“Іншы свет!.. Іншы свет!.. – думаў Вакульскі. – Што за фатальнасць пхае мяне ў той бок?”
Тут побач са спавядальняю спынілася, а потым апусцілася на калені маладая жанчына. Яна была густоўна апранутая, з ёю была малая дзяўчынка.
Вакульскі прыгледзеўся і ўбачыў, што яна незвычайна прыгожая. Асабліва ўразіў выраз яе твару, нібыта яна прыйшла да Труны Гасподняе не з малітваю, а пра нешта запытацца або паскардзіцца.
Яна перажагналася, але заўважыла паднос і дастала мяшэчак з грашыма.
– Ідзі, Гэленка, – ціха звярнулася яна да дзяўчынкі, – пакладзі гэта на паднос і пацалуй Пана Езуса.
– Няхай мама скажа, куды пацалаваць.
– У ручку і ў ножку…
– І ў тварык?
– У тварык нельга.
– А, чаго там...
Дзяўчынка падбегла да падноса і схілілася над крыжам.
– А вось, мама, – выгукнула яна, вяртаючыся, – я пацалавала, і Езус нічога не сказаў.
– Гэленка, мусіш паводзіць сябе прыстойна, – сказала маці. – Лепш укленчы і адмаўляй пацеры.
– Якія малітвы адмаўляць?
– Тры разы “Ойча наш” і тры разы “Багародзіцу”...
– Так шмат?.. А я такая маленькая...
– Тады адну “Багародзіцу”... Толькі ўкленчы... Глядзі вось туды...
– Ужо гляджу. “Багародзіца панна, цешся...” Мама, гэта птушачкі спяваюць?
– Штучныя птушачкі. Гавары малітву.
– Як гэта штучныя?
– Спачатку скончы малітву.
– Калі я не памятаю, дзе спынілася...
– Дык паўтарай за мною: “Багародзіца панна, цешся...”
– “... у час смерці нашай. Аман”, – скончыла дзяўчынка. – А з чаго робяць штучных птушачак?
– Гэленка, цішэй, бо я цябе не пацалую больш, – ціха сказала засмучаная маці. – Вазьмі кніжку і разглядай малюнкі, як мучылі Госпада нашага Хрыста.
Дзяўчынка ўселася з кніжкаю на прыступках спавядальні і сцішылася.
“Якое мілае дзіця! – думаў Вакульскі. – Каб было маё, дык да мяне, здаецца, зноў вярнулася б душэўная раўнавага, якую я трачу з дня на дзень. І маці – цудоўная кабета. Якія валасы, профіль, вочы... Моліць Бога, каб уваскрэсла шчасце... Прыгожая і няшчасная, відаць, удава.
Вось каб сустрэць мне яе год таму.
Ці ёсць які парадак на гэтым свеце?.. За крок адзін ад аднаго знаходзяцца двое няшчасных: адзін шукае кахання і сям’і, а другая, падобна, змагаецца з нэндзаю і пакутуе без апекі. Кожны з іх мог бы знайсці ў іншым тое, чаго шукае, але ім не наканавана сустрэцца... Адна прыходзіць маліць Бога аб літасці, іншы выкідае грошы дзеля свецкіх сувязяў. Хто ведае, ці некалькі сотняў рублёў не былі б цэлым шчасцем гэтай кабеце? Але ёй не атрымаць гэтых грошай, у наш час Бог не слухае малітвы прыгнечаных.
А каб, аднак, даведацца, хто яна?.. Можа, удалося б ёй неяк дапамагчы. Чаму б не спраўдзіцца ўзнёслым запаветам Хрыста няхай і праз пасярэдніцтва гэтакага недавярка, як я, раз набожныя занятыя іншым?”
Раптам Вакульскаму стала горача... Да століка графіні падышоў элегантны малады чалавек і паклаў нешта на паднос. Пры яго з’яўленні панна Ізабэла паружавела, і вочы яе набылі той асаблівы выраз, які заўсёды так уражваў Вакульскага.
Па запрашэнні графіні малады чалавек сеў у той самы фатэль, на якім толькі што сядзеў Вакульскі, і пачалася жвавая гамонка. Вакульскі не чуў яе зместу, але яму здавалася, што ў ягонай свядомасці нібы агнём нехта выпальвае гэтае аблічча. Каштоўны дыван, срэбраны паднос, завалены грашыма з імперыяламі наверсе, два падсвечнікі, дзесяць запаленых свечак, графіня ў глыбокай жалобе, малады чалавек, што не адводзіць вачэй ад панны Ізабэлы, і яна – вясёлая і шчаслівая. Аніводная дробязь не засталася незаўважанай, нават тое, што водбліскі ад полымя свечак у графіні былі на шчоках, у маладога чалавека – на кончыку носа, а ў панны Ізабэлы – у вачах.
“Ці кахаюць яны адзін аднаго? – думаў ён. – Дык чаму ж ім не пабрацца?.. Можа, у яго няма сродкаў?.. Але, у такім разе, чаму яна так на яго глядзіць?.. Падобныя позіркі яна кідала сёння на мяне. Праўда, панна перад шлюбам павінна мець некалькі альбо і цэлы дзясятак кавалераў ды вабіць іх усіх, каб... прадацца таму, хто дасць больш!”
Вярнуўся дэлегат. Графіня паднялася з фатэля, тое самае зрабілі панна Ізабэла ды прыгожы малады чалавек, і яны ўтраіх з моцным шамаценнем рушылі да дзвярэй, спыняючыся каля іншых столікаў. Маладзёны, што былі там за асістэнтаў, горача віталі панну Ізабэлу, а яна кожнага адорвала тым самым – абсалютна тым самым! – ад якога траціў розум Вакульскі – позіркам. Нарэшце стала ціха: графіня з паннай Ізабэлай пакінулі касцёл.
Вакульскі апрытомнеў і азірнуўся. Прыгожай пані з дзіцём ужо не было.