“Ці не заручыны панны Ізабэлы?” – падумаў Вакульскі, і ў яго пацямнела ў вачах.
– Уяві сабе, пане, што з выпадку твайго наведвання... Чуеш, пане Станіслаў?.. З выпадку твайго візіту я памірыўся з пані Яаннай, маёй сястрой... Але пан збляднеў!.. Сустрэнеш тут шмат знаёмых… Не думай, што арыстакратыя такая страшная...
Вакульскі страпянуўся.
– Пане Ленцкі, – холадна адказаў ён, – мой намёт пад Плеўнаю наведвалі і большыя паны. І яны былі са мною гэткія ветлівыя, што зараз мне не так проста ўзрушыцца ад прысутнасці нават тых значных асобаў, якіх… я не сустрэну ў Варшаве.
– А!.. – выціснуў з сябе пан Тамаш і пакланіўся яму. Вакульскі здзівіўся.
“Які ліслівец! – мільганула яму ў галаве. – І я... я!.. меў бы цырымоніцца з гэткімі людзьмі?..”
Пан Ленцкі ўзяў яго пад локаць і вельмі ўрачыста ўвёў у першы салон, дзе знаходзіліся адны мужчыны.
– Бачыш, пане, вось граф... – пачаў пан Тамаш.
– Я ведаю, – адказаў Вакульскі і дадаў у думках: “Вінен мне рублёў трыста...”
– Банкір... – тлумачыў быў далей пан Тамаш, але не паспеў ён вымавіць прозвішча, як банкір сам паспяшаўся да іх.
Пасля прывітання з Вакульскім ён сказаў:
– Пабойся Бога, пане, з Парыжу страшна прыспешваюць нас з гэтымі бульварамі. Ці пан адказаў ім?
– Я хацеў спачатку паразмаўляць з панам, – прамовіў Вакульскі.
– Дык сустрэнемся дзе-небудзь. Калі пан бывае дома?
– Цяжка сказаць загадзя, я лічу найлепшым сам зайсці да пана.
– Дык прыходзь, пане, да мяне ў сераду, разам паснедаем і дамовімся нарэшце.
Яны развіталіся. Пан Тамаш яшчэ больш далікатна прыціснуў локаць Вакульскага.
– Генерал... – пачаў ён ізноў.
Генерал, які ўбачыў ужо Вакульскага, працягнуў яму руку, і яны прывіталіся, як старыя знаёмыя.
Пан Тамаш рабіўся ўсё больш і больш сардэчны да Вакульскага, са здзіўленнем заўважаючы, што галантарэйны купец знаёмы з самымі вядомымі ў горадзе асобамі, і не знаёмы ён толькі з тымі, хто, маючы тытул або багацце, не абцяжарваў сябе якой-небудзь дзейнасцю.
На ўваходзе ў другі салон, дзе было некалькі дам, іх сустрэла графіня. Паблізу круціўся лёкай Юзаф.
“Расставілі пікеты, каб нуварыш не скампраметаваўся, – падумаў Вакульскі. – Вельмі міла з іх боку, але...”
– Як жа я рада, пане Вакульскі, – сказала графіня, забіраючы яго ў пана Тамаша. – Як я рада, што пан выканаў маю просьбу... Тут якраз знаходзіцца асоба, якая прагне пазнаёміцца з панам.
У першым салоне з’яўленне Вакульскага выклікала сенсацыю.
– Генерал, – звярнуўся да яго граф, – графіня пачынае прымаць у сябе галантарэйных купцоў. Гэты Вакульскі...
– Ён такі самы купец, як я і як пан, – адказаў генерал.
– Скажы, князь, – казаў іншы граф, – як сюды трапіў гэты Вакульскі?
– Яго запрасіла гаспадыня, – адказаў князь.
– Я не маю прадузятасці да купцоў, – працягваў граф, – але гэты Вакульскі падчас вайны займаўся пастаўкамі і нажыў на гэтым капітал...
– Так, так... – не даў яму скончыць князь. – Звычайна падобнага кшталту капіталы падазроныя, але за Вакульскага я паручуся. Графіня размаўляла са мною, а я запытаўся ў афіцэраў, што былі на вайне, у тым ліку і ў свайго пляменніка. Дык вось пра Вакульскага ўсе ў адзін голас кажуць, што пастаўкі, у якіх ён браў удзел, заўсёды былі добрасумленныя. Нават салдаты, атрымліваючы добры хлеб, казалі, што, мусіць, яго пяклі з мукі Вакульскага. Скажу графу больш, – працягваў князь, – Вакульскі, які сваёй сумленнасцю звярнуў увагу самых высокіх асобаў, неаднаразова атрымліваў вельмі панадлівыя прапановы. Сёлета ў студзені прапаноўвалі яму дзвесце тысяч рублёў толькі за шыльду дзеля пэўнага прадпрыемства, і ён адмовіўся...
Граф усміхнуўся і сказаў:
– Меў бы больш на дзвесце тысяч рублёў...
– Меў бы, але не быў бы тут сёння, – адказаў князь, кіўнуў графу і адышоў.
– Стары вар’ят, – пагардліва прамармытаў граф услед князю.
У трэцім салоне, куды ўвайшоў з графіняю Вакульскі, быў буфет з мноствам розных па велічыні столікаў, пры якіх сядзелі запрошаныя – па два, па тры, а дзе і па чатыры. Некалькі лёкаяў разносілі стравы і віно, а кіравала імі панна Ізабэла, якая, відавочна, падмяняла гаспадыню дома. На ёй была светла-блакітная сукенка і буйны жэмчуг на шыі. Яна была такая прыгожая, і такімі велічнымі былі яе рухі, што варта Вакульскаму было зірнуць на яе, як ён скамянеў.
“Нават марыць пра яе не магу...” – у роспачы падумаў ён.
У гэтую хвіліну ён заўважыў у аконнай нішы маладога чалавека, які ўчора быў у касцёле, а цяпер самотна сядзеў пры маленькім століку і не зводзіў вачэй з панны Ізабэлы.