Выбрать главу

Гэй! Кац, калі няма на небе венгерскае пяхоты і таркаванае бульбы, дык дарэмна ты туды паспяшаўся.

А памятаеш генеральную бітву, якую заўсёды згадвалі мы, уздыхаючы, на адпачынках пасля партызанскай страляніны? Я да магілы яе не забуду, а калі запытаецца ў свой час Пан Бог, дзеля чаго я жыў на гэтым свеце… дзеля таго, – адкажу я, – каб быў у мяне адзін такі дзень. Толькі ты разумееш мяне, Кац, бо ўсё адбывалася на нашых вачах. А тады здавалася, што нібыта нічога асаблівага…

За суткі з паловаю да гэтага сабраная была ўся наша брыгада паблізу нейкай венгерскай вёскі, назвы якой я не памятаю. Частавалі нас, аж міла ўспомніць. У віне, не найлепшым, праўда, можна было мыцца, а свежына з папрыкаю ўжо так нам абрыдлі, што і ў рот бы не ўзяў гэтага паскудства, каб, вядома, было што іншае. А якая музыка, а якія дзявухі!.. Цыганы дасканала граюць, а кожная венгерка – сапраўдны порах. Круцілася іх, шэльмаў, усіх разам дзясяткі з два, але зрабілася так горача, што нашы зарэзалі і засеклі трох сялян, а сяляне каламі забілі нашага гусара.

І Бог ведае, чым бы скончылася гэтая так добра пачатая гулянка, каб у самы вэрхал не прымчаў у штаб шляхціц на чацвёрцы ўзмыленых коней. Праз некалькі хвілін па войску разышлася чутка, што паблізу знаходзяцца вялікія масы аўстрыйцаў. Затрубілі збор, вэрхал суняўся, венгеркі зніклі, а ў шэрагах разышлася пагалоска пра генеральную бітву.

– Нарэшце!.. – сказаў ты мне.

У тую ж ноч пасунуліся мы на мілю наперад, цягам наступнага дня – ізноў на мілю. Праз кожныя некалькі гадзін, а пазней нават ужо праз гадзіну, праляталі эстафеты. Гэта было доказам, што паблізу знаходзіцца штаб нашага корпуса і што рыхтуецца нешта сур’ёзнае.

У тую ноч спалі мы ў голым полі, не ставячы нават зброю ў козлы. Як толькі развіднела, рушылі мы наперад: эскадрон кавалерыі з дзвюма лёгкімі гарматамі, потым наш батальён, а потым – уся брыгада з артылерыяй і фургонамі, маючы ўзмоцнены патруль па баках. Эстафеты праляталі ўжо праз паўгадзіны.

Калі ўзышло сонца, мы ўбачылі пры гасцінцы першыя сляды непрыяцеля: параскіданую салому, згаслыя вогнішчы, рэшткі будынін, разабраных на дровы. Потым штораз часцей пачалі мы сустракаць уцекачоў: шляхту цэлымі сем’ямі, святароў розных канфесій, а потым – сялян і цыганоў. На кожным твары была трывога, амаль кожны нешта крычаў нам па-венгерску, махаючы рукамі назад.

Было ўжо амаль сёмая, калі на паўднёва-заходнім баку прагучаў гарматны стрэл. Па шэрагах прабегла:

– Ого! Пачынаецца…

– Не, гэта сігнал…

Грымнулі зноў два стрэлы і зноў два. Эскадрон, які ехаў перад намі, затрымаўся, дзве гарматы і дзве двухколкі са скрынямі амуніцыі галопам паімчалі наперад, некалькі вершнікаў паскакала рыссю на бліжэйшыя пагоркі. Мы спыніліся, і на хвіліну запанавала такая цішыня, што чуваць было тупат шэрае кабылы, на якой імчаў да нас ад’ютант. Яна праляцела паўз нас да гусараў, бакі яе хадзілі, а брухам ледзь не слалася па зямлі.

Тым часам азвалася бліжэй і далей з дзясятак гармат, кожны стрэл можна было адрозніць.

– Намацваюць дыстанцыю! – сказаў стары наш маёр.

– Гармат з пятнаццаць, – прамармытаў Кац, які ў падобныя хвіліны рабіўся больш гаваркі. – А як і мы яшчэ цягнем дванаццаць, дык будзе баль!..

Маёр павярнуўся на кані да нас і ўсміхнуўся ў сівы вус. Я зразумеў, што гэта значыць, калі пачуў цэлую гаму стрэлаў, нібы нехта зайграў на аргане.

– Больш за дваццаць, – сказаў я Кацу.

– Аслы!.. – засмяяўся капітан і прышпорыў каня.

Спыніліся мы на высокім месцы, адкуль было відаць брыгаду, што ішла за намі. Пазначала яе хмара рудога пылу, ён курыўся ўздоўж гасцінца на дзве або нават на тры вярсты.

– Страшная маса войска! – ціха сказаў я. – Дзе ўсё гэта змесціцца!..

Азваліся трубы, і наш батальён падзяліўся на чатыры кампаніі, якія пашыхтаваліся калонамі адна за адной. Першыя плутоны выступілі наперад, мы засталіся ў тыле. Я павярнуў галаву і ўбачыў, што ад галоўнага корпуса аддзяліліся яшчэ два батальёны, якія сышлі з гасцінца і хутка беглі праз поле, адзін справа ад нас, другі злева. За нейкія чвэрць гадзіны яны зраўняліся з намі, яшчэ чвэрць гадзіны адпачывалі і – рушылі мы трыма батальёнамі наперад, нага ў нагу.