Вакульскі нічога не адказаў. Ён сеў за сваю кнігу і ўдаваў, быццам заняты рахункамі, а сам нічога не рабіў, не меў сілы. Прыгадаў свае нядаўнія мары пра тое, як ашчаслівіць чалавецтва, і вырашыў, што ён, відаць, моцна засмучаны.
“Даў волю сентыментальнасці і фантазіі, – думаў ён. – Кепска. Гэтак можна і зняславіцца, збанкрутаваць...”
І міжволі ён прыглядаўся да незвычайнае дамы, што выбірала нэсэсэр. Яна была сціпла апранутая, валасы гладка зачасаныя. На яе бляклым і пажоўклым твары адбіваўся глыбокі смутак, вусны яна зласліва падціскала, і, хоць апускала вочы, з іх бліскаў то гнеў, то нейкая прыніжанасць.
Гаварыла яна ціха і лагодна, а таргавалася, як сотня скнараў. Адно было занадта дарагое, іншае – залішне таннае, тут плюш выліняў, там скура хутка аблезе, а дзесьці на акоўцы з’явілася іржа... Раззлаваны Лісецкі ўжо адышоў ад яе, Клейн вырашыў адпачыць, і толькі Мрачэўскі размаўляў з ёю, як са знаёмаю.
У гэты момант дзверы крамы расчыніліся, і на парозе з’явіўся яшчэ больш арыгінальны ягамосць. Лісецкі потым параўноўваў яго з сухотнікам, у якога ўжо ў дамавіне адраслі вусы і бакенбарды. Вакульскі заўважыў, што пакупнік нейкі разяваты, а за цёмнымі шкельцамі пенснэ ён носіць вялікія вочы, з якіх праглядае яшчэ большая безуважнасць.
Пакупнік увайшоў, заканчваючы гутарку з кімсьці на вуліцы, але раптам выскачыў, каб развітацца са сваім спадарожнікам, потым зноў увайшоў і зноў выйшаў, задзіраючы галаву, каб прачытаць шыльду. Нарэшце ён увайшоў канчаткова, але дзвярэй за сабою не зачыніў. Выпадкова ён зірнуў на даму – і цёмнае пенснэ зляцела ў яго з носу.
– А-а-а... – вырвалася ў яго.
Але дама рэзка адвярнулася да нэсэсэраў і хутка села на крэсла.
Да госця падбег Мрачэўскі і з нейкай асабліваю ўсмешкаю запытаў:
– Што пан барон загадае?..
– Запінкі, ведае пан, звычайныя запінкі, залатыя або сталёвыя... Толькі, ведае пан, мусяць яны быць у форме жакейскае кепкі і... з пугаю.
Мрачэўскі адчыніў вітрыну з запінкамі.
– Вады... – азвалася дама слабым голасам.
Жэцкі наліў вады з графіна і падаў ёй са спагадаю на твары.
– Пані дабрадзейцы нядобра?.. Можа лекара?..
– Мне ўжо лепш, – адказала яна.
Барон разглядаў запінкі, дэманстратыўна адварочваючыся ад дамы.
– А можа, як пан мяркуе, лепш запінкі ў форме падковаў? – пытаўся ён у Мрачэўскага.
– Думаю, што пану барону патрэбныя і тыя, і другія. Спартоўцы носяць толькі са спартовымі адзнакамі, але любяць разнастайнасць.
– Скажа мне пан, – раптам звярнулася дама да Клейна, – навошта падковы людзям, у якіх няма за што трымаць коней?..
– Ну, дык, – працягваў барон, – я папрашу пана дабраць мне яшчэ пару дробязяў у форме падковы...
– Можа, попельніцу? – падказаў Мрачэўскі.
– Добра, попельніцу, – згадзіўся барон.
– Можа, шыкоўную чарніліцу з сядлом, жакейскаю кепкаю і шпіцрутэнам?
– Калі ласка, шыкоўную чарніліцу з сядлом і жакейскаю кепкаю…
– Скажа мне пан, – гучней звярнулася дама да Клейна, – ці не сорамна вам завозіць такія дарагія цацкі, калі край зруйнаваны? Ці не сорамна купляць скакавых коней...
– Шаноўны пане, – гэтак жа гучна звярнуўся барон да Мрачэўскага, – запакуй усё гэта – запінкі, попельніцу і чарніліцу – ды адпраў мне дадому. У вас цудоўны выбар тавараў... Дзякую сардэчна... Adieu!
І ён выбег з крамы, аднак яшчэ пару раз вяртаўся, разглядаючы шыльду над дзвярыма.
Пасля таго, як арыгінальны барон выйшаў, у краме запанавала ціша. Жэцкі глядзеў на дзверы, Клейн – на Жэцкага, а Лісецкі – на Мрачэўскага, які за спіной у дамы строіў двухсэнсоўныя міны.
Дама павольна паднялася з крэсла і падышла да канторкі Вакульскага.
– Ці магу я запытаць, – прамовіла яна дрыготкім голасам, – колькі пану вінен той пан, які толькі што выйшаў?
– Рахункі паміж тым панам і мною, шаноўная пані, калі б яны існавалі, датычаць толькі нас дваіх, – адказаў Вакульскі з паклонам.
– Пане, – раздражнёна працягвала дама, – я Кшэшоўская, а той пан – мой муж. Яго даўгі для мяне важныя, бо ён завалодаў маімі грашыма, за якія цяпер паміж намі судовы працэс...
– Няхай пані даруе, – перапыніў яе Вакульскі, – але стасункі паміж мужам і жонкаю мяне не датычаць.
– Ах, вось як... Вядома, купцам гэтак выгадней. Adieu!
І яна выйшла, грукнуўшы дзвярыма.
Праз некалькі хвілін пасля яе выхаду ў краму ўбег барон. Ён вызірнуў яшчэ раз-другі на вуліцу, а потым падышоў да Вакульскага:
– Шчыра перапрашаю, – сказаў ён, стараючыся ўтрымаць пенснэ на носе, – але, як сталы кліент пана, дазволю сабе канфідэнцыяльнае пытанне: што казала тая дама, якая толькі што выйшла?.. Моцна перапрашаю, што насмеліўся, але па сакрэце...