“Як шкада!..” – ціха прамовіў ён і адчуў, як сэрца злёгку сціснулася.
На доле ля крыжа ўсё яшчэ кленчыла маладая дзяўчына ў аксамітным каптаніку і яркім капелюшы. Калі яна падняла вочы на асветленую Труну, на яе нарумяненых шчоках таксама нешта заблішчала. Яна яшчэ раз пацалавала ногі Хрысту, цяжка паднялася і выйшла.
“«Дабраславёныя, якія плачуць...» Няхай жа хоць табе, прынамсі, памерлы Хрыстос спраўдзіць свой запавет”, – падумаў Вакульскі і выйшаў следам за ёю.
На дзядзінцы ён убачыў, яе дзяўчына раздае міласціну старцам. І яму люта забалела ад думкі, што з дзвюх кабет, з якіх адна жадае прадаць сябе за вялікія грошы, а другая ўжо прадалася за кавалак хлеба, – тую другую, зганьбаваную, нейкі вышэйшы трыбунал можа прызнаць лепшаю і больш чыстаю.
На вуліцы ён дагнаў яе і спытаў:
– Куды ты ідзеш?
На твары ў яе відаць былі сляды слёз. Яна падняла на Вакульскага млявы позірк і адказала:
– Магу пайсці з панам.
– Гэтак ты кажаш?.. Дык хадзем.
Яшчэ не было і пятае гадзіны, быў белы дзень, некалькі мінакоў азірнулася на іх.
“Трэба быць апошнім дурнем, каб рабіць нешта падобнае, – думаў Вакульскі ды ішоў у бок крамы. – Скандалу я не баюся, але д’ябал ведае, што лезе мне ў галаву? Апостальства? Верх ідыятызму! Зрэшты, мне ўсё адно: я толькі выканаўца чужое волі”.
Ён увайшоў у браму дома, дзе знаходзілася крама, і павярнуў да кватэры Жэцкага. Дзяўчына ішла за ім. Пан Ігнацы быў дома і, убачыўшы неверагодную пару, ад здзіўлення замахаў рукамі.
– Ці можаш ты выйсці на пару хвілін? – спытаў яго Вакульскі.
Пан Ігнацы нічога не адказаў. Ён узяў ключ ад тыльных дзвярэй крамы і выйшаў з пакоя.
– Удваіх? – ціха спытала дзяўчына, вымаючы шпількі з капелюша.
– Прашу прабачэння, – перапыніў яе Вакульскі. – Толькі што, мая пані, ты была ў касцёле, праўда?
– Пан мяне бачыў?
– Ты малілася і плакала. Скажаш мне, чым былі выкліканыя твае слёзы?
Дзяўчына здзівілася, але паціснула плячыма і адказала:
– Хіба пан – ксёндз, каб гэта пытацца?
Яна ўважліва паглядзела на Вакульскага і дадала:
– Гэх! Абы галаву дурыць... Жартаўнік!
І памкнулася было выйсці, але Вакульскі затрымаў яе.
– Пачакай. Ёсць нехта, хто хацеў бы дапамагчы табе, дык не спяшайся і адказвай шчыра.
Яна зноў прыгледзелася да яго. Раптам вочы яе заблішчэлі, а твар пачырванеў.
– Ведаю, – выгукнула яна. – Мусіць, пан ад таго старога пана!.. Ён колькі разоў ужо абяцаў узяць мяне да сабе... Ён вельмі багаты? Дзіва што... У калясцы раз’язджае і ў тэатры сядзіць у першым шэрагу.
– Паслухай, – спыніў яе Вакульскі, – адкажы мне, чаго ты плакала ў касцёле?
– А бо, бачыць пан... – пачала дзяўчына і стала распавядаць такую цынічную гісторыю пра нейкія сваркі з гаспадыняй, што, слухаючы яе, Вакульскі змяніўся з твару.
– Вось жывёліна! – ціха прамовіў ён.
– Я пайшла да Труны Гасподняе, – працягвала дзяўчына, – думала крыху развеяцца. Дзе там! Як успомніла пра старую, дык у мяне аж слёзы ад злосці пацяклі. Стала я прасіць Бога, каб або старую хвароба якая задушыла, або мне вырвацца неяк ад яе. І, відаць, пачуў мяне Бог, калі гэты пан хоча мяне забраць.
Вакульскі сядзеў нерухома. Нарэшце ён спытаў:
– Колькі табе гадоў?
– Усім кажу, што шаснаццаць, а так – дзевятнаццаць.
– Хочаш сысці адтуль?
– Хоць у пекла! Так яны мне абрыдзелі... Ды толькі...
– Што?
– Пэўна, нічога не атрымаецца... Сёння я сыду, а пасля святаў вернуць ды яшчэ так паквітаюцца, што зноў тыдзень буду качацца хворая, як пасля Калядаў.
– Не вернуць.
– Акурат! У мяне ж доўг...
– Вялікі?
– Ого!.. Рублёў з пяцьдзясят. Не ведаю нават, адкуль такі ўзяўся, бо за ўсё ўдвая плаціць даводзіцца... Але ёсць… У нас так заўсёды... А яшчэ як пачуюць, што той пан мае грошы, дык скажуць, што я іх абакрала, ды налічаць колькі захочуць.
Вакульскі адчуваў, што адвага пакідае яго.
– Скажы мне: ці згодная ты працаваць?
– А што трэба рабіць?
– Навучышся шыць.
– Не, гэта марная справа. Я ж была ўжо ў швейнай майстэрні. Але на восем рублёў у месяц не пражывеш. Зрэшты, я вартая яшчэ, каб і не абшываць нікога.
Вакульскі падняў галаву.
– Дык ты не хочаш адтуль сыходзіць!
– Хачу!
– Тады вырашай зараз жа. Альбо возьмешся за працу, бо задарма ніхто хлеба не есць...
– Няпраўда, – перапыніла яна. – Той жа стары пан нічога не робіць, а грошы мае. Ён мне сам не раз казаў, што ўжо і я ніякага клопату ведаць не буду...
– Ні да якога старога ты не пойдзеш, а пойдзеш да сясцёр святое Магдалены. Альбо вяртайся туды, адкуль прыйшла.