо стаяў перад дзвярыма сваёй крамы і ўвайшоў туды.
У краме была толькі адна пакупніца. Гэта была высокая дама неакрэсленага веку ў чорным уборы. Перад ёю ляжала гара нэсэсэраў: драўляных, скураных, плюшавых і металічных, простых і аздобленых, найдаражэйшых і самых танных, а ўсе крамнікі рупіліся ёй дагадзіць. Клейн падаваў усё новыя і новыя нэсэсэры, Мрачэўскі расхвальваў тавар, а Лісецкі акампанаваў яму рукамі і бародкаю. Адзін пан Ігнацы кінуўся насустрач гаспадару.
– Прыйшоў груз з Парыжа, – паведаміў ён Вакульскаму. –Думаю, заўтра трэба забраць.
– Як хочаш.
– З Масквы – замовы на дзесяць тысяч рублёў на пачатак мая.
– Я чакаў іх.
– З Радома – на дзвесце рублёў, але фурман просіць, каб заўтра…
Вакульскі паціснуў плячыма.
– Трэба скончыць з гэтым дробны гандлем, – заўважыў ён у наступны момант. – Прыбытку на грош, а прэтэнзіі надмерныя.
– Скончыць справы з нашымі купцамі?.. – здзівіўся Жэцкі.
– Скончыць справы з жыдамі, – напаўголаса ўставіў Лісецкі. – Вельмі добра гаспадар зробіць, калі адмовіцца ад гэтых пархатых кантрактаў. Іншы раз проста сорамна даваць рэшту, гэтак смярдзяць грошы цыбуляю.