“Ага!” – падумаў Вакульскі, развітваючыся з графіняй. Ён адчуваў у гэты момант да яе такую ўдзячнасць, што гатовы быў ахвяраваць на прытулак, якім яна апекавалася, палову свайго капіталу.
Панна Ізабэла злёгку кіўнула яму і зноў паглядзела нейкім, як яму здалося, асаблівым позіркам. А калі Вакульскі знік у прыцемку касцёла, яна звярнулася да графіні:
– Цётачка какетнічае з гэтым панам. Аёй!.. Цётачка, гэта робіцца падазроным...
– Твой бацька мае рацыю, – адказала графіня, – гэты чалавек можа быць карысным. Зрэшты, за мяжою такія знаёмствы паўсюдна прынятыя ў свеце.
– А калі б ад гэтага знаёмства ў яго закружылася галава? – спытала панна Ізабэла.
– Гэтым ён давёў бы, што мае слабую галаву, – адрэзала графіня і ўзялася за малітоўнік.
Вакульскі не выйшаў з касцёла, а збочыў у неф недалёка ад дзвярэй. Каля самае Труны Гасподняе стаяла ў куце пустая спавядальня, якраз насупраць стала графіні. Вакульскі ўвайшоў туды, прычыніў дзверцы і, сам нябачны, пачаў глядзець на панну Ізабэлу.
Яна трымала ў руках малітоўнік, час ад часу пазіраючы на касцельныя дзверы. На яе твары была стомленасць і нуда. Зрэдчас да століка падыходзілі дзеці па абразкі, некаторым панна Ізабэла сама падавала іх такім рухам, нібы хацела сказаць: “Ах, калі ж гэта скончыцца!..”
“І ўсё гэта робіцца не з набожнасці і не з любові да дзяцей, а дзеля розгаласу і дзеля таго, каб выйсці замуж, – падумаў Вакульскі. – Ну і я, – дадаў ён, – нямала раблю дзеля розгаласу і дзеля жаніцьбы. Добры гэты свет! Замест таго, каб проста запытацца: «Кахаеш мяне ці не кахаеш?» альбо: «Хочаш мяне ці не хочаш?» – я выкідаю сотні рублёў, а яна гадзінамі нудзіцца, манернічае і ўдае верніцу.
А каб яна адказала, што не кахае мяне? Ва ўсіх гэтых цырымоніях ёсць і добры бок: яны даюць людзям час і магчымасць пазнаць адно аднаго.
Аднак дрэнна, калі не разумееш ані слова па-англійску... Сёння я ведаў бы, што яна пра мяне думае, бо я ўпэўнены: яна пра мяне казала цётцы. Трэба навучыцца...
Або ўзяць такую цацку, як каляска... Каб у мяне была каляска, я мог бы адвезці яе з цёткаю дадому, і вось яшчэ адзін вузельчык паміж намі... Так, каляска мне ў любым выпадку спатрэбіцца. Гэта лішняя тысяча выдаткаў у год, але што рабіць… Я мушу быць гатовы да ўсяго.
Каляска... англійская мова... больш за дзвесце рублёў на адну квесту!.. І гэта раблю я, нягледзячы на сваю пагарду... А ўласна, на што ж тады мне траціць грошы, як не на тое, каб дамагацца шчасця? Што мне да нейкіх тэорый пра эканомію, калі баліць мне сэрца?..”
Плынь яго думак перапыніла маркотная механічная мелодыя. Гэта грала музычная скрынка. Потым зашчабяталі штучныя птушкі, а калі яны змаўкалі, чулася ціхае цурчанне фантана, шэпты малітваў і ўздыханні вернікаў.
У нефе, пры спавядальні, пры капліцы з Труною Гасподняю відаць былі ўкленчаныя постаці. Некаторыя на каленцах падпаўзалі да распяцця і, пацалаваўшы яго, клалі на паднос медзякі, выцягнутыя з завязанае насоўкі.
У глыбіні капліцы, у струмені святла, ляжаў сярод кветак белы Хрыстос. Вакульскаму здавалася, што ў мігатлівым ззянні свечак твар яго ажывае, выраз яго мяняецца, робіцца то суровым, то літасцівым і ласкавым.
Калі катрынка грала “Лючыю з Ламермура” або калі з сярэдзіны касцёла чуўся звон манет і воклічы па-французску, аблічча Хрыста цямнела. А калі да распяцця набліжаўся нейкі бедачына і жаліўся Укрыжаванаму, Хрыстос размыкаў мёртвыя вусны і ў суправаджэнні плюскату фантана пасылаў яму сваё дабраславенне ды суцяшэнне...
“Дабраславёныя рахманыя... Дабраславёныя жабракі духам...”
Да падноса падышла дзяўчына з моцна нарумяненым тварам. Яна паклала срэбраную дваццацікапеечную манету, але не насмельвалася дакрануцца да крыжа. Тыя, што кленчылі побач, з непрыяззю пазіралі на яе аксамітны каптанік і яркі капялюш. Але калі Хрыстос прашаптаў: “Хто з вас без граху, той няхай першы кіне ў яе камень”, – яна ўпала на падлогу і пацалавала яму ногі, як некалі Марыя Магдалена.
“Дабраславёныя тыя, што прагнуць праўды... Дабраславёныя, што плачуць...”
З глыбокім хваляваннем узіраўся Вакульскі ў натоўп, пагружаны ў касцельную цемру, які з такой цярпліваю вераю ўжо васямнаццаць стагоддзяў чакае здзяйснення божых запаветаў.
“Калі ж гэта будзе!..” – падумаў ён.
“Пашле Сын Чалавечы анёлаў сваіх, і яны збяруць усе злыбеды і тых, хто чыніць беззаконне, як збіраюць пустазелле і паляць яго ў агні”.
Ён міжволі зірнуў на сярэдзіну касцёла. Насупраць пры стале драмала графіня, а панна Ізабэла пазяхала, пры іншым стале тры незнаёмыя яму дамы рагаталі, слухаючы балбатню нейкага франта.